Перагаворы магчымы, але…

- 15:08Інфармацыйная гадзіна

ЗША павінны вярнуцца да ядзернай здзелкі з Іранам для аднаўлення перагавораў дзвюх краін. Як паведамляе ТАСС, пра гэта напісаў у Twitter саветнік Прэзідэнта Ірана Хамід Абуталебі.

“Паважанне правоў Ірана, пераадоленне варожасці, вяртанне да выканання ядзернай здзелкі — крокі, якія могуць быць прыняты для таго, каб пракласці звілістую дарогу для перагавораў паміж ЗША і Іранам”, — адзначыў Хамід Абуталебі.

Як паведамляе Euronews, Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 30 ліпеня заявіў, што гатовы сустрэцца з кіраўніцтвам Ірана, калі яны таго захочуць. “Я з імі гатовы сустрэцца, я не ведаю, ці гатовы яны пачаць дыялог, цяпер там цяжкасці. Але я пакончыў з іранскай здзелкай, паколькі яна была бессэнсоўнай. У выніку ўсё роўна яны могуць сесці за стол перагавораў”, — адзначыў амерыканскі лідар.

Некалькі дзён назад Дональд Трамп у Twitter пры гэтым заяўляў, што ў выпадку далейшага ўскладнення сітуацыі Іран можа сутыкнуцца з такімі праблемамі, з якімі гэтая краіна яшчэ ніколі не сутыкалася. На што Прэзідэнт Ірана Хасан Рухані адказаў, што ЗША ў такім выпадку атрымаюць канфлікт, які стане “маці ўсіх войнаў”.

Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа 21 мая заявіў, што ЗША маюць намер аказаць на Іран беспрэцэдэнтны націск, у тым ліку ўвесці самы жорсткі ў гісторыі рэжым санкцый, калі Тэгеран не зменіць свой палітычны курс. Ён выставіў 12 умоў заключэння новага пагаднення па іранскай атамнай праграме, якія тычацца як непасрэдна ядзернай сферы, так і геапалітыкі. ЗША ўказваюць, што Іран у сувязі з магчымым увядзеннем санкцый не зможа больш прадаваць ні кроплі сваёй нафты.