Перагаворы магчымы толькі пры ўмове адмены санкцый і спынення пагроз

- 11:08Інфармацыйная гадзіна

Удзельнікі ядзернай здзелкі з Іранам лічаць, што Тэгеран цалкам выконвае яе ўмовы, і гатовы прадаўжаць супрацоўніцтва з ім у эканамічнай і навукова-тэхнічнай сферах. Пра гэта заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні пасля сустрэчы з прадстаўнікамі пяці краін (Расіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Кітаем, Францыяй), якія ўдзельнічаюць у сумесным усёабдымным плане дзеянняў (СУПД) па іранскай ядзернай праграме, паведамляе ТАСС.

Федэрыка Магерыні зачытала сумесную заяву дзяржаў “пяцёркі”, у якой гаворыцца, што ўдзельнікі СУПД прызналі поўнае выкананне Іранам абавязацельстваў, якія тычацца ядзернай сферы, што пацвярджаецца дакладамі МАГАТЭ.

У дакуменце адзначаецца, што ўдзельнікі СУПД прадоўжаць аказваць падтрымку Ірану ў мадэрнізацыі рэактара, перабудове аб’екта ў Форда ў цэнтр ядзерных тэхналогій і фізічных даследаванняў, а таксама ў праектах у сферы прымянення мірнага атама.

Як паведамляе ВВС, Федэрыка Магерыні заявіла, што ўдзельнікі іранскай ядзернай здзелкі маюць намер ахоўваць свабоду сваіх эканамічных структур у вядзенні законнага бізнесу з Іранам. У прыватнасці, яна анансавала стварэнне новай плацежнай сістэмы для падтрымання бізнесу з Іранам ва ўмовах санкцый ЗША. Сістэма будзе садзейнічаць таму, каб нафтавыя кампаніі і прадпрыемствы прадаўжалі весці гандаль, не разлічваючы на рынак і долар ЗША.

Нагадаем, што ў маі 2018 года Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў аб выхадзе з СУПД, нягледзячы на пацвярджэнні МАГАТЭ аб выкананні Тэгеранам з 2015 года ўсіх узятых на сябе абавязацельстваў у рамках ядзернага дагавора. У жніўні амерыканскі лідар падпісаў указ аб аднаўленні ў два этапы санкцый супраць Ірана.

Вытупаючы на гэтым тыдні на 73-й Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку, Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон прадоўжыць аказваць націск на Іран, паведамляе Euronews.

Амерыканскі лідар заклікаў усе краіны ізаляваць Іран і паабяцаў увесці новыя санкцыі супраць Тэгерана. Ён таксама заявіў, што іранскія ўлады праводзяць на Блізкім Усходзе палітыку “агрэсіі і экспансіі”. “Іранскія лідары сеюць хаос, смерць і разбурэнні. Яны не паважаюць сваіх суседзяў, іх граніцы і суверэнныя правы дзяржаў. Мы просім усе краіны ізаляваць рэжым Ірана, пакуль прадаўжаецца яго агрэсія”, — заявіў Дональд Трамп.

Прэзідэнт ЗША таксама абвінаваціў улады Ірана ў распальванні канфлікту ў Сірыі. Паводле яго слоў, любы варыянт урэгулявання гуманітарнага крызісу ў Сірыі павінен уключаць выпрацоўку стратэгіі адносна Ірана.

Прэзідэнт Ірана Хасан Раўхані ў сваім выступленні на Генасамблеі заявіў, што ЗША не ўтойваюць планаў звергнуць урад у Іране, але пры гэтым запрашаюць яго ўдзельнічаць у перагаворах. Паводле слоў Х.Раўхані, “пачатак дыялогу з ЗША магчымы пасля спынення пагроз і зняцця ўсіх санкцый, якія парушаюць этыку і прынцыпы міжнароднага права”.

“Пазіцыя Ірана зразумелая: ніякай вайны, ніякіх санкцый, ніякіх пагроз, ніякага запалохвання, толькі прытрымліванне законаў і выкананне абавязацельстваў. Іран падтрымлівае мір і дэмакратыю ўсюды на Блізкім Усходзе”, — заявіў Хасан Раўхані.