Пераходны кубак турніру юных фізікаў застаўся ў Ліцэі БДУ

Падведзены вынікі XXI Рэспубліканскага турніру юных фізікаў. Пераходны кубак турніру застаўся ў Ліцэі БДУ.

Дыплом першай ступені заваявала зборная каманда Ліцэя БДУ (53,9 бала). Каманды гімназіі № 29 Мінска (51,7 бала) і Ліцэя БДУ — 10 (51,6 бала) былі адзначаны дыпломамі другой ступені. Дыпломамі трэцяй ступені ўзнагароджаны тры зборныя каманды Мінскай вобласці (Чэрвеньскага раёна, Старых Дарог і Слуцка) і Ліцэя БНТУ. Дзевяць каманд атрымалі пахвальныя водзывы, у іх ліку каманды з гімназіі № 56 Гомеля, ліцэя № 1 Гомеля, Нясвіжскай гімназіі, ліцэя № 1 Баранавіч, гімназіі № 5 Віцебска, гімназіі № 3 Гродна, ліцэя № 1 Мінска, Расонскай сярэдняй школы Віцебскай вобласці і сярэдняй школы № 17 Мінска.

Каманда-пераможца Ліцэя БДУ (не ў поўным складзе): Арцём Буры, Станіслаў Латушка, Аляксей Макарэвіч.XXI Рэспубліканскі турнір юных фізікаў праходзіў на базе Ліцэя БДУ, і ў ім узялі ўдзел 16 каманд (80 навучэнцаў) з 5 абласцей (не было толькі прадстаўнікоў Магілёўскай вобласці) і Мінска. Менавіта сталіца і прысталічная вобласць прадстаўляюць найбольшую колькасць удзельнікаў на турнір: 6 каманд ад Мінска і 4 — ад Мінскай вобласці. Асабліва тут хочацца адзначыць Мінскую вобласць, якая многае робіць для распаўсюджання турнірнага руху сярод устаноў адукацыі рэгіёна: для настаўнікаў фізікі ў МАІРА ладзяцца спецыяльныя курсы і праводзяцца семінары, дзе вырашаецца, як найлепшым чынам падрыхтаваць дзяцей да турнірных баёў; на высокім узроўні праводзіцца абласны турнір юных фізікаў. У гэтым годзе ён быў чацвёрты па ліку і сабраў 13 каманд, перамогу на ім заваявала зборная каманда Чэрвеньскага раёна, якая вызначылася і на рэспубліцы.

Журы рэспубліканскага турніру юных фізікаў, якое ўзначальвае загадчык кафедры камп’ютарнага мадэліравання фізічнага факультэта БДУ, дацэнт, кандыдат фізіка-матэматычных навук А.І.Слабадзянюк, прызначыла некалькі спецыяльных прызоў.
Так, прызам “Самая далёкая каманда” была адзначана каманда з Расон Віцебскай вобласці, якая не першы год прымае ўдзел у рэспубліканскім турніры. Прыз “Самая маладая каманда” атрымала каманда навучэнцаў сярэдняй школы № 17 Мінска, якая складалася з вучняў шостых класаў. У турніры юных фізікаў няма ўзроставагу цэнзу, і ў ім могуць удзельнічаць вучні розных класаў. Галоўнае — любіць фізіку і выдатна ў ёй разбірацца. Трэба адзначыць, што ўпершыню за 21-гадовую гісторыю рэспубліканскага турніру ў ім прымалі ўдзел такія юныя фізікі. Шасцікласнікам было сапраўды складана спаборнічаць з вопытнымі байцамі — старшакласнікамі, але яны годна трымаліся. Два члены каманды нават па выніках чатырох адборачных баёў у індывідуальным заліку занялі 6 і 17 месцы. Пры ўручэнні прыза самая маладая каманда рэспубліканскага турніру запэўніла, што на наступным турніры яны будуць змагацца за прызавое месца. Усё магчыма, калі ёсць жаданне і патэнцыял!
У індывідуальным заліку спецыяльным прызам журы адзначаны навучэнец 10 класа гімназіі № 29 Мінска Антон Хвалюк.

Па выніках турніру сфарміравана зборная каманда Беларусі, якая будзе прадстаўляць нашу краіну на XXVI Міжнародным турніры юных фізікаў, які адбудзецца ў чэрвені на востраве Тайвань. Ужо вядома, што ў каманду ўвойдуць навучэнцы Ліцэя БДУ і гімназіі № 29 Мінска.
Віншуем усе каманды з перамогай і зычым новых поспехаў!

Святлана КІРСАНАВА.

kirsanava@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.