Пераходзіць ад дыскусіі да дзеянняў

Тэхналагічныя трэнды ў адукацыі, лічбавыя кампетэнцыі будучыні, сістэма кіравання адукацыяй у лічбавую эпоху, платформы анлайн-навучання, перспектывы IT-адукацыі ў Беларусі і іншыя актуальныя пытанні былі абмеркаваны на II Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Лічбавая трансфармацыя адукацыі” DTE-2019. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання і прыватнага бізнесу, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і педагогі, а таксама спецыялісты, дзейнасць якіх звязана з распрацоўкай і ўкараненнем інфармацыйных тэхналогій.

Трэнды ў адукацыі

Усе галіны эканомікі перажываюць лічбавую трансфармацыю. І адукацыя не выключэнне. Вось некалькі трэндаў, якія на ўсю моц развіваюцца і рыхтуюцца выйсці на пярэдні план.

Вучні чакаюць больш персаналізаванага падыходу ў навучанні. Яны хочуць вывучаць толькі той матэрыял, які ім цікавы, з тых прылад, з якіх ім гэта зручна рабіць, з таго месца, дзе яны зараз знаходзяцца, і з той хуткасцю, якая камфортная і прымальная менавіта для іх. Школьнікі хочуць узаемадзейнічаць з настаўнікамі і аднакласнікамі не проста ў фармаце класных заняткаў і дамашняй работы, а ў межах лічбавай прасторы.

Сёння вучэбная аўдыторыя перастала быць проста памяшканнем, і ў многіх выпадках яна ператварылася ў набор экранаў і лічбавых сэрвісаў. Тэхналогіі дапоўненай і віртуаль­най рэальнасці пакуль яшчэ вельмі дарагія, каб выкарыстоўвацца паўсюдна, аднак ужо цяпер зразумела, што яны маюць вялікі патэнцыял у сферы адукацыі. Сімулятары рэальнасці дазваляюць зрабіць крок наперад у справе нагляднасці і інтэрактыўнасці вучэбных дапаможнікаў, спрыяюць аб’яднанню людзей з розных канцоў свету ў адным віртуальным класным пакоі.

Выкарыстанне гульнявых элементаў у навучанні ўжо не навіна, віртуальныя гульні даюць магчымасць навучэнцам неадкладна прымяніць веды на практыцы і вырашыць змадэляваныя праблемы. Гульня прадугледжвае неадкладную зваротную сувязь, таму навучэнцы захоўваюць матывацыю і працягваюць гуляць зноў і зноў, спрабуючы розныя варыянты дзеянняў і праверкі гіпотэзы.

Усе пералічаныя вышэй трэнды няўмольна захопліваюць адукацыйны рынак і мяняюць яго. І не варта спадзявацца, што яны абыдуць нас бокам. Але трэба таксама разумець, што нават калі мы абсталюем вучэбныя аўдыторыі суперсучаснай навамоднай тэхнікай, падключым школы да інтэрнэту па высакахуткасным канале сувязі, усё роўна не зменім вучэбны працэс. Для таго каб змяніць парадыгму адукацыі, неабходна змяніць свядомасць педагогаў. 

Што стрымлівае лічбавізацыю?

Дырэктар ГІАЦ Міністэрства адукацыі Павел Ліс закрануў пытанні ўкаранення IT у адукацыйны працэс. Ён абазначыў канкрэтныя чаканні ад лічбавай трансфармацыі. Напрыклад, алічбоўка адукацыйных працэсаў, уберызацыя адукацыі, букінізацыя ўстановы адукацыі, праверка ведаў штучным інтэлектам. Гэта кропкі росту ва ўсім свеце, і ёсць спробы зрабіць гэта ў нас. А пакуль папераабарот ва ўстановах адукацыі па-ранейшаму вялікі. Па-старому вядуцца журналы зыходзячай карэспандэнцыі, улік лісткоў непрацаздольнасці і г.д. Заканадаўча класны журнал рэгламентаваны толькі ў папяровым выглядзе. 

Чаму ж работа ў бок лічбавізацыі рухаецца вельмі марудна? На думку Паўла Ліса, на многіх узроўнях няма разумення неабходнасці лічбавай трансфармацыі, яна ўспрымаецца як чарговая з’ява, задумка, на якую ў хуткім часе пройдзе мода. Таксама прысутнічае жаданне алічбаваць усё, але пры гэтым адсутнічаюць навыкі. Праблемамі з’яўляюцца нізкі ўзровень ўцягнутасці, сляпое прытрымліванне прыкладу іншых краін, гэта значыць хочам укараніць усё і адразу. Перашкаджаюць таксама нізкі ўзровень лічбавай дасведчанасці, перакладанне адказнасці на ІТ-сектар, няўзгодненасць дзеянняў паміж галінамі, непрыняцце інавацый. Сярод стрымліваючых фактараў — няўменне працаваць з негатыўным вопытам і памылкамі, боязь прыняцця рашэнняў або нізкая іх хуткасць.

— Хуткія рашэнні — асноўны рухавік лічбавай трансфармацыі, — лічыць Павел Ліс. — Новыя тэхналогіі развіваюцца імкліва, а мы тармозім іх сваімі рашэннямі, асцярожнасцю, нежаданнем браць адказнасць, у нас гады ідуц­ь на апрабацыю і экспертызы. Напрыклад, з’явілася новая тэхналогія, мы прыходзім з ёй у аддзел або ўпраўленне адукацыі і гаворым: “Трэба яе ўкараняць…” І чуем у адказ: “Трэба падумаць, пратэсціраваць, грошай няма, ды і… адказнасць”.  Лічу, што чалавек, які не хоча брац­ь на сябе адказнасць, нясе яшчэ большую адказнасць за стрымліванне тэхналогій.

Па меркаванні дырэктара ГІАЦ, педагог — галоўны праваднік лічбавай трансфармацыі. Таму ў найбліжэйшы час неабходна вырашац­ь праблемы, звязаныя з фарміраваннем неабходных кампетэнцый у педагогаў. Акадэмія паслядыпломнай адукацыі і рэгіянальныя інстытуты адукацыі павінны падключыцца да гэтай работы.

— Пагадзіцеся, дзіўна, калі маладыя педагогі нават і не спрабуюць выкарыстоўвац­ь на ўроку тэхналогіі. Затое варта школьнікам схіліцца над сшыткамі, як настаўнік тут жа пагружаецца ў свой смартфон. Свае праблемы ён з лёгкасцю вырашае з дапамогай тэхналогій, а вось укараняць іх у вучэбны працэс не жадае. Таму трэба шукаць матывацыю, — лічыць Павел Ліс.

ГІАЦ у гэтым годзе сур’ёзна возьмецца за павышэнне лічбавай дасведчанасці настаўнікаў і іншых работнікаў сістэмы адукацыі. У спецыяль­на створаным для гэтых мэт цэнтры педагогаў збіраюцца вучыць асновам вэб-распрацоўкі і бяспечнай рабоце ў сетцы, даваць паняцце аб рэляцыйных базах даных у інфармацыйных працэсах і тлумачыць, як звыклыя для школьнікаў гаджэты могуць стаць выдатным інструментам для засваення складанага матэрыялу. І што немалаважна, для індывідуаль­нага падыходу да кожнага вучня.

Яшчэ адзін складнік лічбавай трансфармацыі — заканадаўчы. Колькі б мы ні гаварылі аб перавагах электроннага класнага журнала і дзённіка, але пакуль іх афіцыйны статус толькі ў папяровай форме, запаўненне віртуальных успрымаецца настаўнікамі толькі як дадатковая нагрузка.

Па даных Белстата, на пачатак 2019 года практычна ў 100 працэнтах адукацыйных арганізацый выкарыстоўваюцца персанальныя камп’ютары, 97% падключаны да інтэрнэту і ажыццяўляюць абмен інфармацыяй з дапамогай электроннай пошты, месенджараў, сацыяльных сетак і інш. У сувязі з гэтым узнікаюць пытанні інфармацыйнай бяспекі. Начальнік аддзела інфармацыйных тэхналогій і абароны інфармацыі ГІАЦ Максім Багатка засяродзіў увагу прысутных на тых рызыках, з якімі давядзецца сутыкнуцца ў найбліжэйшы час. Асноўныя пагрозы інфармацыйнай бяспекі: крадзеж інфармацыі, халатнасць супрацоўнікаў у арганізацыі, шкоднае праграмнае забеспячэнне. Што тычыцца нашай краіны, то асноўнымі пагрозамі з’яўляецца выкарыстанне неліцэнзійнага праграмнага забеспячэння, шкоднае праграмнае забеспячэнне шляхам перасылкі пісем, спасылак і спам-рассылка. Таму сёння ўзнікае неабходнасц­ь у падрыхтоўцы такіх спецыялістаў, як куратар інфармацыйнай бяспекі, кансультант па бяспецы асабістага профілю, кіберспе­цыяліст.

Электронная Эстонія

Вырашэнне шэрага акрэсленых праблем бачыцца ў стварэнні Рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя (РІАА). На гэтай платформе будуць знаходзіцца патокі даных, рэгістры, статыстыка, аналітыка, тэхнічныя сістэмы (відэаназірання і бяспекі, бухгалтарскага ўліку і маніторынгу і інш.), адукацыйны кантэнт. З дапамогай гэтай пляцоўкі можна будзе хутка вырашаць многія адукацыйныя пытанні. На сёння распрацаваны рэгістр навучэнцаў. З часам ён будзе абрастаць інфармацыяй з моманту рэгістрацыі дзіцяці ў ЗАГСе. Ужо сёлета мадэрнізуюць рэгістр устаноў адукацыі, ідзе работа над рэгіст­рам педагогаў. Гэта стане парасонам над усімі папярэднімі патокамі даных, які будзе даваць любы разрэз статыстыкі і аналітыкі. Пры гэтым будуць прымяняцца іншыя інструменты з мінімізацыяй чалавечага фактару і ручной працы.

Падобная электронная сістэма X-Road працуе ў Эстоніі, прытрымліваючыся прынцыпу: нічога не варта запрошваць двойчы (навошта нагружаць школу падрыхтоўкай чарговай даведкі, калі прадстаўнікі іншых структур, не ўстаючы з-за камп’ютараў, могуць узяць патрэбную інфармацыю з базы). Пра гэта расказаў начальнік аддзела электронных паслуг Міністэрства адукацыі і навукі Эстоніі Андрэс Арэмаа, які падзяліўся вопытам пабудовы лічбавага грамадства.

 Грамадзянам Эстоніі, якая налічвае 1,3 млн чалавек, рэдка даводзіцца стаяць у чэргах. Практычна ўсе дзяржаўныя паслугі прадастаўляюцца праз інтэрнэт з выкарыстаннем хуткадзеючага дзяржаўнага партала e-Estonia.com. Анлайн можна падаць падатковую дэкларацыю, атрымац­ь рэцэпт ад доктара, запісаць дзіця ў школу або аформіць заяўку на атрыманне сацыяльнай дапамогі. Асабістая прысутнасць неабходна толькі пры заключэнні шлюбу, яго скасаванні і куплі кватэры. Ключавым элементам эстонскага лічбавага грамадства з’яўляецца абароненая шыфрам нацыя­нальная ідэнтыфікацыйная карта, якая забяспечвае доступ да ўсіх электронных паслуг. 

Жыццю ў лічбавым грамадстве эстонскіх навучэнцаў узмоцнена вучаць ў школе. Лічбавая кампетэнцыя ў вучэбным плане — асноўная кампетэнцыя, якую неабходна развіваць. Яна складаецца з доступу да інфармацыі, эфектыўнай камунікацыі, стварэння кантэнту, інфармацыйнай бяспекі, вырашэння праблем. Мадэль лічбавай адукацыі ўкараняецца ва ўсіх школах Эстоніі.


Індустрыя тэхналогій мяняецца значна хутчэй, чым сістэма адукацыі. Задача сучаснай адукацыі — вырасціць новую фармацыю лю­дзей, якія будуць адказваць сучасным патрабаванням. А таму спачатку неабходна ўсвядоміць, для чаго нам патрэбны тэхналогіі, падрыхтавац­ь кіраўнікоў і выкладчыкаў, і пад усё гэта арганізаваць тэхнічную інфраструктуру.

Па словах Паўла Ліса, у найбліжэйшых перспектывах трансфармацыі айчыннай адукацыйнай сістэмы: распрацоўка сістэм маніторынгу, паспяховасці, мадэрнізацыя сістэм статыстыкі, аналітыкі, прагназавання,  беспапяровы дакументаабарот, адзіны паштовы карпаратыўны сэрвіс, электронныя плацяжы (сёння ёсць праблемы з аплатай харчавання), дыстанцыйная адукацыя. Адным словам, прыйшоў час ад дыскусіі пераходзіць да дзеянняў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.