Перакананыя прыхільнікі падтрымання і ўмацавання ўсеагульнага міру, стабільнасці і бяспекі

- 10:49Інфармацыйная гадзіна

Беларусь — надзейная апора і сябар Туркменістана ў цэнтры Еўропы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на афіцыйных перагаворах з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым у фармаце сам-насам.

“Вы павінны ведаць, што там, у цэнтры Еўропы, у вас ёсць надзейная апора і надзейныя сябры. Вы можаце разлічваць на Беларусь. Абсалютна ўпэўнены, што так будзе рабіць і кіраўніцтва гэтай цудоўнай зямлі на чале з яго прэзідэнтам, маім даўнім сябрам”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь гатова дзяліцца з Туркменістанам вопытам у самых розных галінах. “Мы супрацоўнічаем у многіх сферах. Паказчыкам заўсёды з’яўляецца тавараабарот. За апошнія гады, літаральна за пяцігодку, мы дасягнулі $300 млн у абароце тавараў і паслуг — гэта вялікія паказчыкі. І мы пакрыху ў гэтым плане прырастаем. Мы знайшлі развязку многім пытанням у гандлі ў гэты няпросты час. Думаю, у гэтым напрамку рухаючыся, мы яшчэ нямала зробім і ў Беларусі, і на туркменскай зямлі”, — упэўнены прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка захапіўся развіццём сталіцы і Туркменістана ў цэлым, падкрэсліўшы асаблівыя поспехі краіны ў сферы эканомікі. “Добра, што нейкую лепту ў гэта ўнеслі і беларусы, пабудаваўшы камбінат (Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат. — Заўв. БелТА.). Адкрыць камбінат і пачаць работу — гэта толькі пачатак. Потым пойдуць будні, трэба рыхтаваць людзей, выходзіць на праектную магутнасць”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Рэалізацыя праекта, як адзначыў прэзідэнт, была няпростай справай, аднак беларускія і туркменскія спецыялісты паспяхова завяршылі будаўніцтва.

У час перагавораў у пашыраным фармаце Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь гатова забяспечыць Туркменістан лагістычнымі цэнтрамі для арганізацыі паставак прадукцыі ў Еўропу.

“Вы можаце прадаваць сваю прадукцыю з тэрыторыі Беларусі на еўрапейскі прэміяльны рынак. Мы забяспечым вас лагістычнымі цэнтрамі, складамі, абсталяваннем — у нас вельмі бурна гэта развіваецца цяпер. Паглядзіце, што вам выгадна ў Еўропе прадаваць, шляхі мы вызначым”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што такой магчымасцю ўжо скарыстаўся Кітай.

Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што многія краіны ўбачылі ў Туркменістане своеасаблівы плацдарм, адкуль можна гандляваць з вялікімі рэгіёнамі, пастаўляючы тавары ў тым ліку ў Іран, Пакістан, Індыю і арабскія краіны. “Вы ўсё зрабілі для таго, каб прыцягнуць сюды не толькі інвестыцыі, але і інтарэсы вядучых краін і кампаній з усяго свету. Гэта дзякуючы вашай ідэі па развіцці лагістыкі, транспартных калідораў”, — адзначыў прэзідэнт.

“Нам трэба вызначыцца і выбраць калідор, па якім павінны перамяшчацца нашы грузы сюды і асабліва адсюль, таму што праз 3—5 гадоў запусцяць буйную нафтахімічную галіну ў выглядзе некалькіх (7—10) заводаў, прадукцыя гэтая нам якраз будзе патрэбна, у тым ліку і на “Магілёўхімвалакне”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я ўжо не гавару пра бавоўну — традыцыйны тавар, які мы па перспектыўных чыгунках, аўтамабільных дарогах можам атрымліваць у Беларусі”.

“Паспяховая рэалізацыя грандыёзнага сумеснага праекта па будаўніцтве Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната яшчэ раз прадэманстравала высокі патэнцыял нашага супрацоўніцтва”, — сказаў таксама Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што работы вяліся сумесна, як бакі і дамаўляліся. “Мы гатовы прадоўжыць работу па суправаджэнні праекта, падрыхтоўцы кадраў, каб вы ніколі не мелі праблем з кадрамі ў гэтай сферы. Вы можаце прыязджаць у любы час да нас, прысылаць любых спецыялістаў для навучання. Мы будзем і тут працаваць у вас, пакуль не выйдзем на праектную магутнасць”, — запэўніў беларускі лідар.

У сваю чаргу Гурбангулы Бердымухамедаў адзначыў, што ўзаемадзеянне паміж дзяржавамі развіваецца вельмі актыўна. “Самае галоўнае — яно з году ў год актывізуецца. Мы ўпэўнены, што выйдзем на высокі ўзровень у пытаннях нашага супрацоўніцтва”, — сказаў ён.

“Туркменістан заўсёды разглядае Беларусь як важнага палітычнага партнёра, паколькі мы свае ідэі ў палітыцы ажыццяўляем як у двухбаковым фармаце, так і ў міжнародных арганізацыях. Самае галоўнае — абедзве краіны з’яўляюцца перакананымі прыхільнікамі падтрымання і ўмацавання ўсеагульнага міру, стабільнасці і бяспекі”, — сказаў Гурбангулы Бердымухамедаў на афіцыйных перагаворах з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у пашыраным фармаце.

Беларусь і Туркменістан, паводле яго слоў, прыхільныя да норм міжнароднага права і сыходзяцца на думцы, што ўсе міжнародныя і ўнутраныя канфлікты павінны вырашацца толькі мірнымі і палітыка-дыпламатычнымі сродкамі.