Пераламаць тэндэнцыю да зніжэння ўзаемнага тавараабароту

- 10:47Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Беларусі і Казахстану неабходна прыняць меры для пераадолення негатыўных тэндэнцый у гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Астане на сустрэчы з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым.

“Наша сустрэча вельмі важная. У сувязі з сітуацыяй на міжнародных рынках, у суседняй Расіі, Украіне (нашы асноўныя партнёры), у нас, у Казахстане і Беларусі, сітуацыя няпростая. І наша даверная, дружалюбная размова заўсёды прыносіла карысць. Думаю, мы сёння дамовімся, як выходзіць з гэтага становішча”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле яго слоў, бакам пакуль не ўдалося пераламаць тэндэнцыю да зніжэння ўзаемнага тавараабароту. “Нам пакуль не ўдаецца ў адваротны бок запусціць працэс, а мы абавязаны гэта зрабіць. Мы блізкія, родныя дзяржавы ў адным эканамічным саюзе. І нам, вядома, трэба фундамент нашых адносін (гандаль, эканоміку) падцягваць. Тым больш мы з вамі ў свой час вызначылі шляхі, па якіх павінны рухацца, і нямала зрабілі ў гэтым напрамку, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Але патрэбны нейкі новы глыток паветра. І мы сёння, як бы ні было складана, павінны даручыць урадам і самі падштурхнуць нашы адносіны, каб хутчэй выйсці з гэтай сітуацыі”.

Што тычыцца міжнароднага парадку дня, Прэзідэнт Беларусі канстатаваў поўнае супадзенне поглядаў дзвюх краін. “Мы вас падтрымліваем у ААН па глабальным дакуменце — маніфесце, які вылучаны вамі. Тут абсалютна няма ніякіх пытанняў”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер вядуцца перагаворы па развіцці навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Казахстанам. “Думаю, мы прыйдзем да пагаднення да часу вашага візіту (у Беларусь. — Заўв. Бел ТА), — дадаў беларускі лідар. — Вельмі шмат напрамкаў, і мы гатовы з казахстанскім бокам працаваць”.

У сваю чаргу Нурсултан Назарбаеў падкрэсліў, што паміж Беларуссю і Казахстанам склаліся блізкія саюзніцкія адносіны. Дзякуючы агульным намаганням, у апошнія гады створана шмат сумесных прадпрыемстваў.

Прэзідэнт Казахстана адзначыў, што, нягледзячы на зніжэнне тавараабароту ў фінансавым выражэнні, яго фізічныя аб’ёмы захаваліся. “Крызіс вечна не бывае, — упэўнены ён. — Цяпер мы вядзём работу па далейшым стратэгічным супрацоўніцтве”.