Друкаваныя СМІ, акрамя абавязаных размяшчаць перадвыбарныя праграмы кандыдатаў у прэзідэнты, маюць права адмовіць у публікацыі гэтых праграм. Аб гэтым заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына.
Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што пастанова ЦВК вызначае абавязак шэрага вядучых друкаваных сродкаў масавай інфармацыі публікаваць бясплатна перадвыбарныя праграмы кандыдатаў. “За выключэннем гэтых друкаваных выданняў усе астатнія газеты могуць прадастаўляць сваю плошчу на камерцыйнай аснове. Вядома, яны могуць прадастаўляць і бясплатна, калі пажадаюць, але тады – усім кандыдатам”, – падкрэсліла яна.
Пры гэтым у рэдакцыі СМІ могуць быць свае падставы для адмовы ў публікацыі перадвыбарнай праграмы. “Напрыклад, рэдакцыя наогул не збіраецца публікаваць палітычную рэкламу або ідэі, абвешчаныя гэтай праграмай, не адпавядаюць рэдакцыйнай палітыцы выдання. Такое права ў газеты ёсць, і гэта не з’яўляецца парушэннем закона”, – заўважыла Лідзія Ярмошына.
Акрамя публікацыі сваіх праграм у друкаваных СМІ, кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы змогуць бясплатна выступіць на “Беларусь 1” з 14 па 25 верасня (з 19.00 да 20.00). Акрамя таго, для кандыдатаў адводзіцца час на радыё – у рабочыя дні з 21 верасня па 2 кастрычніка (6.10 да 7.10).
Тэледэбаты кандыдатаў у Прэзідэнты пройдуць 3 кастрычніка, парадак іх правядзення вызначаецца Белтэлерадыёкампаніяй.
У Наглядальны савет па кантролі за захаваннем парадку і правіл правядзення перадвыбарнай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі пакуль паступіла толькі адна скарга ад патэнцыяльнага кандыдата ў прэзідэнты, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына.
Яна, у прыватнасці, адзначыла, што галоўная функцыя наглядальнага савета – выступаць у якасці эксперта і даваць парады Цэнтрвыбаркаму ў выпадку атрымання адпаведных скаргаў, у тым ліку на незаконныя дзеянні СМІ або на незаконныя дзеянні, з пункту гледжання кандыдатаў, іншых кандыдатаў і іх каманд. “У такім выпадку яны маюць права звярнуцца са скаргай, савет разгледзіць яе і вырашыць, у першую чаргу з пункту гледжання журналісцкай этыкі і закона аб СМІ”, – растлумачыла Лідзія Ярмошына.
Паводле слоў старшыні ЦВК, адна такая скарга паступіла. Яна датычылася некаторых пасажаў у аўтарскай праграме, што выходзіць на беларускім тэлеканале. “Тым не менш гэта выступленне не звязана з выбарчым заканадаўствам. Гэта пытанне павінна быць вырашана ў адпаведнасці з законам аб сродках масавай інфармацыі, і перш за ўсё самім кіраўніцтвам тэлеканала”, – падкрэсліла Лідзія Ярмошына.
У склад Наглядальнага савета ўваходзяць: галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон Васюкевіч, генеральны дырэктар агенцтва “Мінск-навіны” Кацярына Дубінская, першы намеснік галоўнага рэдактара газеты “Советская Белоруссия” Міхаіл Лябедзік, першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі, намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Марат Маркаў, галоўны рэдактар газеты “Белорусская нива” Сяргей Міховіч, адказны сакратар Беларускага саюза журналістаў Сяргей Сверкуноў.
Скаргі ў савет наконт тых ці іншых публікацый СМІ, якія закранаюць інтарэсы тых ці іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты, можна падаваць з самага пачатку выбарчай кампаніі.