Пералік ліцэяў, выпускнікі якіх будуць паступаць ва УВА без экзаменаў, будзе пашыраны

- 14:09Образование

Ужо з гэтага года выпускнікі шэрага ліцэяў устаноў вышэйшай адукацыі маюць магчымасць без экзаменаў пры выдатнай паспяховасці паступаць у адпаведныя ўніверсітэты без экзаменаў, паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец на выніковай калегіі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

З гэтага года ў адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы выпускнікі шэрага ліцэяў устаноў вышэйшай адукацыі маюць магчымасць без экзаменаў пры выдатнай паспяховасці (не ніжэйшай за 8 балаў па ўсіх агульнаадукацыйных прадметах і не ніжэйшай за 9 балаў па профільных) паступаць у адпаведныя ўніверсітэты без экзаменаў. Такіх ліцэяў вызначана тры: БДУ, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і Палескага дзяржуніверсітэта. Мы правялі сур’ёзны аналіз і бачым, што сёння фактычна кожны другі выпускнік гэтых ліцэяў мае права без экзаменаў паступіць у адпаведную профільную ўстанову адукацыі, — расказаў А. Іванец.

Ён адзначыў шырокі выбар спецыяльнасцей, даступны такой катэгорыі выпускнікоў:

— Фактычна яны могуць паступаць без экзаменаў на любую спецыяльнасць, на любы факультэт, дзе профільны прадмет з’яўляецца першым для паступлення і па ім ёсць 9 балаў. Сёння мы праводзім вялікую работу з бацькоўскай грамадскасцю, з самімі выпускнікамі для таго, каб яны маглі выкарыстоўваць такую ўнікальную магчымасць. Мяркуем, пасля прымянення гэтай нормы ў 2023 г. мы прааналізуем і ў наступным годзе распрацуем адзіныя падыходы для вызначэння пераліку гэтых ліцэяў і будзем пашыраць гэтую форму работы.

Яшчэ адзін напрамак — паступленне выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Па словах А. Іванца, больш за 300 дзяцей, якія прайшлі навучанне ўжо ў бягучым годзе, таксама могуць прэтэндаваць на паступленне без экзаменаў як у рэгіянальныя, так і сталічныя ўніверсітэты. Міністэрства адукацыі вызначыла пералік спецыяльнасцей, па якіх навучэнцы могуць быць залічаны.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара