Перамагае прызванне

Упершыню ў Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018 сем дзяўчат з навучальных устаноў педагагічнага профілю спаборнічалі ў прафесійнай кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”. Свае веды, уменні і здольнасці ў дашкольнай адукацыі прадстаўлялі навучэнкі Вольга Ляляўская з Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага, Настасся Мальцава з Сацыяльна-гуманітарнага каледжа МДУ імя А.Куляшова, Лізавета Мачульская з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Аляксандра Пагасай з Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа, Алена Хверась з Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Вераніка Цыкунова з Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы і Дар’я Шлома з Барысаўскага дзяржаўнага каледжа.

Як расказала галоўны эксперт прафесійнай кампетэнцыі дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа К.А.Пятруцкая, прафесійны форум WorldSkills адкрыў новыя магчымасці для папулярызацыі сярод маладых людзей такой прафесіі, як выхавальнік дзіцячага сада. Пляцоўка спаборніцтва ўмясціла ўсе этапы дашкольнай адукацыі, дзе канкурсанткі дэманстравалі сваё майстэрства. Напрыклад, будучым выхавальнікам трэба было паказаць свае веды і ўменні па агульнай і дзіцячай псіхалогіі, дашкольнай педагогіцы, фізічным выхаванні, маўленчым, сацыяльна-камунікатыўным і мастацка-эстэтычным развіцці дзяцей дашкольнага ўзросту; раскрыць свае здольнасці ў арганізацыі выхаваўча-забаўляльных мерапрыемстваў для дашкольнікаў, ва ўзаемадзеянні з бацькамі, у выкарыстанні метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Безумоўна, на вяршыні ўсіх прафесійных уменняў і навыкаў гэтай кампетэнцыі знаходзіцца любоў да дзяцей, педагагічнае прызванне, без якіх немагчыма стаць сапраўдным выхавальнікам.

У час спаборніцтва ўсе канкурсанткі паказалі даволі высокія вынікі. А лепшай за ўсіх была Аляксандра Пагасай з Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа.

Ала КЛЮЙКО.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *