Перамагчы рак і разграміць тэрарыстычныя групоўкі

- 10:21Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт ЗША Барак Абама паставіў перад амерыканскай аховай здароўя задачу перамагчы ракавыя захворванні. Аб гэтым ён заявіў, выступаючы ў Кангрэсе са штогадовым пасланнем “Аб становішчы краіны” — апошнім у яго прэзідэнцкай кар’еры.

У гэтым напрамку будуць прыкладзены “новыя агульнанацыянальныя намаганні”. Іх каардынацыяй зоймецца віцэ-прэзідэнт ЗША Джозеф Байдэн. “Давайце зробім Амерыку краінай, якая раз і назаўсёды вылечыць рак”, — сказаў гаспадар Белага дома.
Акрамя таго, Барак Абама заявіў, што сучасная сістэма міжнароднай бяспекі апынулася цяпер пад пагрозай. Паводле яго слоў, найважнейшай умовай захавання сістэмы міжнароднай бяспекі, што склалася пасля Другой сусветнай вайны, з’яўляецца разгром ІД.
“Прыярытэт нумар адзін — гэта абарона амерыканскага народа і разгром тэрарыстычных сетак”, — падкрэсліў амерыканскі лідар. “Групоўкі “Аль-Каіда” і “Ісламская дзяржава” ўяўляюць прамую пагрозу нашым грамадзянам і павінны быць ліквідаваны”, — заявіў Б.Абама, дадаўшы, што менавіта гэтым цяпер і займаюцца ўзброеныя сілы ЗША ў Іраку, Сірыі, Афганістане і шэрагу іншых краін.
Паводле слоў амерыканскага лідара, Злучаныя Штаты плануюць і далей вырашаць найважнейшыя міжнародныя праблемы не паасобку, а ў складзе кааліцый. Яны лічаць, што такі падыход апраўдаў сябе пры заключэнні здзелкі з Іранам па атаме і павінен быць выкарыстаны пры ўрэгуляванні сірыйскай праблемы.
Аднак, лічыць Б.Абама, нават пры нейтралізацыі ІД у розных рэгіёнах свету яшчэ на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў будзе захоўвацца нестабільнасць. “Нават без ІД нестабільнасць будзе дзесяцігоддзямі захоўвацца ў многіх частках свету — на Блізкім Усходзе, у Афганістане і Пакістане, у раёнах Цэнтральнай Амерыкі, Афрыкі і Азіі”, — лічыць ён.
Гэтае выступленне ў кангрэсе, у якім звычайна задаецца палітычны парадак дня на будучы год, стала апошнім за час знаходжання на пасадзе дзеючага кіраўніка Белага дома. Таму, верагодна, звяртаючыся да Кангрэса, а таксама да ўсіх амерыканцаў, ён пастараўся не толькі зазірнуць крыху наперад, але і падвесці некаторыя папярэднія вынікі свайго знаходжання на прэзідэнцкай пасадзе на працягу двух тэрмінаў.
Між тым Рэспубліканская партыя ЗША абвінаваціла Б.Абаму ў пустаслоўі пасля яго выступлення ў Кангрэсе. Губернатар амерыканскага штата Паўднёвая Караліна Нікі Хейлі, якая выступіла з афіцыйным адказам Рэспубліканскай партыі на штогадовае пасланне прэзідэнта, сказала, што Барак Абама схільны злоўжываць напышлівымі фразамі, аднак так і не змог нічога проціпаставіць пагрозе тэрарызму, з якой сутыкнулася краіна.