Перамагчы страхі перад экзаменамі

- 9:56Псіхолаг у школе, Сацыяльны ракурс

Экзамены — няпросты перыяд у жыцці навучэнца. А раптам штосьці забудзеш, выцягнеш адзіны нявывучаны білет? Каб усё прайшло добра, важна смела і ўпэўнена зірнуць у твар сваім страхам.

Страх 1. Выцягнуць білет, па якім не зможаш адказаць ні слова.

Ёсць людзі, якія вучаць усе білеты. Такія паводзіны характэрны для вельмі педантычных людзей, якія прывыклі ўсё рабіць на выдатна, а за педантычнасцю хаваецца няўпэўненасць у сабе. Тут важнай парадай будзе паверыць у сябе. Зрабіць глыбокі ўдых і… на лёгкім дыханні ўзяцца за адказ. Той, хто рыхтуецца да экзаменаў, усё ж валодае інфармацыяй: няхай і не ведае яе на памяць, але можа на тэму білета паразважаць. Часта выкладчыкі чакаюць не так многа, як здаецца.

Страх 2. Проста выкладчык.

Выкладчык як чалавек аўтарытэтны часам выклікае страх. Гэта інстынктыўная рэакцыя, яшчэ з дзяцінства многія прывыклі так рэагаваць на тых, ад каго залежаць. Навучэнцу варта вызначыцца, кім ён сябе адчувае больш: дзіцем або дарослым? Калі дарослым, то заканамерна, што з выкладчыкам можна размаўляць і адчуваць сябе як роўныя. Гэта не ўдаецца ўсвядоміць? Паспрабуйце сканцэнтравацца не на выкладчыку, а на сваім адказе, уявіце, што вы расказваеце гэта для сябе.

Страх 3. Абавязкова здарыцца нешта дрэннае.

Паспрабуйце сканцэнтравацца на тых спосабах выхаду са складаных сітуацый, што ўяўляюцца ў галаве. Калі зрабіць гэта аднаму складана, тады абмяркуйце з прыяцелямі, магчыма, нехта прыдумае штосьці камічнае. А смех зніме напружанне. Думайце не пра тое, як будзе страшна, калі раптам на экзамене пачняце “плаваць”, а пра тое, як будзеце пры гэтым дзейнічаць, каб выйсці з сітуацыі.

Страх 4. Аддаць лішнія мінуты на падрыхтоўку.

Многія адкладваюць самыя важныя пытанні на апошні дзень, таму не абыходзіцца без бяссоннай ночы і валяр’янкі. Хвалявацца з-за гэтага не трэба. Арганізм кожнага чалавека мае свой рытм, і для многіх сапраўды цяжка і шкодна прымушаць сябе шмат дзён сядзець за кніжкамі. Тое ж самае і з экзаменамі: у стрэсавай сітуацыі арганізм мабілізуецца, і праціўнікі мернага рытму падрыхтоўкі могуць з поспехам запомніць матэрыял, прачытаны ў апошні вечар.

Страх 5. Адчуванне “кашы ў галаве”.

“Каша ў галаве” — гэта сімптом вельмі высокага ўзроўню трывогі. Таму галоўная задача — супакоіцца, а не старацца гэтую “кашу” зрабіць яшчэ больш канцэнтраванай, бясконца гартаючы падручнік. У стане напружання запамінанне неэфектыўнае.

Страх 6. Заклапочанасць адзнакай.

Вобраз жаданай адзнакі пастаянна маячыць на гарызонце. Гэта перашкаджае падрыхтоўцы. Аднак лепшыя вынікі, у тым ліку і адзнакі за экзамен, атрымліваюцца хутчэй у творчым парыве, чым пасля планамернай і педантычнай падрыхтоўкі, хоць пра яе таксама забываць нельга. Імкненне ўсё рабіць на выдатна рана ці позна прыводзіць да неўратызацыі. Трэба дазволіць сабе ў нечым і прайграць, быць менш дасканалым.

Страх 7. Немагчымасць заснуць.

Існуе шмат рэлаксацыйных методык, якія дазваляюць зняць напружанне, напрыклад, рэлаксацыя па Бенсану, але іх не асвоіш так адразу. Добрай альтэрнатывай ім, каб пазбавіцца ад хвалявання, а пасля добра заснуць, можа стаць паход у трэнажорную залу, на ўрок танцаў ці простая прагулка па вуліцы. Таксама неабходна навучыцца пераключаць увагу.

Страх 8. Немагчымасць паесці.

Дрэннае самаадчуванне — зусім не вынік экзамену, што хутка адбудзецца, а толькі вынік вашага псіхалагічнага стану. Трэба прымусіць сябе з’есці хоць што-небудзь хаця б дзеля набыцця сіл, каб дайсці да экзаменацыйнага кабінета.

Страх 9. Падрыхтаваны горш за астатніх.

Незразумелае адчуванне, быццам усе здадуць, а ты — не. Важны момант у гэтай сітуацыі — не параўноўваць сябе з іншымі. Для некага і перачытаныя тамы энцыклапедый — не вычарпальныя веды, а для вас, магчыма, цалкам прачытаны падручнік — ужо дасягненне.

Страх 10. Не паспець вывучыць.

Каб мець уяўленне аб матэрыяле, дастаткова адзін раз яго прачытаць. Многія чытаюць па дзесяць разоў, нервуюцца і ў выніку нічога не запамінаюць. Пастарайцеся не думаць, які працэнт ужо вывучаны, каб не запаўняць непатрэбнымі думкамі галаву, якую перад экзаменам мэтазгодней запоўніць ведамі.

Таццяна УШАКЕВІЧ, 
загадчыца псіхалагічнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага 
цэнтра псіхіятрыі і псіхатэрапіі.