Перамагчы сябе

- 11:19Людзі адукацыі

Далёка не кожны 24-гадовы педагог можа пахваліцца такой значнай скарбонкай прафесійных дасягненняў, як у настаўніцы фізічнай культуры і здароўя Дар’і Сяргееўны Несцярук з сярэдняй школы № 10 Брэста: магістр педагагічных навук, двухразовая чэмпіёнка Еўропы, прызёр чэмпіянату свету па спартыўнай акрабатыцы, майстар спорту міжнароднага класа, стыпендыят Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, сертыфікаваны інструктар па фітнесе… Усяго гэтага дзяўчына дасягнула дзякуючы настаўнікам-прафесіяналам, фанатам сваёй справы, якія суправаджалі яе з дзяцінства.

У педагагічнай дзейнасці Дар’я Сяргееўна кіруецца словамі К.Д.Ушынскага: “Толькі асоба можа выхаваць асобу”. Захапіць іншых, як ­лічыць выпускніца факультэта фізічнага выхавання БрДУ імя А.С.Пушкіна, можна толькі тады, калі з’яўляешся майст­рам справы, якую шчыра любіш.

— На прафесійны выбар паўплываў самы блізкі і дарагі чалавек — мама, якая больш за 20 гадоў працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў той жа школе, што і я, — прызнаецца Д.С.Несцярук. — Яна надзвычай актыўны, энергічны, жыццярадасны, мэтанакіраваны, ініцыятыўны і творчы чалавек з мноствам цікавых ідэй, вартых увасаблення ў рэальнасць. Заўсёды ў руху і ў добрым настроі. Яе энтузіязм перадаецца многім, у тым ліку мне. Дзякуючы маці, з маленства ведаю, што такое калектыўныя творчыя справы і прынцып “роўны навучае роўнага”, як правесці гульню-падарожжа па станцыях і хутка арганізаваць вучняў для выканання цікавай і карыснай справы. Разам з мамай стала фіналістам гарадскога конкурсу “Дуэт-лідар”, удзельнічала ў Рэспубліканскім конкурсе “Прававы калейдаскоп” і Міжнародным форуме “Кірмаш ідэй” у Мінску.

Але не толькі маці была для Дар’і Сяргееўны прыкладам для пераймання. У кіраўніка тэатра танца “Фантазія” Марыну Сяргееўну Горбікаву дзяўчына ўлюбілася з першага погляду. Прыцягвала ўсё: знешні выгляд, стыль адзення, паводзіны, тэмбр голасу, лексіка, асаблівасці выказванняў… Гэта, на думку педагога, станоўча ўплывала не толькі на добрыя зносіны, але і на імідж. Ад Марыны Сяргееўны маладая настаўніца пераняла шмат прафесійных хітрыкаў.

Вялікую ролю ў станаўленні Д.С.Несцярук адыграла і трэнер-выкладчык Ірына Пятроўна Глушко, дзякуючы якой сфарміраваліся такія важныя якасці, як адказнасць, сабранасць, упэўненасць у сабе, настойлівасць, імкненне да перамогі, найперш над сабой. Гэтыя якасці характару дапамаглі Дар’і Сяргееўне дасягнуць высокіх вынікаў у спорце. Гэтыя ж якасці педагог выхоўвае на ўроках і ў сваіх вучняў, якім дапамагае паверыць ва ўласныя сілы.

— Імкнуся навучыць дзяцей таму, што ведаю і ўмею сама, — гаворыць Д.С.Несцярук. — Бяру прыклад з навуковага кіраўніка ў магістратуры, дацэнта кафедры тэорыі і методыкі фізічнага выхавання БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдата педагагічных навук Лідзіі Васільеўны Шукевіч. Галоўны паказчык яе работы — вялікі аб’ём і высокая
якасць ведаў, якімі валодаюць яе выхаванцы.

Дар’я Сяргееўна лічыць, што, каб быць добрым настаўнікам, трэба любіць тое, чаму вучыш, і любіць тых, каго вучыш. Гэтая вядомая ісціна пацвярджаецца практыкай.

— Мая старэйшая сястра, настаўніца пачатковых класаў 10-й школы, з’яўляецца прыкладам узорных адносін да дзяцей, — заўважае Дар’я Сяргееўна. — Яна імкнецца бачыць у кожным вучні асобу, умее знаходзіць правільныя словы, у якіх яны маюць патрэбу ў пэўнай сітуацыі. Сястра — сябар і дарадчык дзяцей, які суправаджае іх і скіроўвае да пошуку сябе.

Д.С.Несцярук не вельмі любіць гаварыць пра сябе. Больш — пра іншых, у якіх вучыцца прафесійнаму майстэрству і ў якіх бярэ самае лепшае. І гэта зразумела. Педагог толькі ў пачатку доўгага і цікавага настаўніцкага шляху.

— Арыстоцель сцвярджаў, што пазнанне пачынаецца са здзіўлення. Нетрадыцыйныя формы заняткаў павышаюць цікавасць вучняў да фізкультуры, асабліва сёння, у час розных гаджэтаў. Абавязкова ўлічваю гэта пры арганізацыі ўрокаў, дзе звяртаюся да новых, крэатыўных і цікавых форм работы, — расказвае Дар’я Сяргееўна. 

Малады педагог любіць сваю прафесію, бо яна дазваляе не стаяць на месцы, прымушае знаходзіцца ў пастаянным пошуку нязведанага. Д.С.Несцярук зрабіла прафесійны выбар на карысць педагогікі і фізкультуры і пакуль не расчаравалася ў гэтым. І, думаю, ніколі не расчаруецца, бо толькі прыроджаны педагог скажа наступнае: “Я веру ў сябе, свае магчымасці і сваё вялікае прызначэнне”.

За апошнія 2 гады скарбонка прафесійных дасягненняў Дар’і Сяргееўны папоўнілася шматлікімі ўзнагародамі, атрыманымі па выніках ІІ Брэсцкага маладзёжнага форуму педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст”, абласной спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарніца”, Рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы “300 талентаў для Каралевы”, спаборніцтваў па дартсе ў рамках галіновай спартакіяды работнікаў адукацыі Брэста, гарадскіх спаборніцтваў па лыжных гонках “Брэсцкая лыжня” сярод педагогаў і інш. Сёння настаўніца займаецца даследчай дзейнасцю ў рамках інавацыйнага праекта, прысвечанага арыентацыі вучняў на выбар спартыўных спецыяльнасцей “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага цэнтра спартыўнай прафарыентацыі як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы ва ўстановах адукацыі”.

Прыемна сустракаць маладых, актыўных, мэтанакіраваных і нераўнадушных педагогаў, якія не скардзяцца на невысокі заробак і непрэстыжнасць настаўніцкай прафесіі, а натхнёна працуюць, не баяцца цяжкасцей і ве­раць у поспех. Можна не сумнявацца, што з такім падыходам у іх, у тым ліку ў Дар’і Сяргееўны, усё атрымаецца. Галоўнае — перамагчы сябе.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.