У пятніцу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі адбылася цырымонія ўрачыстага ўзнагароджання лаўрэатаў XIX Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў. Маладых даследчыкаў павіншавалі міністр адукацыі С.А.Маскевіч, першы намеснік міністра адукацыі, старшыня аргкамітэта конкурсу А.І.Жук, старшыня ВАК А.А.Афанасьеў, намеснік старшыні НАН Беларусі У.Р. Гусакоў, першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Л.У.Дзямідаў, а таксама рэктар БДУІР М.П.Батура.
У конкурсе прымалі ўдзел студэнты і выпускнікі 58 устаноў вышэйшай адукацыі (у тым ліку філіялаў). Яны прадставілі на суд журы больш як 4 тысячы навуковых работ. У выніку аўтары 70 работ атрымалі званне лаўрэата.
“Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў праводзіцца штогод, і мы назіраем, што цікавасць да яго ўзрастае, — адзначыў першы намеснік міністра адукацыі, старшыня аргкамітэта конкурсу А.І.Жук. — Вось і на гэты раз студэнты прадставілі вельмі цікавыя работы, вартасць якіх дакументальна пацверджана публікацыямі ў навуковых выданнях. Так, яны апублікавалі 6400 навуковых артыкулаў і больш як 5800 тэзісаў. Гэта гаворыць пра тое, што ўзровень студэнцкіх распрацовак даволі высокі. Многія з іх укараняюцца або ў адукацыйны працэс навучальных устаноў, або ў вытворчасць”.
Аляксандр Іванавіч таксама падкрэсліў, што Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў вырашае адразу некалькі задач. Па-першае, садзейнічае павышэнню якасці падрыхтоўкі спецыялістаў. “Сёння адукацыя і навука павінны ісці побач, каб выпускнік універсітэта мог не толькі працаваць на вытворчасці, але і быў гатовы да інавацыйнай дзейнасці”, — заўважыў А.І.Жук. І другая задача конкурсу — падрыхтоўка рэзерву для паступлення ў аспірантуру. Тыя маладыя людзі, што ўдзельнічалі ў конкурсе (асабліва пераможцы), ужо змаглі адчуць смак навуковых адкрыццяў і, магчыма, захочуць працягнуць адукацыю ў магістратуры і аспірантуры.
Дарэчы, студэнцкія работы ацэньвала аўтарытэтнае журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі розных устаноў адукацыі (дзейнічала больш за 20 навуковых секцый па напрамках). Пераможцы вызначаліся ў адпаведнасці з пэўнымі крытэрыямі: глыбіня, актуальнасць даследавання, інаватыка, укараненне, навуковыя публікацыі і г.д. Крытэрыі празрыстыя і загадзя былі даведзены да ўдзельнікаў.
Пра размах конкурсу (як і навуковай работы студэнтаў у вышэйшай школе) сведчыць той факт, што лаўрэатамі сталі прадстаўнікі 29 устаноў, а прадстаўнікі 39-ці — атрымалі першую прэмію. Такім чынам, як мінімум дзве трэці ўстаноў вышэйшай адукацыі маюць пераможцаў у гэтым прэстыжным конкурсе, і многія з іх — рэгіянальныя.