Перамаглі чуласць і шчырасць

- 14:29Адукацыйная прастора, Людзі адукацыі

У канцы мінулага тыдня стала вядома імя лідара ў сферы адукацыі Мінска. На базе сярэдняй школы № 201 сталіцы прайшоў фінал гарадскога конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Лідар адукацыі”. Гран-пры атрымаў Алег Іванавіч Жук, дырэктар сярэдняй школы № 26 Мінска.

Конкурс праходзіў пры падтрымцы камітэта па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.
Уладальніца першага месца ў конкурсе "Лідар адукацыі" В.Я. Смірнова. “Лідар адукацыі” — выяўленне і вывучэнне новага ў кіраўніцкай дзейнасці ў галіне адукацыі, падтрымка інавацыйных распрацовак і тэхналогій, якія спрыяюць развіццю сістэмы адукацыі сталіцы і аказваюць эфектыўны ўплыў на працэсы развіцця, выхавання і навучання.
Для ўдзелу ў конкурсе была пададзена 21 заяўка. Ацэньвалі конкурсы 12 членаў журы. Згодна з палажэннем, конкурс праводзіўся ў тры туры.
Першы тур — вочна-завочны, які складаўся з творчай работы — прафесійнай анкеты “Кіраўнік — эфектыўны менеджар” і камп’ютарнага тэсціравання па пытаннях кіраўніцкай дзейнасці.
Анкета “Кіраўнік — эфектыўны менеджар” ацэньвалася 27 баламі. Найбольшую колькасць балаў у гэтым конкурсе атрымалі Святлана Міхайлаўна Пратасевіч, дырэктар сярэдняй школы № 111 Ленінскага раёна, Алег Іванавіч Жук, дырэктар сярэдняй школы № 26 Маскоўскага раёна, Вольга Яўгенаўна Смірнова, дырэктар сярэдняй школы № 148 Савецкага раёна, Алена Мікалаеўна Корзун, загадчыца ясляў-сада № 172 Маскоўскага раёна.
А наватарскім падыходам, арыгінальнай формай выкладання сваёй формулы эфектыўнай работы менеджара вызначыліся работы Віялеты Валер’еўны Шаўчэнка, загадчыцы ясляў-сада № 366 Савецкага раёна, Святланы Мікалаеўны Мамановіч, дырэктара сярэдняй школы № 131 Заводскага раёна, Алены Васільеўны Паланевіч, дырэктара сярэдняй школы № 76 Савецкага раёна, а таксама Веранікі Станіславаўны Каральковай, загадчыцы ясляў-сада № 566 Партызанскага раёна.

Другі тур — паўфінал. Ён уключаў самапрэзентацыю “Кіраўніцкі аўтапартрэт”, майстар-клас па кіраўніцкай дзейнасці (на базе ўстановы адукацыі), прэс-канферэнцыю па актуальных пытаннях сталічнай адукацыі. На гэтым этапе ў конкурсе бралі ўдзел 14 кіраўнікоў.
У выніку лепшымі ў лабараторыі кіраўніка сталі Алег Іванавіч Жук, Вераніка Станіславаўна Каралькова, Святлана Міхайлаўна Пратасевіч, Віялета Валер’еўна Шаўчэнка, Аляксей Віктаравіч Шарапаў, дырэктар сярэдняй школы № 49 Фрунзенскага раёна.
А найбольш актыўнымі ўдзельнікамі прэс-канферэнцыі сталі зноў-такі А.І.Жук, В.Я.Смірнова, А.В.Мазуркевіч, А.В.Паланевіч, Г.У.Кушняроў (пачатковая школа №198), а таксама А.М.Цымбаленка (сярэдняя школа №97).

Трэці тур — фінал. Склаўшы вынікі двух тураў і ўлічваючы разыходжанне ў дзясятыя бала, да ўдзелу ў фінале былі дапушчаны 8 кіраўнікоў:
Уладальнік гран-пры конкурсу "Лідар адукацыі" А.І. Жук.Алег Іванавіч Жук (сярэдняя школа № 26 Маскоўскага раёна).
Алена Віктараўна Мазуркевіч (сярэдняя школа № 12 Фрунзенскага раёна).
Аляксей Віктаравіч Шарапаў (сярэдняя школа № 49 Фрунзенскага раёна).
Святлана Міхайлаўна Пратасевіч (сярэдняя школа № 111 Ленінскага раёна).
Вераніка Станіславаўна Каралькова (яслі-сад № 566 Партызанскага раёна).
Вольга Яўгенаўна Смірнова (сярэдняя школа № 148 Савецкага раёна).
Віялета Валер’еўна Шаўчэнка (яслі-сад № 366 Савецкага раёна).
Святлана Мікалаеўна Чурбанава (сярэдняя школа № 30 Кастрычніцкага раёна).
Фінальны тур уключаў: конкурснае дамашняе заданне “7 паспяховых спраў 2012 года” і конкурс-імправізацыю “Што ў імені табе маім?”.

Сярод асноўных крытэрыяў пры ацэньванні першага конкурсу былі аргументаванасць выбару паспяховых спраў, вытрыманасць ідэі кіравання ўстановай адукацыі на працягу ўсяго выступлення.
У другім фінальным конкурсе пад увагу браліся паўната, змястоўнасць тэмы, лагічнасць, аргументаванасць мадэлі, якая прадстаўляецца, арыгінальнасць і эмацыянальнасць прадстаўлення.

У выніку гран-пры атрымаў Алег Іванавіч Жук. Алег Іванавіч ужо спрактыкаваны канкурсант. Некалі ён быў удзельнікам і лаўрэатам конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Настаўнік”. Гэта было ў 2007 годзе. “Конкурсны дух у поўным аб’ёме я змог адчуць ужо тады. Увогуле, мне падабаецца ўдзельнічаць у конкурсе, бо тут пануе не саперніцтва, а атмасфера ўзаемападтрымкі і ўзаемадапамогі.
А самым складаным было сумяшчаць свае асноўныя кіраўніцкія абавязкі і конкурснае жыццё. У гэтай сувязі хочацца падзякаваць сваёй камандзе, якая падтрымлівала мяне кожную хвіліну. Я вельмі цаню сваіх настаўнікаў. Яны высокапрафесійныя педагогі, здольныя прыйсці на дапамогу, нягледзячы на праблемы, якія ўзнікаюць.
Сучасны ж кіраўнік школы, безумоўна, павінен быць прафесіяналам, чулым да праблем як вучняў і бацькоў, так і сваіх калег. А яшчэ трэба быць проста шчырым, і тады людзі адкажуць вам тым жа”, — адзначыў Алег Іванавіч Жук.
Першае месца ў конкурсе “Лідар адукацыі” заваявала Вольга Яўгенаўна Смірнова.
Другое месца дасталася Алене Віктараўне Мазуркевіч.
Трэцяе месца падзялілі Святлана Мікалаеўна Чурбанава і Аляксей Віктаравіч Шарапаў. Віншуем пераможцаў!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

dubowska@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.