Каманда беларускіх школьнікаў заваявала дыплом ІІ ступені на адкрытай матэматычнай алімпіядзе Літвы сярод старшакласнікаў, якая нядаўна праходзіла ў Вільнюсе. Такая алімпіяда ў суседняй Літве праводзілася 28-ы раз, а беларуская каманда ў такіх матэматычных спаборніцтвах па запрашэнні арганізатараў прымала ўдзел ужо 13-ы раз.
Галоўная адметнасць літоўскай алімпіяды ў тым, што яна камандная. Індывідуальнага заліку там няма, таму склад каманды падбіраецца з улікам умення працаваць у камандзе. Разам з тым гэтая алімпіяда арыентавана на міжнародны ўзровень, таму ўдзел у ёй дае выдатныя магчымасці ацаніць свае сілы і лішні раз патрэніравацца. Пра гэта нашай газеце паведаміў Ігар Іванавіч Варановіч, адзін з кіраўнікоў каманды, дацэнт кафедры вышэйшай алгебры і абароны інфармацыі механіка-матэматычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт.
— На адкрытую алімпіяду па матэматыцы Літвы мы звычайна бяром тых дзяцей, якія добра выступілі на рэспубліканскай алімпіядзе, але не паспелі яшчэ засвяціцца на міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах. Апошняе з’яўляецца прынцыповым пры адборы ў нашу каманду, як, зрэшты, і ўзрост. Мы не імкнёмся везці туды выключна вучняў 11 класаў.
Сёлета ў склад беларускай каманды ўвайшлі прадстаўнікі Ліцэя БДУ і сталічнай гімназіі № 41. У іншыя гады сюды далучаліся і прадстаўнікі 29-й гімназіі. Як правіла, менавіта ў гэтых мінскіх навучальных установах вучацца перспектыўныя ў матэматыцы маладыя людзі, якія пасля змогуць пакарыць міжнародны п’едэстал.
— Гэтым разам на алімпіяду ездзілі Раман Марчанка, Валянцін Віцязь з Ліцэя БДУ і Аляксей Гапоненка, Мікіта Кандрацёнак з гімназіі № 41, — расказаў Ігар Іванавіч Варановіч.
Сапраўды, гэтая алімпіяда з’яўляецца добрым стартам для будучага ўдзелу ў міжнароднай, бо не раз удзельнікі беларускай каманды пасля Літвы паказвалі добрыя вынікі на міжнароднай матэматычнай алімпіядзе.
На адкрытай алімпіядзе Літвы на рашэнне 20 задач адводзіцца чатыры гадзіны. Кожная каманда сама вырашае, якім чынам гэтыя задачы размеркаваць паміж сабой. Па правілах, у склад каманды павінна ўваходзіць пяць чалавек, але ў нашай камандзе гэтым разам было чатыры, што не перашкодзіла выйграць.
— Задачы даюцца не простыя, а вельмі сур’ёзныя. І каб адведзены час патраціць рацыянальна, трэба пастарацца размеркаваць іх паміж удзельнікамі так, каб рашыць як мага больш. Тут вельмі важнае значэнне набывае каманднае ўзаемадзеянне, бо нехта моцны ў геаметрыі, а некаму лепш даецца камбінаторыка. Дарэчы, усе прапанаваныя задачы знаходзяцца ў межах чатырох матэматычных раздзелаў (гэта міжнародная практыка): камбінаторыка, алгебра, геаметрыя і тэорыя лічбаў. Атрымліваецца па пяць задач на кожны раздзел. Акрамя таго, прапануюцца рознаўзроўневыя задачы, — адзначыў Ігар Іванавіч.
Дарэчы, у гэтым годзе ў пералік алімпіядных задач літоўскай алімпіяды трапіла аўтарская задача па камбінаторыцы І.І.Варановіча. На жаль, нашы ўдзельнікі не здолелі яе рашыць. Затое на рахунку каманды ёсць рашэнне такіх задач, якія не змагла рашыць ні адна літоўская каманда, што таксама паўплывала на агульны вынік.
Тут жа хачу адзначыць, што на гэту алімпіяду з’язджаюцца вельмі моцныя літоўскія каманды ліцэяў, гімназій і школ, сярод удзельнікаў якіх ёсць і міжнародныя прызёры, таму ўдалае выступленне беларускай каманды з’яўляецца вельмі значным.
Хоць сярод удзельнікаў беларускай каманды і былі адны пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд, але падрыхтоўка да літоўскай матэматычнай алімпіяды ўсё роўна была. Як гаворыцца, матэматыкі многа не бывае, ды і каноны міжнароднай алімпіяды, узятыя за аснову на літоўскай, таксама абавязваюць. Як бачым, падрыхтоўка была не толькі карыснай, але і пераможнай.