Перамог “Крэатыў”

Ці добра будзе дзіцяці ў летніку, залежыць ад мноства фактараў. І адзін з самых галоўных — якія педагогі будуць з ім працаваць. Калі гэта сапраўдныя прафесіяналы, якія шчыра любяць сваіх выхаванцаў, то, безумоўна, адпачынак спадабаецца. Менавіта такіх педагогаў штогод збірае разам Рэспубліканскі конкурс педагагічных каманд выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі. На Міншчыне прайшоў абласны этап конкурсу.

Лепшыя педагагічныя каманды, якія выйшлі ў фінал, вітаў аздараўленчы лагер “Нёман”, што ў Стаўбцоўскім раёне. Удзельнікі конкурсу прадставілі педагагічнае крэда, правялі з дзецьмі масавае мерапрыемства ў рамках тэматычнага дня, выступілі з творчымі нумарамі. Канкурсанты праявілі сябе як сапраўдныя прафесіяналы, якія ўмеюць мысліць творча, крэатыўна, па-сучаснаму. Надзвычай цікавае масавае мерапрыемства прапанавалі прадстаўнікі Дзяржынскага раёна: яны правялі гульню з элементамі геакэшынгу “Высокатэхналагічныя хованкі”. Гэта турыстычная гульня з выкарыстаннем спадарожнікавых навігацыйных сістэм, у якой адна каманда хавае “скарб”, а іншая шукае яго.

Таксама дзецям і журы спадабаўся прысвечаны гісторыі, культуры і традыцыям малой радзімы квест, падрыхтаваны камандай са Стаўбцоўскага раёна. Педкаманда прадэманстравала цудоўнае валоданне роднай мовай. Клецкая каманда запрасіла дзяцей у падарожжа на казачную паляну. Гэтыя ўдзельнікі запомніліся ўсім не толькі цудоўным выступленнем на конкурсе, але і неверагоднай групай падтрымкі.

Па выніках конкурсных іспытаў журы вызначыла пераможцаў. Дыпломам I ступені ўзнагароджана каманда “Крэатыў” аздараўленчага лагера “Нёман” Стаўбцоўскага раёна. Камандзе дапамаглі не толькі родныя сцены, але ў першую чаргу прафесіяналізм і харызматычнасць кожнага ўдзельніка.

Дыплома II ступені ўдастоены каманды “Рэд біт” аздараўленчага лагера “Чароўная краіна” сярэдняй школы № 13 Барысава, “Step up” лагера “Дружба” пасёлка Энергетыкаў Дзяржынскага раёна і каманда “Z” аздараўленчага лагера Robot.by Лядзенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чэрвеньскага раёна. Дыплом ІІІ ступені заваявалі “Клецкія перцы” — прадстаўнікі аздараўленчага лагера “Нача” Клецкага раёна і “Арляняты” аздараўленчага лагера “Арляня” Нясвіжскага раёна.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена МАІРА.