Перамога адна на ўсіх

Выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” 24 кастрычніка ў сталічным Доме кнігі “Светач” прэзентавала выданне “Перамога адна на ўсіх. Беларусь — Узбекістан”. Кніга прысвечана воінам-узбекістанцам, якія змагаліся супраць нацызму ў нашай краіне падчас Вялікай Айчыннай вайны. Многія з іх былі сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці, удзельнікаў партызанскага і падпольнага руху. Дзясяткі з іх удастоены звання Героя Савецкага Саюза за гераізм і мужнасць, праяўленыя ў баях пры вызваленні Беларусі. А тысячы назаўсёды засталіся ляжаць у нашай зямлі, і беларусы беражліва захоўваюць іх магілы. Сёння імёнамі воінаў-узбекістанцаў названы вуліцы і плошчы, у іх гонар пастаўлены помнікі, адкрыты мемарыяльныя дошкі. Пра ўсё гэта і подзвіг кожнага можна даведацца на старонках новага выдання.

Дырэктар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Вольга Ваніна нагадала, што ніколі не бу­дуць забыты імёны тых, хто побач з беларусамі змагаўся за нашу Радзіму. “І хоць зараз Беларусь і Узбекістан — гэта розныя дзяржавы, нас аб’ядноўвае агульная гісторыя і памяць. І гэтая кніга — яркі прыклад таго, якім чынам адбываецца ўзаемадзеянне паміж нашымі краінамі, — падкрэсліла яна. — Гэта выданне пра людзей, якія загінулі на беларускай зямлі, абараняючы яе, пра 32 Герояў Савецкага Саюза, хоць усяго ў кнізе сабраны імёны 1044 воінаў”.

Стваралася кніга “Перамога адна на ўсіх. Беларусь — Узбекістан” пры актыўным са­дзейнічанні Пасольства Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь, узбекістанскіх даследчыкаў і супрацоўнікаў Нацыянальнага архіва нашай краіны. Надзвычайны і Паўнамацны Пасол Узбекістана ў Беларусі Насірджан Юсупаў, гаворачы пра важнасць дадзенага выдання, адзначыў, што кожны чалавек павінен рабіць усё для захавання памяці пра тую страшэнную вайну. “Гісторыя чалавецтва ведае мноства войн, але гэта была самая крывавая, — сказаў ён. — І мы павінны памятаць пра гераізм нашых дзядоў кожны дзень”.

На прэзентацыю кнігі былі запрошаны ветэраны, якія разам з узбекістанцамі вызвалялі Беларусь. Сваімі ўспамінамі пра ваенныя дзеянні і службу падзяліўся палкоўнік у адстаўцы Міхаіл Шашкоў, які пачас вайны 18-гадовым юнаком камандаваў гарматай у званні сяржанта. Аўтар — укладальнік кнігі начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Уладзімір Андрыевіч падзякаваў ветэранам за подзвігі. “Важна не згубіць сувязь і сяброўства народаў, у якіх памяць асноватворная і яднае нас, — дадаў ён. — Складаючы гэтую кнігу, трэба было не проста сабраць факты, але і дапамагчы нашчадкам удзельнікаў — вызваліцеляў Беларусі з Узбекістана, каб яны, нарэшце, даведаліся, дзе знайшлі спачын іх продкі. Спадзяюся, што работа па пошуку новых даных пра пахаванні воінаў працягнецца”.

Выданне “Перамога адна на ўсіх. Бе­ларусь — Узбекістан” працягвае серыю кніг “Беларусь памятае: у імя жыцця і свету”. “Кнігі гэтай серыі, якія паказваюць на фоне жахаў вайны гераізм і мужнасць абаронцаў Айчыны, востра эмацыянальныя, прымушаюць кожнага чалавека памятаць пра трагічнае і гераічнае мінулае свайго народа і патрабуюць ад нас рабіць усё магчымае па захаванні міру, — падкрэсліў Уладзімір Андрыевіч. — Па­мяць — гэта тое, што нас аб’ядноўвае. Вялікая Айчынная вайна назаўсёды ўмацавала беларуска-ўзбекскае сяброўства і братэрства”. Па словах аўтара-ўкладальніка, кніга атрымалася актуальнай і адпавядае ўсім патрабаванням сённяшняга часу, праілюстравана як гістарычнымі, так і сучаснымі фотаздымкамі ды фотакопіямі архіўных дакументаў. Выданне зацікавіць не толькі навукоўцаў і даследчыкаў, але і моладзь, неабыякавую да гісторыі роднага краю.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.