Перамога на апераджэнне

У Полацку падведзены вынікі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. З 29 сакавіка па 1 красавіка за перамогу ў фінале змагаліся прадстаўнікі каманд абласцей, Мінска і Ліцэя БДУ. Пляцоўкай правядзення спаборніцтва стаў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт; пражыванне было арганізавана ў Полацкім дзяржаўным хіміка-тэхналагічным каледжы.

Як паведаміла метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Марына Марчанка, у заключным этапе прынялі ўдзел 127 навучэнцаў, 11 з іх узнагароджаны дыпломамі І ступені. Марына Васільеўна асобна адзначыла высокі ўзровень арганізацыі алімпіяды і падзякавала Віцебскай вобласці за гасцінны прыём — “Старажытны і разам з тым сучасны, Полацкі ўніверсітэт займае знакавае месца на адукацыйнай прасторы Беларусі. Нават знаходжанне ў аўдыторыях, сцены якіх захоўваюць даўніну, дысцыплінавала і выклікала адчуванне суда­кранання з гісторыяй, прыналежнасці да яе, бо тут, на Полаччыне, вытокі айчыннай адукацыі. Для ўдзельнікаў і кіраўнікоў каманд, членаў журы арганізатары пастараліся стварыць максімальна камфортныя і бяспечныя ўмовы пражывання, прадаставілі выдатную матэрыяльна-тэхнічную базу, арганізавалі цікавыя экскурсіі. Мы не проста сабраліся і вызначылі найлепшых з лепшых, але і атрымалі многа яркіх пазітыўных уражанняў. Такія сустрэчы ўзбагача­юць веды дзяцей аб роднай краіне, выклікаюць гордасць за яе”.

Старшынёй журы быў старшы выкладчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі ФПМІ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Буслаўскі — фіналіст першай Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, які потым падрыхтаваў многіх медалістаў міжнародных алімпіяд па прадмеце, быў трэнерам каманд Мінскай вобласці і Мінска.

— Магу сказаць з уласнага вопыту на прыкладзе факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, дзе я працую: студэнтаў, якія ў юнацкія гады ўдзельнічалі ў алімпія­дзе, адразу бачна, — расказаў Аляксандр Андрэевіч. — У нас на першым курсе выкладаюць праграмаванне, на другім — тэорыю алгарытмаў. Гэтыя два прадметы неабходна вывучаць, каб быць папяховым алімпіяднікам. Асаблівасць алімпіяды па інфарматыцы якраз у тым, што ў працэсе падрыхтоўкі дзеці выходзяць далёка за рамкі школьнай праграмы: ужо ў сярэдніх класах пачына­юць авалодваць ведамі і навыкамі, якія астатнія школьнікі набываюць у 11 класе, і далей фактычна асвойваюць частку ўніверсітэцкага курса. Таму, у прыватнасці, на алімпіядзе няма падзелу па класах: заданні аднолькавыя, усё залежыць ад падрыхтоўкі і асабі­стых якасцей. Дарэчы, сёлета шасцікласнік з гімназіі № 1 Ліды Мацвей Мальцаў прадэманстраваў вынік вышэйшы, чым у многіх фіналістаў-старшакласнікаў. Ён быў адзначаны пахвальным водзывам і стаў уладальнікам спецыяльнага прыза міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь.

На час алімпіяды па інфарматыцы навучэнцу прадастаўляецца камп’ютар з доступам у аўтаматызаваную тэсціруючую сістэму: гэта значыць, удзельнік рашае задачы, адсылае рашэнні, а сістэма іх ацэньвае. У першы дзень алімпіяднікі прахо­дзяць пробны тур і асвойваюцца з сістэмай (якая, безумоўна, ужо добра знаёма ім з папярэдніх этапаў). Непасрэдна спаборніцтва адбываецца ў два туры працягласцю па пяць га­дзін. Варта адзначыць, нагрузка гэта сур’ёзная, бо для непадрыхтаванага чалавека нават проста засяроджана займацца справай такі працяглы час няпроста, а тут гаворка пра школьнікаў, якім даводзіцца пры гэтым яшчэ і ра­шаць складаныя заданні. Па словах старшыні журы, фармат нацыянальнай алімпіяды набліжаны да міжнародных стандартаў. Адзін тур можа ўтрым­ліваць ад 3 да 5 заданняў, па кожным з іх прапануецца некалькі ўзроўняў: трэба выбраць больш лёгкі або складаны, у залежнасці ад чаго вар’іруюцца налічаныя балы; удзельнік бачыць свой вынік адразу пасля выканання задання. Зваротная сувязь дазваляе пазбегнуць прыкрых сітуацый — напрыклад, калі навучэнец завяршыў работу і лічыць, што добра справіўся, але пасля высвятляецца, што яго рашэнне абсалютна не адпавядала ўмовам задачы. У гэтым годзе ў кожным туры было па 4 заданні. Другі тур атрымаўся больш складаным: калі на першым вылучыліся ўдзельнікі, якія набралі найвышэйшую колькасць балаў, то на наступны дзень некаторыя задачы ніводзін з удзельнікаў не рашыў са 100-працэнтным вынікам.

— Тых удзельнікаў, якія знаходзяцца ўверсе рэйтынга заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, мы запрашаем на зборы па падрыхтоўцы да міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы, — паведаміў Аляксандр Буслаўскі. — Штогод колькасць запрошаных крыху адрозніваецца ў залежнасці ад розных прычын — напрыклад, праводзяцца зборы анлайн або вочна. У мінулым годзе з-за пандэміі ў нас, на жаль, не было магчымасці запрасіць дзесяцікласнікаў. Зноў-такі па многіх прадметах, у тым ліку па нашым, міжнародныя алімпіяды прахо­дзілі ў дыстанцыйным фармаце — адпаведна мы рыхтуемся і да такога варыянта, таму гэтае пытанне будзе вырашана крыху пазней у рабочым парадку.

У інфарматыкі ад пачатку пераважна мужчынскае аблічча, і тэндэнцыя захоўваецца дагэтуль: па статыстыцы сёлетняй алімпіяды, сярод фіналістаў было толькі 8 дзяўчат. Гаворачы аб дасягнутых выніках, нельга абмінуць увагай самаадданую работу настаўнікаў, якія трэніруюць каманды і штогод рыхтуюць пераможцаў заключнага этапу. Асабліва варта адзначыць Анжаліку Лапо (Ліцэй БДУ), Аляксея Барунова (Гомельская вобласць) і Вераніку Лакціну (Віцебская вобласць), вучні якіх заваявалі найбольшую колькасць дыпломаў. Традыцыйна, як і па іншых вучэбных прадметах, пераможцам абласнога этапу алімпіяды залічваецца 100-бальны вынік па прадмеце пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі краіны, а пераможцы заключнага этапу, незалежна ад ступені дыплома, могуць быць залічаны на профільную спе­цыяльнасць без уступных выпрабаванняў.

— Яно, канечне ж, матывуе. Але я не рэкамендаваў бы разглядаць алімпіяду выключна як інструмент для залічэнняў ва УВА, — выказаў меркаванне старшыня журы. — У большасці ўдзельнікі спаборнічаюць не дзеля таго, каб паступіць (хаця, паўтараюся, стымул важны і моцны), а ў асноўным таму, што ім цікава. Гэтай справай многія працягва­юць займацца ў студэнцкія гады і працуючы па спецыяльнасці — існуе даволі многа рэйтынгавых спаборніцтваў для дарослых па гэтым напрамку. І дасягаюць значных перамог: у якасці прыладу можна прывесці дасягненні Генадзя Караткевіча з Віцебскай вобласці, імя якога ведаюць ва ўсім свеце. Нашы алімпіяднікі працуюць у вядомых ІТ-кампаніях свету і зарэкамендавалі сябе як дасведчаныя прафесіяналы. Тое, што мы не абыхо­дзім па колькасці праграмістаў Індыю ці Кітай, выклікана велізарнай розніцай у колькасці насельніцтва нашых краін. Фактычна нашы праграмісты — адны з наймацнейшых у свеце, гэта жывы прыклад і зададзеная высокая планка для сённяшніх алімпіяднікаў.

Дыпломамі І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы ўзнагароджаны: Андрэй Касцяны (гімназія № 51 Гомеля), Дзмітрый Грунтоў (сярэдняя школа № 40 Вiцебска iмя М.М.Громава), Цімафей Балюконіс (гімназія № 8 Віцебска), Станіслаў Дамасевіч, Станіслаў Палын (Клуб юных пажарных Мазыра), Мілана Канановіч, Дзяніс Лагуноў, Арцемій Уейскі (Ліцэй БДУ), Мікалай Навіцкі, Канстанцін Смірноў (гiмназiя № 1 Вiцебска iмя Ж.I.Алфёрова), Ілья Штанаў (гімназія № 1 Бабруйска).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Наталлі СЛЯПЦОВАЙ.