Перамога са смакам

- 15:39Апошнія запісы, Навіны рэгіёнаў, Рознае

На міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва салодка было ўсім — і тым, хто смакаваў перамогу, і тым, хто лепшым не стаў. Мерапрыемства прайшло ў рамках Х Міжнароднай выставы “Хлебная і кандытарская справа-2014” у Мінску. Канкурсанты з Арменіі, Беларусі, Украіны, Малдовы, Расіі спаборнічалі за права стаць лепшымі ў адной з васьмі намінацый. Упершыню ў міжнародным чэмпіянаце прыняла ўдзел каманда Мінскай вобласці.

Прадстаўнікі Міншчыны з дэбютантаў ператварыліся ў пераможцаў. Першае месца і залаты медаль у намінацыі “Мастацкая работа з цеста” былі аднагалосна прысуджаны Кацярыне Карпіновіч, навучэнцы Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа, за творчую работу “Калекцыя пачуццяў”. Для конкурсу дзяўчына стварыла некалькі пернікавых масак, аздобіла іх заварным цестам і харчовым фарбавальнікам. Салодкія маскі Кацярыны адлюстроўваюць усю палітру чалавечых пачуццяў і эмоцый, таму яны не засталіся без увагі журы.
Дарэчы, дзяўчына паступіла ў каледж толькі ў студзені 2014 года, але ўжо актыўна і, відавочна, паспяхова асвойвае тэхналогію вытворчасці хлебных, булачных, кандытарскіх вырабаў. Будучы пекар і кандытар ставіцца да працы як да чараўніцтва і ўпэўнена сцвярджае: “Тое, што гатуецца, павінна быць не толькі смачным, але і прыгожым. Нават звычайную булачку можна ператварыць у сапраўдны шэдэўр”.
Адразу ў дзвюх намінацыях журы адзначыла Арцёма Собаля, навучэнца Барысаўскага дзяржаўнага каледжа. Створаны ім букет з цукровых кветак “Фарбы лета” атрымаўся надзвычай кранальным і рэалістычным: свежасць і пяшчота, здавалася, зыходзілі ад кожнага пялёстка. За гэтую неверагодную прыгажосць юны кандытар узнагароджаны бронзавым медалём і трэцім месцам у намінацыі “Цукровыя кветкі”. Журы таксама адзначыла гарманічнасць, тонкасць і выразнасць ліній створанага вобраза другой работы Арцёма. Яго нявеста з пасцілажу здавалася вяршыняй дасканаласці і стала трэцяй у намінацыі “Пасцілаж”. Яшчэ адзін бронзавы медаль у скарбонцы Арцёма Собаля.
Поспех Кацярыны Карпіновіч і Арцёма Собаля — не выпадковасць. Гэтыя таленавітыя маладыя людзі прызнаюцца, што даводзіцца шмат працаваць і вучыцца. Важна, што вучыцца ёсць дзе і ёсць у каго. Педагагічныя калектывы Барысаўскага і Маладзечанскага дзяржаўных каледжаў выпрацавалі ўласную мадэль падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў, якія валодаюць неабходным узроўнем прафесійных уменняў і здольны хутка прыстасоўвацца да новых умоў на рынку працы. Пры гэтым асноўны акцэнт робіцца на развіццё прафесійных кампетэнцый як стрыжня прафесійнага навучання і паспяховай работы па спецыяльнасці.
Сёння маладыя кандытары Арцём і Кацярына мараць стаць майстрамі-кулінарамі сусветнага ўзроўню, каб і далей абараняць гонар Беларусі на міжнародных спаборніцтвах. Жадаем здзяйснення іх салодкіх мар!

Таццяна КАВАЛЬЧУК,
начальнік Цэнтра прафесійнай адукацыі
Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.