Перамога ў руках

6 верасня завяршыўся фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў па футболе “Скураны мяч” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Больш за 500 чалавек на працягу чатырох дзён змагаліся, аддаваліся гульні, забівалі галы, абаранялі мяч і палажылі ўсе сілы, каб дабрацца да рашаючай стадыі.

У турніры ўдзельнічалі хлопцы 9—10, 11—12 і 13—14 гадоў, якіх падзялілі на тры ўзроставыя катэгорыі: малодшую, сярэднюю і старэйшую адпаведна. Таксама на спаборніцтвах выступалі дзяўчынкі 9—11 гадоў.

Апошні дзень “Скуранога мяча” на стадыёне ФК “Мінск” быў самым багатым на эмоцыі. А як жа па-іншаму, калі на коне стаяла магчымасць звацца чэмпіёнамі?! У малодшай групе за перамогу змагаліся “Алімпія” з Першамайскага раёна Мінска і “Талент” са Слонімскага. Матч скончыўся з лікам 3:1. Трэцяе месца — ва “Унікум-ЦТДМ” з Барысаўскага раёна.

У сярэдняй узроставай катэгорыі ў матчы за 1-е месца сышліся “Юніёры” (Лельчыцкі раён) і “Тарпеда” (Магілёў). Першыя атрымалі перамогу — 2:1. “Бронза” дасталася “Юніёру” са Шчучынскага раёна.

Сярод падлеткаў 13—14 гадоў аспрэчваць лідарства выпала “Ніве” Жыткавіцкага раёна і “Паставам” з аднайменнага горада. Другая каманда з касмічным адрывам забяспечыла сабе перамогу: матч скончыўся лікам 1:9. Трыбуны разрываліся ад выкрыкаў, сярод балельшчыкаў быў і Юрый Раманоўскі, які спецыяльна прыехаў у Мінск падтры­маць свайго сына Максіма. “Мы ўжо трэці раз выступаем у фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў, я заўсёды з імі езджу, — гаво­рыць Юрый. — У 2016 годзе мы занялі 2-е месца, у 2017 годзе — 3-е, у мінулым годзе не ўдзельнічалі. Зараз такія эмоцыі, што немагчыма іх выказаць словамі. Канечне, ганаруся сваім сынам. Ён два галы забіў у фінальным матчы”. Максім, дарэчы, вучыцца ў 9 класе Пастаўскай гімназіі, а футболам займаецца з 8 гадоў.

“Насамрэч, я думаў, што будзе больш цяжка, — дзеліцца ўражаннямі Максім, — але ў фінале ў нас усё атрымлівалася, і вось лік на табло”. Да турніру каманду рыхтаваў выкладчык фізічнай культуры і здароўя Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Аляксандр Аляксандравіч Тарасе­віч. У вольны час ён вучыць дзяцей гуляць у футбол. Як бачым, у гэтым ён сапраўдны талент. “Разлічвалі на прызавое месца, але па ходзе турніру мы ўбачылі, што зможам дасягнуць і большага. На шчасце, так і аказалася, — гаворыць Аляксандр Аляксандравіч. — Усе чатыры гульні мы правялі на вельмі добрым узроўні. Самае важнае, што ў нас ёсць узаемаразуменне паміж трэнерам і гульцамі”. 3-е месца ў старшай групе адышло “Юнацтву” з Лідскага раёна.

У дзяўчынак 1-е месца заняла каманда “Іскаркі” (Маскоўскі раён Брэста): у фінальнай сустрэчы яна абыграла “Шуміліна-Stars” (Шуміліна) з лікам 4:2. Перамогу галоўны трэнер пераможцаў настаўнік фізічнай культуры і здароўя ясляў-сада — пачатковай школы № 6 Брэста Ігар Уладзіміравіч Сідарэнка прысвяціў роднаму гораду, які 6—8 верасня адзначыў 1000-годдзе. “Дзеці, якія ў нашай камандзе, прыйшлі да мяне ў 1-м класе, а зараз мы стаім на гэтым футбольным полі з цудоўным кубкам, — з радасцю расказвае Ігар Уладзіміравіч. — З дзяўчынкамі займацца даволі цікава, гэта эмацыянальныя дзеці, больш дысцыплінаваныя, разумніцы”. Бронзавымі прызёрамі сярод дзяўчынак стаў “Днепр” (Брагінскі раён).

Павіншаваць дзяцей з завяршэннем спаборніцтваў прыехалі намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, намес­нік старшыні цэнтральнага савета — выканаўчы дырэктар Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Андрэй Карповіч, генеральны сакратар АБФФ Сяргей Жардзецкі, старшыня ФК “Мінск” Ігар Шлойда, савецкі футбаліст, форвард зборнай СССР, заслужаны майстар спорту СССР Эдуард Малафееў, савецкі і беларускі футбаліст і трэнер Веньямін Арзамасцаў і сакратар ЦК БРСМ Юлія Зінкевіч. Пераможцам і лепшым гульцам госці ўручылі медалі і кубкі, а ўсе ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі падарункі ад Прэзідэн­цкага спартыўнага клуба.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.