Перамога вучняў і настаўніцы

Настаўнік-метадыст настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Скідзеля Наталля Чаркес і сем вучняў школы ў жніўні гэтага года былі ўдзельнікамі міжнароднай змены “Руская мова — мова адукацыі, навукі, мастацтва, бізнесу і высокіх тэхналогій” у дзіцячым лагеры “Артэк”. Аб гэтым мерапрыемстве і ўзнагародах, якія атрымала педагог і яе вучні, мы гутарым з Н.І.Чаркес.

— Наталля Іванаўна, як вы даведаліся аб конкурсе, як праходзіў адбор для ўдзелу ў ім?

— Я часта звяртаюся да сайта Інстытута рускай мовы імя А.С.Пушкіна (Расія) і да рэсурсу “Адукацыя на рускай”. Менавіта тут я знайшла інфармацыю аб тым, што ў рамках рэалізацыі федэральнай мэтавай праграмы “Руская мова” праводзіцца Міжнародны конкурс педагагічных работнікаў і навучэнцаў у дыстанцыйным фармаце з вочным фіналам на базе Міжнароднага дзіцячага цэнтра “Артэк”.

Мы з вучнямі вырашылі прыняць удзел у абедзвюх конкурсных намінацыях — і для вучняў, і для педагогаў. Вядома, на перамогу асабліва не разлічвалі, але верылі ў сябе, прыкладалі максімум намаганняў. Я ўвесь час кажу сваім вучням: вынік, незалежна ад таго, стаў ты прызёрам ці не, заўсёды станоўчы, вы набываеце новыя веды, кампетэнцыі, якія абавязкова спатрэбяцца ў далейшым.

Каманда складалася з сямі навучэнцаў 8—10 класаў, якія праяўляюць цікавасць да рускай філалогіі. Многія з іх — пераможцы алімпіяд, конкурсаў сачыненняў і навукова-даследчых работ. Навучэнцаў чакалі тры іспыты: індывідуальнае анлайн-тэсціраванне па рускай мове, літаратуры, культуры; падрыхтоўка прэзентацыі “Руская мова ў маім жыцці” і відэароліка з прадстаўленнем каманды.

У намінацыі для педагогаў таксама былі тры іспыты: анлайн-рэдагаванне тэксту навуковага стылю на лінгвістычную тэму, распрацоўка сцэнарыя ўрока і падрыхтоўка відэаўрока рускай мовы.

— Якім было сусветнае прадстаўніцтва на конкурсе?

— У першым адборачным этапе, які праходзіў у дыстанцыйным фармаце, прынялі ўдзел 1432 канкурсанты з 64 краін свету, пры гэтым паступіла 385 заявак ад педагогаў і 1047 — ад школьнікаў. Па выніках адборачнага тура пераможцамі сталі 18 каманд школьнікаў з розных краін, а таксама 20 педагогаў з 19 краін. Вельмі парадавала тое, што мы сталі фіналістамі конкурсу ў абедзвюх намінацыях і адзінымі прадстаўнікамі Беларусі на міжнароднай змене ў “Артэку”.

На міжнароднай змене былі таксама дзеці з Італіі, Іспаніі, Швейцарыі, В’етнама, Манголіі, Турцыі, Палесціны, Узбекістана, Малдовы, Грузіі, Казахстана, Венгрыі, Кіргізіі, Манголіі, Румыніі, Славеніі, Балгарыі. На гала-канцэрце ўсе каманды прадстаўлялі свае краіны. Пасля нашага выступлення прадстаўнікі іншых краін падыходзілі і казалі, што шмат даведаліся пра Беларусь і захацелі пабываць у нас.

Важна, што ўсе дзеці пасябравалі, абмяняліся сувенірамі. Так, у аэрапорце мы сустрэліся з дэлегацыяй Іспаніі, у якой рэйс быў прыкладна ў гэты ж час. Навучэнцы пачалі абдымацца. Усё гэта было вельмі кранальна, бо дзеці атрымалі сапраўдныя ўрокі інтэрнацыянальнай дружбы.

— З чаго складалася адукацыйная праграма конкурсу?

— Для настаўнікаў былі арганізаваны курсы павышэння кваліфікацыі “Руская мова ў глабальнай адукацыйнай прасторы”, якія праводзілі выкладчыкі Інстытута імя А.С.Пушкіна. Праводзіліся лекцыі, прысвечаныя сучаснай рускай мове, новым адукацыйным тэхналогіям, актуальным пытанням методыкі выкладання, лінгавадыдактычным асновам навучання.

Графік быў вельмі шчыльны, таму што ў гэты ж час педагогі-канкурсанты пісалі эсэ на адну з прапанаваных тэм. Акрамя таго, настаўнікі праводзілі конкурсныя ўрокі ў інтэрнацыянальных класах, якія былі сфарміраваны з юных удзельнікаў міжнароднай змены ў “Артэку”. Я праводзіла ўрок “Майстэрства І.С.Тургенева ў апавяданні “Бежын луг”. Была ўражана тым, як дзеці з Турцыі, Манголіі, Палесціны і іншых краін уважліва слухалі настаўніка, як стараліся спасцігнуць таямніцы і глыбіню рускага слова, як яны былі ўдзячны за ўрок і апладзіравалі ў канцы. Пасля заняткаў да мяне падыходзілі калегі і таксама казалі добрыя словы. У нас не было канкурэнцыі, усе пасябравалі і падтрымлівалі адно аднаго.

Заняткі з дзецьмі праводзілі таксама выкладчыкі Інстытута імя А.С.Пушкіна. Было прыемна, што педагогі падкрэслілі высокі ўзровень беларускіх школьнікаў. У выніку нашы навучэнцы атрымалі спецыяльны прыз “Самая эрудзіраваная каманда”.

Дзеці не толькі вучыліся. Яны змаглі ўзняцца на знакамітую гару Мядзведзь, пакупацца ў моры. Яны танцавалі, спявалі, распісвалі дрэва пад хахламу, вучыліся верхавой яздзе, удзельнічалі ў міжнародным дзіцячым саміце, майстар-класах і флэшмобах. Усяго не пералічыць.

— Наталля Іванаўна, вы сталі адной з пераможцаў конкурсу. Якія ўражанні ў сувязі з гэтым і планы на новы навучальны год?

— На цырымоніі ўзнагароджання, якая адбылася ў час закрыцця змены, мае вучні падтрымлівалі: “Наталля Іванаўна, вы абавязкова пераможаце!” Былі вызначаны тры пераможцы: у намінацыі “Выкладанне прадметаў на рускай мове” ім стаў доктар філалогіі Саіні Сону з Індыі, у намінацыі “Выкладанне рускай мовы як замежнай” — выкладчык ВНУ з Кітайскай Народнай Рэспублікі Лін Мэй. Я стала пераможцай у намінацыі “Выкладанне рускай мовы як няроднай (другой роднай)”.

Знаходжанне ў Міжнародным дзіцячым цэнтры “Артэк”, удзел у конкурсе, перамога, зносіны з прадстаўнікамі іншых краін — гэта свята, якое запомніцца мне і маім вучням. А што наперадзе? Я думаю, новыя конкурсы… Ніколі нельга спыняцца, трэба ісці наперад.

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *