Перамога высокага палёту

- 14:35Выхаванне, Рознае

Апошнія чэрвеньскія дні аб’ядналі лепшых юных эколагаў Беларусі і Расіі. Сёлета злёт “Экалогія без межаў” праходзіў у адным з самых прыгожых запаведнікаў — Нацыянальным парку Расіі “Куршская каса”, што ў Калінінградскай вобласці. 17 беларускіх школьнікаў прывезлі дыпломы прызёраў, але абсалютную перамогу ад Беларусі атрымала 10-класніца з Начаўскай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна (Брэсцкая вобласць) Таццяна Чаранкевіч.

За тытул лепшага эколага змагаліся 70 навучэнцаў 8—10 класаў з Беларусі і 23 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі, якія працавалі ў пяці секцыях: “Энтамалогія”, “Гідрабіялогія”, “Глебазнаўства”, “Батаніка” і “Арніталогія”. Усе яны пераможцы алімпіяд, конкурсаў, злётаў па экалогіі і біялогіі, а іх экалагічную дасведчанасць ацэньвалі лепшыя вучоныя абедзвюх краін. Але гэта не перашкодзіла Таццяне, якая яшчэ летась магла пазнаць хіба толькі вераб’я ці варону, атрымаць перамогу.

“Усё пачалося з таго, што я ў 9 класе паспяхова выступіла на абласной алімпіядзе па біялогіі, — расказвае Таццяна. — Летась мяне запрасілі на абласны злёт юных эколагаў, дзе я трапіла ў секцыю арніталогіі, што было для мяне вельмі нечаканым. Я як удзельніца фларыстычных мерапрыемстваў магла трошкі разбірацца хіба што ў батаніцы. Пра птушак нічога не ведала, нават не ведала, што вераб’і бываюць двух відаў: палявыя і дамавыя. Але я не пашкадавала. Мяне птушкі вельмі зацікавілі. Прыехаўшы дадому, вывучала ўсю літаратуру, якую магла знайсці, штурмавала інтэрнэт. І летась, і сёлета я адпачывала і працавала з вучонымі ў рэспубліканскім профільным лагеры “Юны эколаг”. Я ніколі не думала, што ў Беларусі столькі птушак! І ніколі не думала, што магу рана ўставаць, нават не чакаючы будзільніка. Штодзень у 6 гадзін раніцы мы былі ўжо ў лесе, калі, яшчэ не напужаныя людзьмі і аўтамабілямі, птушкі спявалі. Але я ў прадчуванні гэтага ўсё роўна не магла спаць. Шкада толькі, што птушкі палахлівыя: іх нельга спыніць — каб разгледзець, у нас ёсць пара секунд.

Не магла я наталіцца птушынымі галасамі і дома. Побач — лес, і я часта прагульваюся яго сцежкамі. Але раней птушак там нават не заўважала, а калі прыслухалася, угледзелася — іх жа тут безліч: попаўзні, крапіўнікі, розныя пеначкі… Каб іх знайсці, трэба мець пэўную базу. Трэба ведаць іх спевы, галасы. У мяне, напрыклад, у тэлефоне — аўдыязапісы галасоў усіх птушак, і я часта іх слухала і запамінала”.

На злёце Таццяна і іншыя ўдзельнікі толькі назіралі, рабілі прэзентацыі, абаранялі свае работы перад вучонымі. Незнаёмых птушак пачуць не ўдалося. “Арнітолагам не пашанцавала з часам злёту: у ліпені птушкі ўжо не спяваюць, — тлумачыць дзяўчына. — Аднак нас парадавалі вялікія бакланы. Я іх ніколі не бачыла, а тут іх — цэлае мора. Сустрэлі і чырванакніжніка арлана-белахвоста, нават сфатаграфавалі, як ён ляцеў з рыбай у лапах: хутчэй за ўсё, у яго там было гняздо”.

Хоць і прынята лічыць, што на любых спаборніцтвах, хоць сабе і экалагічных, павінна быць барацьба з сапернікам, але на злёце яна адсутнічала зусім. Наадварот, была сяброўская атмасфера, тым больш што беларусы і расіяне працавалі ў парах, заданні выконвалі побач, адно за аднаго радаваліся, дапамагалі і падчас тэарэтычнага тура, і практычнага, і ў выніковых экспедыцыях.

Сяброўству спрыялі і сумесныя забаўляльныя мерапрыемствы, і экскурсіі па Калінінградскай вобласці. Юнакі і дзяўчаты пабывалі ў Музеі Сусветнага акіяна, на арніталагічнай станцыі “Фрынгіла” Заалагічнага інстытута Расійскай акадэміі навук, у музеі “Янтарны палац”, прайшлі па Каралеўскім лесе і паспрабавалі адгадаць загадку танцуючага лесу, убачылі вышыню Эфа — адну з самых высокіх дзюн Еўропы.

“Я з дзяцінства марыла стаць урачом, але цяпер, калі маё жыццё так цесна пераплялося з экалогіяй, ужо разгубілася з выбарам. Але ў любым выпадку, калі нават і выберу медыцынскі ўніверсітэт, то буду займацца экалогіяй”, — падвяла вынік свайму не на жарт сур’ёзнаму захапленню Таццяна Чаранкевіч.

Святлана НІКІФАРАВА.