Перамога юных вучоных

Навучэнцы Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта прынялі ўдзел у конкурсе навукова-даследчых работ “Вучоныя будучыні” і вярнуліся ў родны горад з узнагародамі.

Конкурс праходзіў у Маскве ў рамках Усерасійскага фестывалю навукі, а яго галоўнай мэтай было выхаванне ў моладзі цікавасці да даследчага пошуку. Удзел у спаборніцтве прымалі больш за 130 вучняў 9—11 класаў з краін СНД.Навучэнцы ліцэя Міхаіл Аўчыннікаў і Дзмітрый Кавалеўскі выступалі ў секцыі “Фізіка”. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў фізікі Аляксандра Георгіевіча Сугакевіча, Сяргея Віктаравіча Гусева і Аляксандра Эдуардавіча Плятнёва хлопцы займаліся даследаваннямі па вызначэнні электраправоднасці полымя свечкі.
Менавіта гэты праект і быў прадстаўлены суддзям конкурсу. Вынік — дыпломы ІІ ступені, сярэбраныя медалі і шматлікія прызы ад спонсараў. Па словах настаўніка фізікі Аляксандра Сугакевіча, гэта далёка не першая падобная перамога.
— У нашым ліцэі шмат дзяцей, захопленых навукай. Ліцэісты добра праяўляюць сябе кожны навучальны год. Бліскучыя перамогі яны атрымліваюць на абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах. Развіваць здольнасці навучэнцаў, раскрываючы іх таленты, мы будзем і далей, — падкрэсліў Аляксандр Георгіевіч.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Ліцэем Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.