Перамога з моцным характарам

- 11:00Адукацыйная прастора, Апошнія запісы, Рознае

З 45-й Міжнароднай фізічнай алімпіяды беларускія школьнікі вярнуліся з чатырма сярэбранымі медалямі. У спаборніцтвах, якія праходзілі ў Астане (Казахстан), прымала ўдзел каля 400 школьнікаў з 85 краін. Арганізатарамі алімпіяды выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Казахстан, Назарбаеў Універсітэт і Казахстанскі рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр па рабоце з адоранымі дзецьмі “Дарын”.

Сярэбранымі прызёрамі спаборніцтваў сталі адзінаццацікласнікі Ліцэя БДУ Аляксей Горлач і Стасіс Чучурка (настаўнік — Леанід Рыгоравіч Марковіч), а таксама Антон Хвалюк з гімназіі № 29 Мінска (настаўнік — Ігар Леанідавіч Лобач) і Ілья Перапечка з гімназіі № 3 Салігорска (настаўніца — Валянціна Аркадзьеўна Карповіч). Навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Ягор Маковіч узнагароджаны пахвальным водзывам (настаўнік — Ігар Генадзьевіч Лашкевіч).
Кіраўнікамі беларускай каманды былі загадчык кафедры фізікі Ліцэя БДУ Леанід Марковіч і магістрант фізічнага факультэта БДУ Мікіта Лапо — пераможца Міжнароднай алімпіяды па фізіцы ў мінулым. Падрыхтоўкай школьнікаў да спаборніцтваў займаўся трэнерскі штаб, у які, акрамя кіраўнікоў каманды, уваходзілі загадчык кафедры агульнай фізікі фізічнага факультэта БДУ А.І.Слабадзянюк, загадчык вучэбнай лабараторыі факультэта М.Казлоўскі, выкладчыкі Ліцэя БДУ С.М.Мацуковіч і Н.А.Мацуковіч. А дапамагалі ім залатыя медалісты мінулых гадоў Ігар Лобач, Вадзім Рэўт, Альберт Самойленка і Андрэй Клішын. Сёлета на месца ў камандзе прэтэндавалі дзесяць школьнікаў — усе лідары Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. Па выніках перадалімпіядных збораў, якія праходзілі ў тры этапы (па 10 дзён кожны), была сфарміравана каманда, і інтэнсіўная падрыхтоўка да алімпіяды пачалася. Улічвалася многае: і добрае веданне школьнікамі фізікі і матэматыкі, і тое, наколькі ўмела яны могуць весці эксперыменты. Пры адборы ў каманду меў значэнне нават почырк — разборлівы ён ці не. Трэнеры нагадвалі дзецям, што іх работы будуць правяраць замежныя спецыялісты, і каб ім усё было зразумела, неабходна рашэнні задач афармляць даходліва і акуратна.

Задачы сёлета аказаліся нечакана складанымі, а іх тэмы — нетыповымі. Аб гэтым сведчыць той факт, што колькасць балаў, за якую ўжо можна было атрымаць “золата”, параўнальна невысокая: 27 з 50 магчымых. Абсалютны пераможца алімпіяды (прадстаўнік Кітая) набраў 44 балы.
Спаборнічалі школьнікі традыцыйна ў двух турах: тэарэтычным і эксперыментальным. На тэарэтычным туры былі прапанаваны тры задачы, яны змяшчаліся на 10 старонках. За 5 гадзін школьнікі павінны былі справіцца з задачамі. Першая, можна сказаць, разміначная (складалася з трох не звязаных паміж сабой падзадач), падобная даецца на нашай Рэспубліканскай алімпіядзе па фізіцы. Зразумела, што на міжнародных спаборніцтвах яна была складаней. Другая задача была мадэльнага плана, вельмі складаная. Школьнікам трэба было даследаваць уласцівасці вадкасці і газу. З гэтай мэтай ім прапаноўвалася ўраўненне Ван-дэр-Ваальса, за якое вучоны атрымаў Нобелеўскую прэмію. Пры выкананні трэцяй задачы неабходна было даследаваць уласцівасці газавага разраду і ўмовы, пры якіх можа ўзнікаць пэўны тып газавага разраду (той, які ўзнікае самастойна і які ўзнікае пад уплывам знешніх фактараў). Школьнікам трэба было глыбока прааналізаваць гэтыя працэсы, пабудаваць мадэлі, зрабіць разлікі і высновы.
Адметна, што ўпершыню за 45-гадовую гісторыю алімпіяды заданне для другога тура распрацавалі супрацоўнікі фізічнага факультэта БДУ — загадчык кафедры агульнай фізікі Анатоль Слабадзянюк і загадчык вучэбнай лабараторыі Мікалай Казлоўскі. Абсталяванне ж для рашэння гэтай эксперыментальнай задачы таксама было створана ў Мінску на Навукова-вытворчым рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве “Актыў БДУ”.

“У апошнія гады я пастаянна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па фізіцы, якая традыцыйна праводзіцца ў студзені ў Алматы, — расказаў Анатоль Іванавіч. — І сёлета беларусам прапанавалі распрацаваць задачу для эксперыментальнага тура 45-й Міжнароднай алімпіяды. Задача наша складаецца з трох вялікіх частак, і рашыць яе школьнікам неабходна было за 5 гадзін. У працэсе эксперымента ім належала вывучыць змяненне палярызацыі святла пры праходжанні праз празрыстыя матэрыялы. Яны даследавалі аптычныя ўласцівасці пластмасы (на прыкладзе звычайнай лінейкі) пры механічных напружаннях і выгібе, а таксама ўласцівасці вадкага крышталя пры розных электрычных напружаннях. Лінейка змяшчалася ва ўстаноўку паміж двума паляроідамі. Пры даследаванні выкарыстоўваліся лазерная крыніца святла, фотапрыёмнік, малекулы вадкага крышталя. Змяненні фіксавала сістэма рэгістрацыі інтэнсіўнасці святла. Юным фізікам трэба было вельмі акуратна ўсё змерыць, зрабіць разлікі і арыгінальным спосабам апрацаваць вынікі. Аптычныя прыборы, якія неабходна было зрабіць для эксперымента, наступныя: фотапрыёмнік, дзве крыніцы святла, паляроіды, вадкі крышталь, а таксама розныя электрычныя прыборы. Усе жадаючыя падчас алімпіяды маглі набыць гэтае абсталяванне, што і рабілі прадстаўнікі многіх краін”.
Усе нашы школьнікі, якія ўдзельнічалі ў алімпіядзе, — адзінаццацікласнікі. Амаль усе яны ўжо вызначыліся з далейшым месцам вучобы. Трое з пяці выбіраюць фізічны факультэт БДУ, яшчэ адзін пойдзе ў БНТУ. Толькі адзін юнак пакуль не вызначыўся канчаткова. Стасіс Чучурка, напрыклад, вырашыў вучыцца ў БДУ. Гісторыя гэтага юнака ў многім павучальная. Ён родам з Астравецкага раёна, вучыўся ў Кемелішкаўскім яслях-садзе — сярэдняй школе. Любоў да фізікі прывіла настаўніца Ванда Міхайлаўна Вайцяховіч. Алімпіядныя поспехі прыйшлі да Стасіса не адразу. Дзякуючы ўпартым заняткам і моцнаму характару, ён змог дасягнуць многага: паступіў у Ліцэй БДУ, выйграў спачатку Рэспубліканскую алімпіяду па фізіцы, і, нарэшце, атрымаў сярэбраны медаль на міжнароднай.

У Казахстане для юных фізікаў падрыхтавалі багатую культурную праграму. Школьнікі падарожнічалі з экскурсіямі па Астане — па маладым, прагрэсіўным і вельмі ажыўленым горадзе, ад унікальных будынкаў якога захоплівае дух. Выдатным і амбіцыйным праектам казахскай сталіцы з’яўляецца Назарбаеў Універсітэт, дзе і праходзіла міжнародная алімпіяда. Школьнікі пазнаёміліся з нацыянальнымі звычаямі казахаў, наведалі ўрочышча Баравое — курортную зону, дзе ўбачылі сакалінае паляванне, юрты і пакаштавалі кумыс. Была і экскурсія па рацэ. Пры такім гасцінным і цёплым прыёме ніхто не звяртаў увагу на асаблівасці і перапады надвор’я. А клімат на большай частцы тэрыторыі Казахстана рэзка кантынентальны: прыляцелі беларусы ў Астану ноччу, калі было ўсяго 9 градусаў цяпла, а днём тэмпературны слупок узняўся да трыццаці градусаў вышэй за нуль.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.