Перамогі мовазнаўцаў у Маскве

У пачатку сакавіка ў Маскве адбылася XXII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Мовазнаўства для ўсіх”, у якой узялі ўдзел навучэнцы 6—11 класаў школ Масквы, рэгіёнаў Расіі, краін СНД і Балтыі, студэнты некалькіх УВА. Сярод іх і навучэнцы Мінскай вобласці.

Кожны год задаецца тэматыка канферэнцыі. Сёлетні напрамак — “Мова і школа”. У першы дзень юныя філолагі абменьваліся меркаваннямі падчас работы круглых сталоў, для іх была арганізавана інтэрактыўная лінгвістычная гульня “Чароўнае люстэрка”, прайшлі слуханні студэнцкіх дакладаў. У другі дзень школьнікі прадставілі вынікі сваіх даследаванняў у адзінаццаці секцыях.

Дзевяцікласнік Андрэй Міхайлаў і адзінаццацікласніца Варвара Міхайлава з Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя выступілі ў секцыі “Мова розных прадметных галін, якія вывучаюцца ў школе” з дакладам “Геаграфічная тэрміналогія ў школьных падручніках розных пакаленняў”, за які былі ўдастоены дыплома I ступені. Падрыхтавала даследчыкаў настаўніца геаграфіі Людміла Георгіеўна Альгамец.

Васьмікласнікі Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Віталіна Віннік і Уладзіслаў Прымака выступілі з дакладамі ў секцыі “Лексіка-семантычны аналіз” і таксама атрымалі высокую ацэнку журы. Віталіна ўзнагароджана дыпломам I ступені за даследаванне “Утварэнне скарочаных мужчынскіх імёнаў у рускай, беларускай і польскай мовах”, Уладзіслаў — дыпломам III ступені за работу “Эмацыянальная карціна свету беларусаў (на прыкладзе кагнітыўных метафар)”. Навучэнцаў падрыхтавалі настаўніца рускай мовы і літаратуры Іна Рычардаўна Віннік і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Мікалаеўна Сырыца.

У рабоце студэнцкай секцыі прыняла ўдзел Валерыя Альгамец, выпускніца Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, цяпер студэнтка геаграфічнага факультэта БДУ. Удзельнікі вярнуліся дадому поўныя ўражанняў і ідэй для новых даследаванняў.

Іна ВІННІК.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *