Перамогі найвышэйшай пробы

Днямі ў Маскве завяршылася 45-я Міжнародная алімпіяда па хіміі (IchO2013), у якой прыняў удзел 291 школьнік з 77 краін. Спаборніцтвы праходзілі на базе хімічнага факультэта МДУ імя М.В.Ламаносава. Выступленне беларускай каманды ў гэтым годзе было паспяховым: старшакласнікі заваявалі адзін залаты і тры сярэбраныя медалі.

“Золата” атрымаў Сяргей Кузоўчыкаў з гімназіі № 1 Мінска імя Ф.Скарыны (настаўніца Н.С.Краўцова), сярэбраныя медалі ў Аляксандры Дземідовіч з гімназіі № 15 Мінска (настаўніца Н.Д.Рахманава), у Мікалая Арцюшэўскага з Ліцэя БДУ (настаўнік В.Э.Матуліс) і Андрэя Шведа з гімназіі № 12 Мінска (настаўніца С.М.Светнік).
Нагадаем, што сёлета беларускія школьнікі паклалі ў агульную “хімічную” скарбонку міжнародных алімпіяд восьмае па ліку “золата” (з 1996 года Беларусь пачала прымаць удзел у міжнародных алімпіядах). У нас ужо 33 сярэбраныя і 27 бронзавых медалёў. Пры тым, што ўсяго ўдзел у алімпіядах па хіміі прынялі 72 школьнікі.
Перадалімпіядныя зборы сёлета, як і заўсёды, праходзілі ў два этапы. З 12 прэтэндэнтаў да ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе былі выбраны 4, і ў чэрвені яны на працягу 18 дзён рыхтаваліся да спаборніцтваў. Навуковыя кіраўнікі збораў — дацэнт кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі БДУ Віктар Мікалаевіч Хвалюк і дацэнт кафедры электрахіміі БДУ Яўген Уладзіміравіч Паўлечка.
Выпрабаванне ў Маскве было не з самых лёгкіх: 8 задач прапаноўвалася на тэарэтычным туры (рашыць іх трэба было за 5 гадзін) і 3 задачы на эксперыментальным туры (разлічаныя таксама на 5 гадзін). Тэарэтычныя задачы былі надзвычай складанымі, камплект заданняў складаў 42 старонкі. Тэматыка іх наступная: графен, просты неарганічны сінтэз, фотасінтэз Хіла, біяхімія архібактэрый, арганічны цыклапрапанавы сінтэз, аналітычная хімія і г.д. Задачы былі не зусім дэтэрмінаванымі, ацэньвалася не толькі дакладнасць іх рашэння, але і крэатыўны падыход да пошуку рашэння, лагічны шлях да яго, тое, наколькі ён абгрунтаваны. Па сутнасці, гэта былі адкрытыя задачы: пачатак рашэння ва ўсіх быў аднолькавы, але ў канцы яго можна было прапаноўваць свае варыянты.
На эксперыментальным туры першае заданне тычылася арганічнага сінтэзу (трэба было сінтэзаваць рэчыва, ачысціць яго, высушыць, узважыць і вызначыць атрыманую колькасць). Другое заданне — з аналітычнай хіміі (на колькасны аналіз і цытраванне вады з басейна). І трэцяе — на вісказіметрыю (патрабавалася памерыць вязкасць прапанаваных адзінак палімера, пасля на падставе атрыманых вынікаў вызначыць характарыстыкі невядомага раствору палімера). Да эксперыментаў беларускія школьнікі былі добра падрыхтаваны, усё абсталяванне ім было знаёма.
Аб’ём алімпідяных заданняў па традыцыі ахопліваў поўны пяцігадовы ўніверсітэцкі курс па хіміі з усімі спецкурсамі, у аснову задач былі пакладзены навуковыя артыкулы. Узровень алімпіяды быў настолькі высокім, што пры максімальных 100 балах (40 тэарэтычных і 60 практычных) залаты медаль давалі за 66 балаў і вышэй. У мінулыя гады за такую колькасць балаў у лепшым выпадку школьнікі атрымлівалі “бронзу” або ганаровую грамату.
“Нашым школьнікам нават лепш, калі заданні вельмі складаныя, — падкрэсліў Віктар Мікалаевіч Хвалюк. — Калі яны звычайныя, то цяжка адарвацца ад сапернікаў, розніца ў балах нязначная, таму медаль атрымаць няпроста. Мы ведаем, што Масква, як правіла, прапаноўвае надзвычай складаныя заданні (на адной з маскоўскіх міжнародных алімпіяд “золата” давалі нават за 58 балаў), таму настройвалі сваіх навучэнцаў на сапраўднае выпрабаванне. У іншых краінах міжнародныя спаборніцтвы больш акадэмічныя: дастаткова выдатна ведаць матэрыял падручнікаў – і ўсё можна рашыць. У Маскве гэтага недастаткова. Заданні былі блізкімі да ўзроўню Мендзялееўскіх алімпіяд, а паколькі нашы дзеці мелі вопыт удзелу ў іх, то ім было лягчэй. Хаця, як і заўсёды, не хапіла часу, каб усё выканаць”.
Традыцыйна школьнікі добра адпачылі: прынялі ўдзел у агляднай экскурсіі па Маскве, наведалі Крэмль, цырк, заапарк, паплавалі на караблі па Масква-рацэ. Для дзяцей былі прадугледжаны забаўляльныя мерапрыемствы ў Ква-Ква парку (аквапарку), гульні ў пейнтбол, дыскатэкі.

Надзея ЦЕРАХАВА.