Перамогі натхняюць і абавязваюць

- 10:10Навіны рэгіёнаў

На абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды 30 дыпломаў заваявалі вучні гомельскай гімназіі № 51. Гэта абсалютны рэкорд сярод іншых устаноў на Гомельшчыне. Дарэчы, гімназія стабільна ў лідарах. Між тым Савецкі раён Гомеля, на тэрыторыі якога размешчана гімназія, таксама першы ў Гомельскай вобласці па колькасці дыпломаў — сёлета іх 67.

У лёгкай сяброўскай атмасферы сваю мінуту славы атрымалі настаўнікі, бацькі і іх таленавітыя дзеці. На ўшанаванне лепшых вучняў гімназіі запрошаны начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў. Ён усміхаецца, бо некалі, калі яшчэ быў кіраўніком аддзела адукацыі Жлобінскага раёна, спрабаваў дагнаць раён па колькасці алімпіядных дыпломаў:
— Але ж Савецкі раён заўсёды быў напера­дзе. З вялікай павагай стаўлюся да калектыву выкладчыкаў і дзяцей гімназіі № 51. На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды ўстанова зноў паказала сур’ёзны вынік. Праўда, у яе былі і лепшыя гады, калі заваёўвалі 40 і 35 дыпломаў, — так што ёсць да чаго імкнуцца. Дзякуй усім за вашу работу.

Між тым да свята прымеркавалі і адкрыццё цалкам адрамантаванай актавай залы. Таму вучні, настаўнікі і бацькі адразу ж ацэньвалі і адноўлены шыкоўны інтэр’ер у карпаратыўным бардовым колеры.

Выпускнік гімназіі Андрэй Касцяной ужо не хвалюецца аб паступленні ва УВА. Бюджэтнае месца яму гарантаваў залаты медаль, атрыманы на Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе. На апошняй абласной прадметнай алімпіядзе па інфарматыцы ў хлопца дыплом І ступені.

— Цяпер я 5—6 гадзін у дзень займаюся інфарматыкай. У інтэрнэце ёсць некалькі сайтаў, дзе кожны тыдзень выкладваюць заданні. Я спрабую іх рашаць. Займацца інфарматыкай пачаў у 2 класе пад кіраўніцтвам Міхаіла Далінскага ў школе № 27. У 5 класе думаў, што кіну, але ж перарос і стаў рупліва займацца далей. У гэтую гімназію перайшоў у 9 класе з сярэдняй школы № 45. Раней ха­дзіў і на плаванне, і на танцы, і на “Што? Дзе? Калі?”, але потым інфарматыка ўсё выцесніла. Дакументы планую падаваць на прыкладную матэматыку і інфарматыку ў БДУ. У перспектыве, што тычыцца працаўладкавання, хацелася б працаваць у вялікай IT-кампаніі, але жыць у Беларусі. Я не хацеў бы з’язджаць куды-небудзь, — расказаў Андрэй.

Менавіта ў БДУ на прыкладную матэматыку і інфарматыку паступіў леташні выпускнік установы і алімпіяднік Мікалай Гапаняка. Цяпер ён прыехаў нат­хніць сваіх малодшых сяброў і панастальгіра­ваць пра цудоўны час, калі вучыўся ў гімназіі.

— Сумую па бесклапотным часе, калі трэба было куды менш усяго вучыць. Сумую па жартах свайго выкладчыка Аляксандра Струка, па аднакласніках таксама, — гаворыць хлопец.

Яшчэ адзін леташні выпускнік — Аляксей Бруёк — цяпер студэнт Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута. Сарамлівага прыгожага хлопца дырэктар гімназіі № 51 Аляксандр Пахучы прадстаўляе як “гонар нашай установы”.

— Аляксей ужо ўвайшоў у гісторыю нашай гімназіі. У яго быў стабальны сертыфікат па тэсціраванні, чатыры перамогі на Рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы. Два разы перамагаў на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ. Заваяваў два медалі на міжнародных алімпіядах па ма­тэматыцы, — адзначыў ды­рэктар.

Сам юнак сціпла раіць малодшым гімназістам:

— Ніколі не спыняйцеся. Усё, чаго вы дасягнулі, можна прымножыць яшчэ больш.

Вучням — сертыфікаты, якія яны знімаюць са спецыяльнага дрэва ведаў, а для выкладчыкаў пад­рыхтаваны “грашовыя дрэўцы”. Сапраўды грашовыя: у якасці кветачкі на іх буйная купюра.
10 з 30 заваяваных гімназістамі па дзесяці прадметах дыпломаў — па матэматыцы. І ў гэтым вялікая заслуга настаўніка-метадыста гімназіі Аляксандра Струка. Як трэнер абласной каманды і каманды гімназіі ён падрыхтаваў некалькі дзясяткаў школьнікаў, якія сталі пераможцамі матэматычных алімпіяд розных узроўняў, уключаючы міжнародныя.

На ўшанаванні ў гімназіі № 51 апладысменты гучалі бясконца. Павіншавалі ў тым ліку пераможцаў розных інтэлектуальных, творчых і спартыўных конкурсаў. Напрыклад, гімназісты сталі лепшымі па выніках абласной навукова-даследчай канферэнцыі “Пошук” і цяпер рыхтуюць свае праекты на рэспубліканскі конкурс даследчых работ. Самая юная з узнагароджаных — другакласніца Ульяна Кругляк — атрымала дыплом за ўдзел у абласным конкурсе творчых праектаў “Юны блогер”.

Звыш 200 пераможцаў алімпіяды прадставяць Гомельскую вобласць на заключным этапе рэспуб­ліканскай алімпіяды. 14 з іх — ад гомельскай гімназіі № 51. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў нагадаў дзецям, што рэспубліканскі этап вельмі складаны:

— Мы вельмі спадзяёмся на вас. Тыя вынікі, якія вы пакажаце, пойдуць у залік усёй вобласці. Таму ўдачы і цярпення вам, дарагія дзеці.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.