Перамогі сучаснікаў у гонар папярэднікаў

У горадзе над Бугам завяршыліся фінальныя спаборніцтвы XV Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў — 2021.

На працягу 11 дзён больш за 2,5 тысячы юных спартсменаў ва ўзросце ад 13 да 16 гадоў змагаліся за званне лепшых у 21 ві­дзе спорту — у 19 алімпійскіх і 2 неалімпійскіх (шашках і шахматах). Спаборніцтвы па летніх відах спорту праходзілі на базе 14 спартыўных аб’ектаў вобласці: у Брэсце, Баранавічах, Пінску і Пружанах, а таксама на базе Магілёўскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Галоўную судзейскую калегію ўзначальваў майстар спорту міжнароднага класа сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 1980 года па стральбе з лука Б.В.Ісачанка.

Вынікі шматдзённага марафону былі ўрачыста падве­дзены 22 чэрвеня на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”. У цырымоніі ўзнагаро­джання пераможцаў і прызёраў спартакіяды ўдзельнічаў міністр адукацыі І.В.Карпенка, які ў пачатку мерапрыемства разам з іншымі ганаровымі гасцямі ўскла­ў кветкі да скульптурнай кампазіцыі “Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужна крочылі ў бессмяротнасць”.

Вітаючы фіналістаў спартакіяды, І.В.Карпенка заўважыў, што цырымонія яе закрыцця нездарма праходзіць у легендарнай цытадэлі над Бугам. “Мы павінны аддаць даніну павагі тым, хто дзеля мірнага жыцця наступных пакаленняў ахвяраваў сваім жыццём, тым, дзякуючы каму мы жывём, працуем і вучымся ў цудоўнай краіне. Без іх подзвігу не было б сённяшніх поспехаў моладзі”, — адзначыў міністр.

Удзельнікі мерапрыемст­ва ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне.

Затым І.В.Карпенка зноў звярнуўся да юных спартсменаў: “Вы ўсе малайцы, бо ўмее­це настойліва працаваць і дабівацца вынікаў. Не спыняйцеся на дасягнутым. Удасканальвайцеся, упэўнена ідзіце да пастаўленай мэты. Настойлівасць, сіла волі, працавітасць і спартыўная сумленнасць абавязкова прывядуць да поспеху. Жадаю, каб гэтыя спаборніцтвы пакінулі ў вас толькі цёплыя ўспаміны, бо яны падарылі выдатную магчымасць стаць больш моцнымі і ўпэўненымі. Няхай спорт заўсёды прысутнічае ў вашым жыцці!”

Пераможцамі спартакіяды ў зімовых відах спорту сталі каманды Мінска, Гродзеншчыны і Магілёўшчыны, у летніх — каманды Гродзеншчыны, Мінска і Гомельшчыны. У агульным заліку лепшымі аказаліся юныя спартсмены Гродзеншчыны, на 2-м месцы — прадстаўнікі Мінска, на 3-м — прадстаўнікі Гомельшчыны.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання сцяг спартакіяды быў урачыста перададзены ад Брэстчыны Віцебшчыне.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.