Перамогі ў алімпіядах і крок да будучай прафесіі

- 11:00Навіны рэгіёнаў

Выпускніца сярэдняй школы № 31 Гродна Надзея Ушчапоўская заваявала сярэбраны медаль на 32-й Міжнароднай біялагічнай алімпіядзе (IBO 2021).

Поспех юнай гродзенкі невыпадковы. Надзея Ушчапоў­ская на працягу апошніх пяці гадоў шмат увагі ўдзяляла біялогіі, дадаткова займалася з педагогам. Настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 31 Гродна Святлана Паўлоў­ская ганарыцца поспехамі сваёй вучаніцы.

— Надзея вельмі адораная дзяўчына, яна валодае логікай, умее аналізаваць, супастаўляць факты, у яе аналітычны склад розуму, — адзначыла Святлана Віктараўна. — Мы пачалі займацца з 7 класа. Як толькі мая вучаніца напісала першую пісьмовую работу, а там было заданне пятага ўзроўню складанасці, дзе неабходна было паказаць такія якасці, як аналітычны склад розуму, творчасць, я ўбачыла яе высокі патэнцыял. І адразу прапанавала Надзеі займацца дадаткова і рыхтавацца да ўдзелу ў алімпіядах. Усе наступныя пяць гадоў мы гэтым і займаліся.

На сваёй першай раённай алімпіядзе па біялогіі ў 7 класе Надзея Ушчапоўская стала абсалютнай пераможцай, як і ў 8 класе на абласной алімпіядзе, у 9 класе — на раённай і абласной алімпіядах, таксама атрымала дыплом I ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. У 10 класе яна абсалютна першая на ўзроўні раёна і вобласці, заключнага этапу ў сувязі з кавідам у той год не было. І ў 11 класе На­дзея зноў абсалютная пераможца раённага і абласнога этапаў, пераможца Рэспубліканскага этапу алімпіяды па біялогіі і сярэбраная прызёрка Міжнароднай біялагічнай алімпіяды. 

— Мне было вельмі прыемна працаваць з Надзеяй, бо яна цікавіцца ўсім, заўсёды задавала шмат пытанняў, не павярхоўна, а вельмі глыбока ўнікала ў кожную тэму, з задавальненнем дадаткова чытала спецыяльную літаратуру. У яе была мэта, і, шмат працуючы, яна ішла да яе здзяйснення. Я ўпэўнена, што ў Мінску яе заўважаць, — расказала Святлана Паўлоўская.

Сёння Надзея Ушчапоўская ўжо студэнтка стаматалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

— Біялогіяй я зацікавілася ў 7 класе, падштурхнула да гэтага Святлана Віктараўна, — прызналася Надзея. — Мяне прыцягвала магчымасць убачыць нешта прыгожае ў прыродзе, заўважыць нейкія ўзаемасувязі паміж асобнымі элементамі, даведацца, па якіх прынцыпах жывуць арганізмы. Стаматолагам захацела стаць у старшых класах. Мне падабаецца, калі чалавек пасля візітаў да стаматолага з кожным сеансам становіцца прыгажэйшым. Такія змены прыносяц­ь задавальненне і пацыенту, і ўрачу. І гэта не толькі прыгажосць, але і ў першую чаргу здароўе.

Пакуль заняткі ва ўніверсітэце не пачаліся, у Надзеі ёсць час адпачыць. Тым больш, у апошні год прыйшлося шмат займацца, каб мара стаць студэнтам, а затым са­праўдным урачом магла здзейсніцца. Наперадзе таксама складаны час вучобы, але дзяўчына цяжкасцей не баіцца. Галоўнае — яна бу­дзе займацца любімай справай.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота з архіва Н.Ушчапоўскай.