Кантакт з класам у падмурак паспяховага ўрока. А каб вучні цябе пачулі, трэба быць сучасным, мабільным і не проста адукаваным, а высокаэрудзіраваным у сваёй галіне (і не толькі) педагогам. З наладжвання зносін з дзецьмі пачынае работу ў кожным новым класе настаўнік астраноміі і інфарматыкі гімназіі № 1 Брэста Юрый Канстанцінавіч ЖЫГАРЭВІЧ.
Тое, што Юрый Канстанцінавіч вельмі начытаны і прафесійна падкаваны, ведаюць у гімназіі і вучні, і калегі. Ён аўтарытэтны член педагагічнага калектыву, зразумела, карыстаецца павагай калег, вучняў і іх бацькоў, неаднаразова перамагаў у конкурсе апякунскай рады ў намінацыі “Любімы настаўнік”. А трымаць марку любімага настаўніка ў розных класах — няпростая задача. Хаця да гэтага імкнуцца дарэмна. Ты або любімы настаўнік, або звычайны. Дзеці не прымаюць няшчырасці і дэманстратыўнасці.
Юрый Канстанцінавіч далікатны і адказны. Дарэчы, на гэтым адразу зрабіла акцэнт дырэктар гімназіі Лідзія Іванаўна Сцепанюк, калі я патэлефанавала, каб даведацца пра настаўніка. “Ён зацікаўлена адносіцца да ўсяго новага, адаптуе яго ў сваёй практыцы і эфектыўна выкарыстоўвае ў ходзе заняткаў.
Урокі Юрыя Канстанцінавіча праходзяць на ўзроўні сучасных педагагічных патрабаванняў, асаблівую ўвагу ўдзяляе выхаванню ўстойлівай цікавасці вучняў да прадмета. Кожны яго ўрок мае мэтавую накіраванасць, педагог выкарыстоўвае аптымальнае спалучэнне метадаў, форм і сродкаў навучання, што садзейнічае актыўнай пазнавальнай дзейнасці вучняў, фарміраванню ў іх навыкаў самастойнай вучэбнай работы.
Такі падыход дазваляе настаўніку плённа працаваць з адоранымі дзецьмі і дасягаць высокіх вынікаў на алімпіядах і конкурсах па інфарматыцы і астраноміі. За апошнія тры гады ён падрыхтаваў 14 пераможцаў другога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы і астраноміі, 6 пераможцаў трэцяга этапу. У 2019 годзе вучань Юрыя Канстанцінавіча Андрэй Стралоў быў узнагароджаны дыпломам
III cтупені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі.
Наш Юрый Канстанцінавіч — ініцыятыўны і творчы настаўнік. Пад яго кіраўніцтвам у гімназіі распрацаваны і рэалізаваны адукацыйны праект “Інфарматыка ў сярэдняй школе з магчымасцю дыстанцыйнага навучання”. Вынікі работы настаўніка ў гэтым кірунку дазволілі стварыць сістэму даследчай дзейнасці вучняў і настаўнікаў.
Яшчэ яго вучні з’яўляюцца пераможцамі гарадскога конкурсу “Web-майстар”, абласной навуковай канферэнцыі “IT-мяжа”, рэспубліканскага конкурсу “JuniorSkill-web-канструяванне” (дыплом III ступені), маюць 3 навуковыя публікацыі VI Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Вылічальныя метады, мадэлі і адукацыйныя тэхналогіі”.
На працягу 6 гадоў Ю.К.Жыгарэвіч кіраваў вучэбна-метадычным аб’яднаннем настаўнікаў інфарматыкі і матэматыкі гімназіі, ён заўсёды актыўна працуе над павышэннем свайго прафесійнага майстэрства. У скарбонцы дасягненняў педагога — прэмія спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў”, — расказала дырэктар гімназіі.
Выкладаць інфарматыку і астраномію паралельна, магчыма, незвычайна (для нас больш звычная камбінацыя — фізіка і астраномія), але дапамагаюць міжпрадметныя сувязі. Сёння вывучаць астраномію без навыкаў валодання ПК надзвычай складана. І калі на ўроках інфарматыкі Юрый Канстанцінавіч — упэўнены карыстальнік, здольны навучыць праграмаванню, то на астраноміі ён цікавы і захоплены апавядальнік.
“Акрамя абавязковага вучэбнага матэрыялу, заўсёды імкнуся расказаць што-небудзь цікавае, паведамляць пра ўсе навінкі ў астраноміі. Выкарыстоўваю мультымедыя, бо тут лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць”, — адзначыў настаўнік. Каб не прапусціць нічога, ён пастаянна маніторыць спецыяльныя інфармацыйныя крыніцы, кшталту НАSА. Часу, канечне, на ўсё не хапае, але, па меркаванні Юрыя Канстанцінавіча, педагог не можа дазволіць сабе адставаць інфармацыйна. Тым больш, калі ён працуе з алімпіяднікамі. І астраномія, і інфарматыка развіваюцца вельмі імкліва.
“Мяне цікавяць розныя метадычныя навінкі. Заўсёды прымяраю іх на свае заняткі. Але за гады работы (а гэта ўжо больш за 20) пераканаўся, што самым эфектыўным з’яўляецца класічны ўрок. Цяпер ён немагчымы без выкарыстання новых інфармацыйных тэхналогій, якія робяць яго сучасным.
Другім фактарам паспяховага ўрока з’яўляецца асоба настаўніка. Калі вы нецікавы, недасведчаны і да канца не разбіраецеся ў тым, пра што расказваеце, то вучні вас ніколі не прымуць як педагога. А калі вы цікавы апавядальнік, то праблема з дысцыплінай адпадзе сама па сабе. Цікаўнасць гарантуе поўную ўключанасць у сумесную работу.
На інфарматыцы ўпор раблю на практычны складнік. Працую па формуле: 15 мінут тэорыі, усё астатняе — практыка”, — падзяліўся Юрый Канстанцінавіч.
Поспех у інфарматыцы патрабуе асаблівага складу розуму і характару. Усё гэта, акрамя ўрокаў, настаўнік развівае на факультатыўных занятках, дзе вывучаюцца сучасныя мовы праграмавання, вэб-канструяванне. У выніку вучні Юрыя Канстанцінавіча становяцца паспяховымі не толькі на алімпіядзе, але і ў далейшым прафесійным жыцці.
Астраномія ў гімназістаў выклікае двайную цікавасць. Па-першае, сваім сусветным маштабам. Вывучаць размяшчэнне, рух, структуру, паходжанне і развіццё нябесных цел і сістэм вельмі захапляльна. Ад усяго гэтага вее загадкавасцю і пэўнай таямніцай, што, безумоўна, заварожвае. Па-другое, ёсць у захапленні астраноміяй і зямны інтарэс, які рэалізуецца праз удзел у алімпіядзе. І вучні Юрыя Канстанцінавіча штогод яго рэалізуюць. Прынамсі, на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды, які нядаўна завяршыўся ў рэгіёнах, яны заваявалі 4 дыпломы. Трое гімназістаў трапілі ў абласную каманду на рэспубліку. Вось так пераможцы будуюць свой сусвет, пашыраючы педагагічны сусвет свайго Юрыя Канстанцінавіча.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.