Перамогі юных мадэлістаў

- 12:40Навіны рэгіёнаў

У абласных спаборніцтвах па суднамадэльным спорце прынялі ўдзел навучэнцы тэхнічных цэнтраў творчасці з Гродна, Навагрудка, Слоніма і Ліды.

Былі прадстаўлены радыёкіруемыя мадэлі ў шасці класах: мадэлі-копіі даўжынёй ад 90 сантыметраў і да 2,5 метра, яхты, мадэлі, зробленыя з канструктара, мадэлі для групавых гонак аб’ёмам не больш за 2,5 сантыметра кубічнага і радыёкіруемыя мадэлі аднакорпусных катараў з электрарухавіком для групавых гонак вагой больш за 1000 грам.
Выдатныя вынікі паказалі гродзенскія і лідскія навучэнцы. Першыя месцы ў сваіх класах мадэляў занялі Павел Кірэня, Віктар Калантай, Улад Рудакоўскі, Дзмітрый Працкайла з Гродна, Андрэй Раманоўскі і Уладзіслаў Шумскі з Ліды.
І гэта не адзіны поспех гродзенскіх навучэнцаў. Як расказаў дырэктар Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў Іван Дашкевіч, у пачатку чэрвеня навучэнец цэнтра Кірыл Жабравец стаў пераможцам этапу Кубка свету FAI (у класе мадэляў S-4-А — ракетапланы) сярод 59 удзельнікаў. Спаборніцтвы адбываліся ў Польшчы, у горадзе Кракаве.
Наперадзе ў юных мадэлістаў удзел у некалькіх адказных мерапрыемствах: этапах Кубка свету па ракетамадэльным спорце ў Літве і Латвіі, а таксама ў ХІ Рэспубліканскай спартакіядзе па тэхнічных відах спорту “ТэхнаСпорт”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.