Перамогі з Наўэне

Паміж Магілёўскай гімназіяй-каледжам мастацтваў і Наўэнскай музычнай і мастацкай школай даўно наладзілася творчае супрацоўніцтва. У рамках плённага ўзаемадзеяння пастаянна ажыццяўляюцца двухбаковыя візіты. На гэтых сустрэчах праводзяцца майстар-класы педагогаў Беларусі і Латвіі, канцэрты навучэнцаў, адбываецца абмен думкамі па праблемах навучання і выхавання музычна адораных дзяцей.

Разнастайнай і насычанай выдалася і апошняя наша паездка. Галоўнай яе мэтай стаў II Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў на духавых інструментах Naujene WIND — 2018, арганізатарамі якога з’яўляюцца Наўэнская музычная і мастацкая школа, упраўленне культуры Даўгаўпілскага краю і кафедра музыкі Даўгаўпілскага ўніверсітэта.

Дарэчы, першы Naujene WIND выклікаў вялікі водгук сярод выканаўцаў на духавых інструментах, таму сёлета музычнае спаборніцтва сабрала звыш двухсот удзельнікаў з 70 музычных навучальных устаноў Латвіі, Літвы, Расіі, Украіны, Беларусі, Харватыі, Ізраіля і Польшчы. З нашай установы ў конкурсе бралі ўдзел восем навучэнцаў духавога аддзялення. На міжнародным узроўні ўсе яны выступалі ўпершыню, але гэта не перашкодзіла гімназістам з поспехам прадэманстраваць сваё майстэрства і заняць прызавыя месцы. Так, Руслана Хлястова ў сваёй катэгорыі стала першай, Арцём Мачэкін, Сяргей Пеклін, Ганна Фядосава, Ангеліна Пашкевіч, Вадзім Сідарцоў заваявалі дыпломы ІІ ступені, а Яна Коршунава і Радзівон Зорыч — ІІІ ступені.

Члены журы адзначылі цікавы, разнастайны і якасна падабраны рэпертуар канкурсантаў: дзеці цудоўна выконвалі складаныя класічныя і сучасныя творы. Яшчэ адна асаблівасць конкурсу — у ім удзельнічала шмат дзяўчат, нягледзячы на тое, што духавыя інструменты заўсёды лічыліся прэрагатывай моцнага полу. Руслана Хлястова і Ангеліна Пашкевіч у інтэрв’ю латвійскаму парталу навін Grani.lv прызналіся, што вераць у сваю вялікую музычную будучыню і перакананы: наступны раз з Даўгаўпілса ў Магілёў прывязуць ужо гран-пры.

Цікава, насычана і неяк незаўважна прайшоў чарговы наш выезд да латвійскіх сяброў. Але не за гарамі новыя сустрэчы, якія будуць садзейнічаць творчаму росту юных выканаўцаў, папулярызаваць наш горад і краіну далёка за яе межамі. Ужо ў красавіку зноў плануецца паездка навучэнцаў і педагогаў Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў у Даўгаўпілс. На гэты раз на конкурс салістаў-акардэаністаў Naujene-2018.

Наталля КУРЫЛА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў.