Перамогу прынеслі беларускія брэнды

- 17:30Адукацыйная прастора

Нядаўна ў сталіцы было агучана імя лепшага класнага кіраўніка. Ім стала Таццяна Мікалаеўна Астроўская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Маскоўскага раёна Мінска. Заваяваць першае месца Таццяне Мікалаеўне дапамог прафесіяналізм, творчы падыход да справы, уменне трымацца на сцэне і проста чалавечая абаяльнасць.

 

“Я  лічу, што сучасны настаўнік не павінен замыкацца ў сценах сваёй школы, — адзначае пераможца, — і конкурсы прафесійнага майстэрства даюць нам магчымасць не проста падзяліцца вопытам з калегамі, а і пераняць нешта новае, цікавае, інавацыйнае.
Тое, што я заняла першае месца, заслуга не толькі мая, але і маіх калег. Мне вельмі дапамагалі дырэктар школы Наталля Аляксандраўна Хамякова, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Купрэеўна Іванова і, канечне, мае самыя лепшыя ў свеце навучэнцы. Я з’яўляюся класным кіраўніком 6 “А” класа і шчаслівая ад гэтага. Мае калегі кажуць, што мне кожны раз шанцуе з класам”.

Усяго на ўдзел у конкурсе заяўкі падалі 36 педагогаў, якіх ацэньвала журы з 12 спецыялістаў. У першым туры педагогі спаборнічалі ў майстэрстве самапрэзентацыі, а таксама выступалі з адкрытай абаронай свайго вопыту работы ў якасці класнага кіраўніка. Цікава, што максімальнай колькасці балаў не набраў ніводны канкурсант.
Па суме двух выпрабаванняў у другі тур выйшлі 14 канкурсантаў. І зноў педагогаў чакалі прафесійныя іспыты: тэсціраванне “Кантрольная работа для дарослых” і мерапрыемства выхаваўчага характару “Будучыня — гэта МЫ!”.
У выніку ў фінал выйшлі 7 канкурсантаў. Калі гаварыць пра рэйтынг удзельнікаў конкурсу, з якім яны дайшлі да трэцяга этапу, то наймацнейшымі былі: Наталля Іванаўна Груздова з гімназіі № 13 Фрунзенскага раёна (98,78 бала), Алена Пятроўна Белкіна з гімназіі № 10 Маскоўскага раёна (94,96 бала) і Таццяна Мікалаеўна Астроўская з сярэдняй школы № 3 Маскоўскага раёна (94,24 бала). Далей па колькасці балаў удзельнікі размеркаваліся наступным чынам: Наталля Іосіфаўна Мірэйка з гімназіі № 5 Партызанскага раёна, Элеанора Чаславаўна Пятрашка з гімназіі № 18 Першамайскага раёна, Аляксей Ігаравіч Сегаловіч з сярэдняй школы № 24 Ленінскага раёна і Таццяна Вадзімаўна Шам з гімназіі № 24 Цэнтральнага раёна.
Конкурсным заданнем трэцяга этапу стала “Рэклама калектыўнай справы “Недзіцячыя праблемы. Дарослыя рашэнні”. І вось тут многае вырашала арыгінальнасць ідэі. Што можа рэкламаваць класны кіраўнік разам са сваімі выхаванцамі? Небяспеку на дарогах і на гульнявых пляцоўках — вырашыла Наталля Іванаўна Груздова, класны кіраўнік гімназіі № 13, і як чалавек творчы выйшла на сцэну ў касцюме святлафора. Яе юныя памочнікі прапанавалі ўласныя знакі дарожнага руху, а таксама пачаставалі членаў журы цукеркамі “Святлафорык” з Правіламі дарожнага руху на абгортцы. Дарэчы, для таго, каб выбраць лепшую абгортку, у гімназіі быў праведзены конкурс.

Фестываль беларускай культуры “Непаўторная мая Беларусь” прапанавала ў якасці калектыўнай справы сваім выхаванцам класны кіраўнік гімназіі № 18 Элеанора Чаславаўна Пятрашка. Яе дзеці мараць, каб у найбліжэйшы час Беларусь стала краінай-прэтэндэнткай на правядзенне летніх Алімпійскіх гульняў, а каб прывабіць прадстаўнікоў Міжнароднага алімпійскага камітэта, яны вырашылі рэкламаваць культурныя традыцыі сваёй краіны. Ключавым момантам калектыўнай справы стаў аўтэнтычны абрад “Гуканне вясны”. Таксама каманда гімназіі № 18 прапанавала на суд журы музей народных рамёстваў “Беларуская хатка” і паказ калекцыі адзення з ільну.
Наталля Іосіфаўна Мірэйка з гімназіі № 5 прапанавала свайму класу калектыўную справу “Святло тваёй душы”, у аснове якой — вечныя каштоўнасці: дабрыня, адносіны людзей адно да аднаго, да жывёл, да прыроды… Як вядома, такія зразумелыя ўсім рэчы не патрабуюць лішніх слоў. У якасці альтэрнатывы каманда гімназіі № 5 прапанавала папяровы тэатр. “Рабі добрыя справы нават пасярод жыццёвай навальніцы, і тады над табой абавязкова будзе свяціць сонца” — галоўная ідэя гэтага выступлення.
“Мы выбіраем беражлівасць” — так прагучала тэма выступлення Алены Пятроўны Белкінай і яе юных памочнікаў. На думку творчага калектыву гімназіі № 10, сучасныя людзі ператварыліся ў спажыўцоў, якія лепш разбіраюцца ў шматлікай прадукцыі, чым ва ўласным жыцці. Беражыце сябе, беражыце людзей, не забывайцеся пра сяброў, не заставайцеся абыякавымі — менавіта так раскрылі тэму беражлівасці ўдзельнікі конкурсу.
А.П. БелкінаАляксей Ігаравіч Сегаловіч з сярэдняй школы № 24 уразіў журы і сваіх калег школьным мюзіклам, у аснову якога лягла праблема арганізацыі вольнага часу дзяцей. Папярэднічаў мюзіклу фільм у лепшых традыцыях нямога кіно, дзе малады настаўнік, начытаўшыся ў інтэрнэце аб падлеткавых правапарушэннях, вырашыў высветліць, чым займаюцца яго дзеці. Ён тут жа арганізаваў рэйд “Вольны час”. Як аказалася, яго выхаванцы трацяць свой час бессэнсоўна. Чым жа зацікавіць падлеткаў, як накіраваць іх творчы патэнцыял на карысную справу? Педагог вырашыў прывабіць падлеткаў пастаноўкай мюзікла.
Тэму нацыянальных беларускіх традыцый працягнула класны кіраўнік гімназіі № 24 Таццяна Вадзімаўна Шам. Яна разам са сваімі выхаванцамі арганізавала фестываль гумару ў Аўцюках. Дзякуючы гэтаму выступленню, гледачы пабывалі ў беларускай вёсцы Парыж, больш даведаліся пра нацыянальныя стравы, а таксама палюбаваліся прыгажосцю слуцкіх паясоў.
Фінальнае выступленне пераможцы конкурсу Таццяны Мікалаеўны Астроўскай аказалася вырашальным, яно прынесла ёй не толькі максімальную колькасць балаў, але і шчырую ўдзячнасць глядзельнай залы за неверагодна трапны гумар і арыгінальны падыход да творчай справы. Як прызнаецца Таццяна Мікалаеўна, тэму калектыўнай справы дзеці выбралі самі. Ёй стала рэклама вядомых беларускіх брэндаў.
“Не ўсе навучэнцы школ хочуць прытрымлівацца дзелавога стылю адзення, — адзначае Таццяна Мікалаеўна. — Ідэя была ў тым, каб падобная прапанова ішла ад іх равеснікаў, каб падлеткі самі расказалі сваім сябрам пра тое, што беларускія рэчы могуць быць вельмі моднымі і якаснымі. Мы вырашылі зрабіць гэта ў вершаванай форме. У цэнтр увагі трапілі такія вядомыя брэнды, як “Мара”, “Калінка”, “Белвест”, “Галантэя”, “Беліта” і інш.”.

Вельмі верым мы, сябры,
Што ўжо з гэтае пары
І не ўзнікне думкі ў вас
Браць “Белвест” ці “Адзідас”.
Што, якое, дзе купляць
І з чаго вам выбіраць.
Не заўсёды брэнд замежны
Будзе смачны, будзе свежы.
Купляйце беларускае — вось дзе рэспект!
Давайце падтрымаем нацыянальны праект!
Купляй беларускае, будзь патрыётам —
Вось кірунак ідэалагічнай работы!

Завяршылася выступленне творчага калектыву сярэдняй школы № 3 уласнай версіяй вядомай песні “Полька беларуская”:

Спадзяёмся сёння мы
Даказалі ярка,
Беларускія тавары —
Гэта супермарка!
І не трэба нас вучыць
Абуваць у лапці,
Беларускае купіць —
Гэта значыць, добра жыць!
Ах, рэклама ты рэклама,
Не чужая, нашая,
І сукенкі й чаравікі — лепшых і нямашака!
А ў нас ёсць блузкі з лёну і спадніцы вузкія…
Паміж Польшчай і Літвою —
Наша, беларускае!

Дарэчы, аўтарам не толькі гэтых вершавых радкоў, але і ўсяго вершаванага выступлення з’яўляецца Таццяна Мікалаеўна. Яна прызнаецца, што ўсё робіць ад душы. Увогуле, яе жыццёвым дэвізам з’яўляюцца словы:

Не трэба жыць, як набяжыць.
Так жыць на свеце трэба,
Каб да апошніх дзён любіць
Людзей, зямлю і неба.

“Калі настаўнікі будуць проста любіць сваю работу, якую яны выбралі, у нас усё атрымаецца, — адзначае пераможца конкурсу. — Тым, хто не любіць дзяцей, не месца ў школе. Я рада, што побач са мной у рамках конкурсу працавалі вельмі творчыя педагогі, у якіх ёсць чаму павучыцца”.

Разам з Таццянай Мікалаеўнай Астроўскай лепшымі класнымі кіраўнікамі прызнаны Алена Пятроўна Белкіна (ІІ месца), Наталля Іванаўна Груздова (ІІІ месца) і Наталля Іосіфаўна Мірэйка (ІІІ месца).

Наталля АЛЁХІНА.

aliohina@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

br /