Каля 400 студэнтаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка працавалі летам у складзе 29 педагагічных атрадаў. Днямі іх і іх таварышаў ганаравалі на злёце студэнцкіх атрадаў БДПУ “З восені — у лета!”. Усяго ж летам больш за 1400 тутэйшых студэнтаў займаліся сацыяльна значнай дзейнасцю.
Падчас трэцяга працоўнага семестра будучыя педагогі працавалі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах, санаторыях, спартыўна і турыстычнааздараўленчых комплексах, цэнтрах рэабілітацыі Мінскай і Віцебскай абласцей. Традыцыйна студэнты педуніверсітэта былі задзейнічаны і ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйнааздараўленчым цэнтры “Зубраня”, дзе, дарэчы, працаваў атрад “Сузор’е”, які адзначыў сваё пяцігоддзе, быў пераможцам Рэспубліканскага злёту студатрадаў некалькі гадоў назад, прызёрам Мінскага гарадскога конкурсу “Працоўны семестр — 2018”. А педагагічны атрад “Ветразь” дзейнічае ўжо 20 гадоў, тройчы быў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх атрадаў у сваёй намінацыі.
Байцамі педагагічных атрадаў становяцца лепшыя студэнты, якія добра вучацца, актыўна займаюцца грамадскай дзейнасцю, паспелі паказаць сябе ў педагагічнай рабоце. Да таго ж кожны з іх вучыўся ў школе важацкага майстэрства, так што з дзецьмі летам працуюць падрыхтаваныя, адказныя, зацікаўленыя ў такой рабоце людзі. Нездарма беларускія летнікі і іншыя ўстановы ахвотна прымаюць да сябе студэнтаў БДПУ.
Пры гэтым педагагічныя атрады не адзіныя, у якіх задзейнічаны студэнты БДПУ. Так, каля 80 дзяўчат і хлопцаў добраўпарадкоўвалі жылыя пакоі ў інтэрнатах студгарадка ўніверсітэта, а таксама яго вучэбныя карпусы да навучальнага года.
Злёт студатрадаў, як заўсёды, прайшоў урачыста і весела, паставіўшы кропку ў летнім працоўным семестры 2019 года і адкрыўшы дарогу наступнаму сезону. Лепшым студэнцкім педагагічным атрадам БДПУ стаў зводны атрад “Сузор’е”, лаўрэатамі названы атрады “Ястрабяняты” факультэта прыродазнаўства, “Інтэграл” і “Пазітрон” фізікаматэматычнага факультэта. Таксама ўзнагароды і падзякі, спецыяльныя прызы з рук рэктара БДПУ Аляксандра Іванавіча Жука і іншых адказных асоб атрымалі лепшыя камандзіры і байцы студатрадаў, педагагічныя і іншыя атрады БДПУ, у тым ліку валанцёрскі атрад “Дзеці сталіцы”.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Настассі КУТЫНКА.