Пераможная сямёрка Міншчыны

Сталі вядомы імёны яшчэ адной сямёркі педагогаў, якія будуць змагацца за званне лепшага на Рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года”. 20 сакавіка былі вызначаны пераможцы конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Мінскай вобласці”.

У ролі арганізатараў мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама, Мінская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, аддзелы адукацыі спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, установы агульнай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
У першым туры конкурсу, які праходзіў ва ўсіх раёнах сталічнай вобласці, прынялі ўдзел 145 педагогаў, якія прадстаўлялі ўстановы дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Па выніках завочнага конкурсу відэаўрока (заняткаў), а таксама пісьмовага прадстаўлення сістэмы ўласнай педагагічнай дзейнасці журы адабрала 34 педагогі.
У межах абласнога этапу конкурсу педагогі далі адкрыты ўрок у незнаёмым класе (правялі заняткі ў групе дзіцячага сада); прайшлі спецыяльнае тэсціраванне з мэтай праверкі ведаў у галіне вучэбнага прадмета, які выкладаюць, педагогікі і псіхалогіі. Акрамя таго, выступілі з майстар-класамі перад студэнтамі БДУ і БДПУ імя Максіма Танка, навучэнцамі Лінгвагуманітарнага каледжа пры Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі, Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа і перад сваімі калегамі, педагогамі Мінскай вобласці.

Па выніках конкурсных выпрабаванняў у кожнай з сямі намінацый журы вызначыла па тры ўдзельнікі, якія 19 сакавіка на суд членаў журы і гледачоў прадстаўлялі сістэму ўласнай педагагічнай дзейнасці на тэму “Навучаючы, я выхоўваю…”, правялі міні-ўрок (заняткі) на сцэне для сваіх калег. А ўжо 20 сакавіка прайшло заключнае конкурснае мерапрыемства — творчае самапрадстаўленне педагогаў на сцэне Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, а пасля — урачыстая цырымонія закрыцця конкурсу і ўзнагароджанне пераможцаў у сямі намінацыях.
У выніку пераможцамі конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Мінскай вобласці” сталі: Іна Рычардаўна Віннік, настаўніца рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна (“Беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура”); Святлана Рыгораўна Пузіноўская, настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 4 Дзяржынска (“Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”); Святлана Міхайлаўна Каляда, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 6 Жодзіна (“Замежная мова”); Віктар Эдуардавіч Жук, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 11 Маладзечна (“Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, хімія, біялогія”); Таццяна Леанідаўна Жук, настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 3 Вілейкі (“Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”); Наталля Іванаўна Мінец, настаўніца пачатковых класаў Нагорнаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Клецкага раёна (“Пачатковыя класы”); Таццяна Мікалаеўна Залеўская, выхавальнік ясляў-сада № 19 Жодзіна (“Выхавальнік дашкольнай адукацыі”).

Новыя ўмовы конкурсу вызвалі шэраг арганізацыйных і зместавых цяжкасцей. Нягледзячы на гэта, новы фармат дае магчымасць заявіць пра сябе куды большай колькасці настаўнікаў, чым у мінулыя гады. Гэта ў нашай размове падкрэсліла Святлана Уладзіміраўна Сітнікава, рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
— Новая конкурсная сістэма больш адказная, бо яна мае намінацыі з канкрэтнымі прадметамі. І гэта было адчувальна пры рабоце прадметнага журы. Усе 145 удзельнікаў прадэманстравалі вельмі добрыя напрацоўкі, але ў далейшай конкурснай барацьбе здолелі працягнуць удзел 34 педагогі.
Прадметныя журы ўзначальвалі кандыдаты навук, на конкурсе працавалі прадстаўнікі ўсіх чатырох кафедр нашага інстытута. Акрамя таго, у складзе журы працавалі і педагогі-практыкі. Мы вельмі ўдзячны ўсім навучальным установам сталіцы і рэгіёна, якія прадстаўлялі пляцоўкі для адкрытых урокаў і майстар-класаў.

У фінале змагаўся 21 педагог. Усе яны высакакласныя настаўнікі, сярод якіх былі як прадстаўнікі маладога пакалення (як, напрыклад, Віктар Эдуардавіч Жук), так і вельмі вопытныя педагогі. Дарэчы, журы было вельмі ўражана ступенню заглыбленасці гэтага маладога спецыяліста ў прафесію, яго натхнёнасцю. Таццяна Леанідаўна Жук, настаўніца фізічнай культуры, таксама працуе з вялікім энтузіязмам і самааддачай. Яе заняткі заўсёды арыентаваны на здаровы лад жыцця. Таццяна Леанідаўна вельмі аўтарытэтны педагог.
А вось у намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка” ўсе ішлі настолькі роўна, што членам журы прыйшлося нялёгка. У выніку лепшай была прызнана Святлана Рыгораўна Пузіноўская, якая даказала кампетэнтнасць і прадэманстравала свае рэзервы для прадстаўлення вобласці на рэспубліцы.
Вельмі моцны пераможца ў намінацыі “Замежная мова”. Святлана Міхайлаўна Каляда — цікавы і надзвычай падрыхтаваны чалавек. Безумоўным лідарам педагагічнай супольнасці нашага рэгіёна з’яўляецца Іна Рычардаўна Віннік. Гэта спецыяліст, калі можна так сказаць, міжнароднага класа. Яна не толькі рыхтуе дзяцей да розных конкурсных мерапрыемстваў, але і сама часта з’яўляецца канкурсанткай. Іна Рычардаўна настолькі адданая педагагічнай прафесіі і нашай краіне, што міжнароднае журы заўсёды адзначае яе прафесіяналізм і патрыятычнасць.
Тут жа хочацца адзначыць, што ў конкурсе ўдзельнічалі матываваныя настаўнікі, таму і вынікі ў нас добрыя, — адзначыла Святлана Уладзіміраўна Сітнікава.

 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.