Пераможны стыль

- 12:50Апошнія запісы, Якасць адукацыі

Мінскі дзяржаўны ПТК швейнай вытворчасці актыўна рыхтуецца да конкурсу WorldSkills. Усе сілы калектыву накіраваны на тое, каб дзве навучэнкі каледжа Марыя Фінская і Вольга Закрэўская дабіліся перамогі спачатку ў WorldSkills-СНД, а потам і ў Бразіліі. Марыя і Вольга — сапраўдныя зоркі каледжа, якія запаліліся ў час конкурсаў прафесійнага майстэрства сярод швейнікаў і яшчэ больш заззялі на Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills-Belarus.

Калі кансэнсус наладжаны

Для таго каб быць запатрабаваным на рынку працы, выпускнік каледжа павінен валодаць прафесійнымі і асобаснымі кампетэнцыямі, якія дазволяць яму быць мабільным у новых умовах сучаснай інавацыйнай вытворчасці, паспяхова ўліцца ў рабочы калектыў і быць цалкам адаптаваным да дзейнасці прадпрыемства. На сёння як з боку навучальнай установы, так і з боку работадаўцаў не існуе поўнага кансэнсусу ў выпрацоўцы тых крытэрыяў, якія б характарызавалі менавіта таго рабочага альбо спецыяліста, які б адпавядаў сённяшнім патрабаванням. Не сакрэт, што ў швейнай галіне сёння не ўсё так гладка. Можна пачуць нараканні з боку спажыўцоў аб якасці прадукцыі, якая выпускаецца. Таму перад адукацыяй востра стаіць задача ступіць на больш высокую прыступку ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, які б быў скіраваны не на фармальны падыход у навучанні, а спрыяў творчаму самаразвіццю, самарэалізацыі асобы навучэнца як ў прафесіі, так і ў яго далейшым працоўным жыцці. Як вырашыць гэтую задачу? Напэўна, трэба стварыць у навучальнай установе менавіта тыя ўмовы, якія б дазвалялі вырасці навучэнцу ў сапраўднага прафесіянала. А для гэтага неабходна стварыць новы сучасны змест навучання, абсталяваць майстэрні навейшай высокатэхналагічнай швейнай тэхнікай, сфарміраваць кадравы склад калектыву педагогамі — наватарамі, творчымі, думаючымі, ініцыятыўнымі людзьмі. Так, сапраўды, усе гэтыя складнікі — прапісныя ісціны для прафесійнай адукацыі, на іх яна стаіць. Але пры гэтым адны ўстановы разварочваюцца пакуль марудна, другія, як кажуць, з месца адразу ў кар’ер. Да такіх устаноў можна аднесці і Мінскі ПТК швейнай вытворчасці.
— Нельга сфарміраваць новае аблічча рабочага або спецыяліста, які будзе патрэбны на рынку швейнай галіны, калі працаваць паасобку з нашымі работадаўцамі, — заяўляе дырэктар каледжа, вопытны кіраўнік, выдатны педагог Святлана Пятроўна Максімовіч. — З улікам патрабаванняў сучаснай эканомікі, непасрэдна швейнай галіны і саміх прадпрыемстваў мы адточваем зместавае насычэнне прафесійнай адукацыі і пастаянна яго карэкціруем. Сам адукацыйны працэс імкнёмся ўдасканаліць праз выкарыстанне новых форм і метадаў навучання, з прымяненнем вучэбна-метадычных комплексаў. Да прафесійнага росту нашых навучэнцаў падключана і дадатковая адукацыя. Так, свае прафесійныя навыкі яны могуць развіваць у гуртках мастацкай творчасці, займацца роспісам па тканіне, вышыўкай і засвойваць іншую модную і актуальную тэхніку выканання швейных вырабаў, якая, безумоўна, спатрэбіцца маладым швачкам у далейшым жыццці.
Адкрыццё ў каледжы рэсурснага цэнтра “Сучасныя швейныя тэхналогіі” стала яшчэ адным крокам у павышэнні якасці прафесійнай падрыхтоўкі будучых швейнікаў. Рэсурсны цэнтр аснашчаны самым сучасным і ўніверсальным абсталяваннем фірмаў “Глобал”, “Джук”, спецыяльнымі машынамі і паўаўтаматамі з праграмным кіраваннем — пяцельнымі, закрэпачнымі, вышывальнымі; новым абсталяваннем для вільготна-цеплавых работ — парапаветранымі манекенамі, прасавальнымі ўстаноўкамі з парагенератарамі і прэсамі. Гэтае аснашчэнне цалкам адпавядае таму абсталяванню, якое сёння маюць базавыя прадпрыемствы. Многія з іх, напрыклад, аснашчаны сістэмай аўтаматызаванага праектавання адзення, і, адпаведна, каледж таксама мае неабходнае праграмнае забеспячэнне беларускай вытворчасці САПР “Аўтакрой”, плотар для вываду лякал. Сучаснае матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне каледжа дазваляе навучэнцам самаўдасканальваць свае ўменні ў швейнай вытворчасці і потым паспяхова адаптавацца на базавых прадпрыемствах.
У вучэбны план кваліфікацыі “мадэльер-канструктар” уведзены вучэбны прадмет “Асновы аўтаматызаванага праектавання адзення”, што дазваляе навучэнцам авалодваць на больш высокім узроўні інфармацыйнай кампетэнтнасцю ў галіне канструявання, самастойна распрацоўваць канструкцыі.
У каледжы вывучаюцца і апрабоўваюцца інавацыйныя вытворчыя тэхналогіі, якія спрыяюць пашырэнню дыяпазону прафесійных ведаў, уменняў, укараненню ў вучэбна-вытворчы працэс новых метадаў апрацоўкі вузлоў швейных вырабаў. Вядзецца пастаяннае ўдасканаленне вучэбна-метадычных комплексаў, праектаванне урокаў на аснове наватарскіх педагагічных тэхналогій.

Ажываюць нават манекены

Кадравы патэнцыял каледжа адпавядае патрабаванням адукацыйнай палітыкі. Майстры вытворчага навучання і выкладчыкі маюць высокую прафесійную кампетэнтнасць, свой індывідуальны педагагічны почырк.
— Сучасны педагог павінен мець развітую прафесійную культуру, якая дазваляе яму не проста асвойваць новы змест і тэхналогіі навучання, але і быць здольным да асэнсавання сваёй прафесійнай дзейнасці, пабудовы творчага і прадукцыйнага ўзаемадзеяння са сваімі навучэнцамі, — выказвае меркаванне адна з лепшых выкладчыкаў каледжа, выдатнік адукацыі, узнагароджаная медалём “За працоўныя заслугі” Ірына Уладзіміраўна Марозава.
Ірына Уладзіміраўна з’яўляецца трэнерам і цьютарам канкурсантаў спаборніцтва WorldSkills Вольгі Закрэўскай і Марыі Фінскай, якіх можна назваць лепшымі яе выхаванкамі і якім педагог дорыць усё сваё майстэрства. Ірына Уладзіміраўна заўсёды знаходзіцца побач з дзяўчатамі, дапамагае, інфармуе, суправаджае, падтрымлівае і, безумоўна, аддае часцінку сваёй душы для творчых памкненняў сваіх навучэнак. Штодзень Ірына Уладзіміраўна Марозава выдае навучэнцам дзённае заданне, уключае іх у актыўную творчую дзейнасць. Перад выкананнем вучэбнага модуля разам з дзяўчатамі педагог абмяркоўвае яго творчы складнік: праектаванне мадэлей адзення, распрацоўку эскізных прапаноў і падбор асноўных, дапаможных, аздобных матэрыялаў і фурнітуры. Выбудоўваецца алгарытм тэхналагічнай паслядоўнасці пашыву швейных вырабаў, адпрацоўваюцца асобныя складаныя тэхналагічныя вузлы і дэталі адзення. З вялікай цікавасцю навучэнцы выконваюць модуль “Таемная шкатулка”, які ўключае стварэнне дызайнерскага элемента адзення альбо аксесуара.
І.У.Марозава імкнецца да таго, каб зрабіць падрыхтоўчы этап да конкурсу пазітыўным прафесійным вопытам для канкурсантаў. Выкананне вучэбных модуляў дазваляе педагогу развіваць у дзяўчат творчыя здольнасці, уяўленне, мастацкі густ, фарміраваць дызайнерскія схільнасці, прафесійную кампетэнтнасць.
Вольга і Марыя сёння працягваюць навучанне ў каледжы на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў”, асвойваюць кваліфікацыі “мадэльер-канструктар”. А ў папярэднія гады Вольга і Марыя вучыліся швейнай прафесіі па кваліфікацыі “закройшчык, кравец”, назапашвалі майстэрства, шукалі свой стыль у рабоце. За перыяд свайго навучання дзяўчаты распрацавалі шэраг праектаў па вырабе складаных і цікавых мадэлей адзення, такіх як касцюмы для дзіцячых танцавальных калектываў, сцэнічныя касцюмы Дзеда Мароза і Снягуркі, гістарычныя копіі касцюмаў для Мірскага замка, калекцыі мадэлей адзення для Рэспубліканскага конкурсу “Млын Моды”, камплекты для выпускнога балю школьнікаў.
Дзякуючы свайму таленту, працавітасці, пастаяннаму самаразвіццю, самаўдасканаленню, творчаму натхненню, Марыя Фінская і Вольга Закрэўская дабіліся высокіх вынікаў у прафесійнай дзейнасці. Вольга з’яўляецца пераможцай конкурсу прафесійнага майстэрства “І майстэрства, і натхненне…” рэспубліканскага спаборніцтва “Беларускi вянок”, конкурсу “Беларуская лялька” ў намінацыі “Работа з тканінай”. Марыя Фінская заняла 1 месца ў гарадскім туры конкурсу Worldskills. Вольга і Марыя — творчыя асобы, маюць рознабаковыя інтарэсы, захапляюцца дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасцю. Марыя выдатна малюе, вырабляе дэкаратыўныя кветкі, аўтарскія ўпрыгажэнні і аксесуары, піша вершы. Вольга прафесійна валодае рознымі тэхнікамі машыннай і ручной вышывак, вяжа кручком і пруткамі.
Відавочна, што, выкарыстоўваючы ўвесь арсенал ведаў і ўменняў, атрыманых у каледжы, навучэнкі Марыя Фінская і Вольга Закрэўская ў сваёй далейшай працоўнай дзейнасці ў швейнай галіне змогуць ствараць непаўторныя, незабыўныя вобразы ўласных калекцый, падбіраць індывідуальны стыль для кожнага заказчыка. Сёння вытворчасці патрэбны самастойныя, ініцыятыўныя і творчыя спецыялісты, здольныя прапаноўваць ідэі, распрацоўваць выгадныя праекты, прасоўваць і прапагандаваць беларускую моду на сусветных подыумах. Вользе і Марыі гэта цалкам па сілах.

Такая блізкая Бразілія

У ПТК была распрацавана модульная вучэбная праграма, назва якой гаворыць сама за сябе — “На гарызонце — Бразілія!”, скіраваная на прафесійную падрыхтоўку навучэнцаў да конкурсу WorldSkills-2015, актывізацыю творчых магчымасцей асобы і па сваім змесце набліжана да заданняў, прапанаваных на гэтых міжнародных спаборніцтвах. Падрыхтоўка канкурсантаў стала сумесным праектам педагогаў і навучэнцаў.
Праграма складаецца з групы модуляў, у пачатку якой знаходзіцца пазнавальны модуль (тэарэтычны блок), дзе навучэнцы вывучаюць актуальныя тэндэнцыі моды, асаблівасці канструявання адзення, новыя метады апрацоўкі дэталей і вузлоў адзення, сучаснае аздабленне. Аперацыйны модуль (практычны блок) складаецца з выканання эскізаў мадэлей на постаці чалавека, распрацоўкі канструкцыі, вырабу камплекта лякал для раскрою, пашыву вырабу, выканання заключнай апрацоўкі. Вынікам паспяховай апрабацыі гэтага праекта стала перамога навучэнцаў каледжа на гарадскім і рэспубліканскім этапе Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills-Belarus у кампетэнцыі “Мода і тэхналогія адзення”. Для паспяховай падрыхтоўкі канкурсантаў было вырашана арганізаваць факультатыўныя заняткі, накіраваныя на актывізацыю творчых магчымасцей асобы. Стварэнне праекта такога кшталту дае магчымасць павысіць матывацыю да навучання, стварыць умовы для далейшага прафесійнага росту, творча падыходзіць да справы, развіваць крэатыўнае мысленне.
Праект па сваёй дыдактычнай сутнасці накіраваны на фарміраванне здольнасцей, з якімі навучэнец становіцца больш прыстасаваным да жыцця, адаптаваным да зменлівых умоў асяроддзя, арыентаваным у прафесійных сітуацыях. У гэтым праекце навучанне мае асобасна арыентаваны характар, гэта значыць індывідуальны падыход у навучанні дазваляе развіць самастойнасць навучэнца ў авалоданні прафесійнымі навыкамі, уменні здабываць веды, вырашаць праблемныя сітуацыі, праяўляць творчасць пры выкананні заданняў.
— Праект мае высокую педагагічную каштоўнасць, — заўважае Ірына Анатольеўна Рагалевіч, выдатнік адукацыі, метадыст каледжа з багатым вопытам работы. — Навучанне становіцца значнай падзяй для кожнага навучэнца. І гэта можна патлумачыць. Кожны з удзельнікаў праекта не проста навучэнец, але і шукальнік, практык, эксперыментатар. Ён не пасіўны на занятках, а актыўна ўдзельнічае ў атрыманні, назапашванні і прымяненні ведаў. Акрамя таго, развіваюцца творчыя здольнасці кожнага навучэнца, паколькі ён сам выбірае формы і метады даследавання і фіксавання вынікаў сваёй дзейнасці. У навучэнца атрымлівае развіццё крытычнае мысленне, навыкі пошуку адказаў на пытанні і прыняцця рашэнняў. Навучэнец можа рэалізоўваць свае патрэбы ў самавыяўленні, самарэалізацыі і ў зносінах. Дзякуючы праекту ствараюцца ўмовы да дыферэнцыравання працэсу навучання, паколькі кожны навучэнец можа выбраць у ім той узровень і той від дзейнасці, які яму больш па душы альбо лепш атрымліваецца.
У план падрыхтоўкі навучэнцаў да ўнутрыкаледжнай алімпіяды WorldSkills уваходзяць вывучэнне ўмоў і вопыту папярэдніх конкурсаў, тэндэнцый моды на новы сезон, разгляд перспектыўных калекцый, выбар вобразаў мадэлей, якія імпануюць канкурсантам. Немалаважна і вызначэнне стылявых пераваг для кожнага канкурсанта, выяўленне тэхнік дэкарыравання, актуальных для новага сезона. Для навучэнцаў прадугледжваецца і практычная работа па выкананні эскізаў з актуальнымі тэхнікамі дэкарыравання і малявання, менавіта з тымі, якія выбраў сам канкурсант. Важна таксама адзначыць канкурсантаў у выбары відаў адзення ў адпаведнасці з прапанаванымі матэрыяламі, уменні правесці трэнінг прэзентацыі свайго праекта з выкарыстаннем ролевай гульні, кейса, групавой дыскусіі, мазгавога штурму, ацэньваць сваю дзейнасць.
Сёння, як, бадай, і кожны дзень, кіпіць-бурліць жыццё ў Мінскім дзяржаўным ПТК швейнай вытворчасці. Жаданне быць у цэнтры падзей, самааддана працаваць не даюць спыніцца механізму ўдасканалення, які прыводзіць калектыў гэтай установы да поспеху. Хочацца спадзявацца, што такім жа бесперабойным будзе ён і на высокім Міжнародным конкурсе WorldSkills, дзе канкурсанткі каледжа пакажуць свой непаўторны пераможны стыль.

Ала КЛЮЙКО.