Пераможныя хімікі

Больш за сто школьнікаў з 16 краін прыязжалі ў Маскву, каб ставіць хімічныя эксперыменты.
У Маскоўскім дзяржаўным універсітэце прайшла 48-я Міжнародная Мендзялееўская алімпіяда. Беларускія навучэнцы заваявалі 7 медалёў. Нацыянальная каманда прывезла 1 залаты, 5 сярэбраных і 1 бронзавы медалі.

Уладальнікам золата стаў Андрэй Швед, навучэнец 11 класа гімназіі № 12 Мінска.
Сярэбраныя ўзнагароды заваявалі Дзмітрый Баброў, дзесяцікласнік Ліцэя БДУ, Андрэй Лойка, вучань 11 класа сярэдняй школы № 165 Мінска, адзінаццацікласніцы Аляксандра Радчанка з гімназіі № 7 Маладзечна, Кацярына Грачова з гімназіі № 29 Мінска, навучэнка 10 класа Кацярына Рагойжа з сярэдняй школы № 127 Мінска. Бронзавым медалём узнагароджаны Канстанцін Захарэвіч, навучэнец 11 класа Ліцэя БДУ.

Кіраўніком беларускай каманды быў дацэнт хімфака Белдзяржуніверсітэта Яўген Паўлечка. Дацэнт гэтага ж факультэта Віктар Хвалюк увайшоў у міжнароднае журы Мендзялееўскай алімпіяды.
Удзельнікі Мендзялееўскай алімпіяды — пераможцы і прызёры нацыянальных спаборніцтваў па хіміі. Колькасць удзельнікаў у камандах вызначаюць самі краіны. Самыя шматлікія дэлегацыі сёлета былі з Узбекістана і Казахстана. У кожнай — каля 20 юных хімікаў. А вось Балгарыю абаранялі толькі чатыры школьнікі. Усяго ў хімічных спаборніцтвах бралі ўдзел 104 школьнікі з 16 краін: Беларусі, Азербайджана, Балгарыі, Венгрыі, Казахстана, Кыргызстана, Літвы, Македоніі, Малдовы, Расіі, Румыніі, Саудаўскай Аравіі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана. На жаль, не прыехалі школьнікі з Украіны.
Трэба адзначыць, што нашы дзеці да Мендзялееўскай алімпіяды рыхтуюцца ў большасці самастойна. За іх плячыма перамога на рэспубліканскай алімпіядзе, што, канечне, з’яўляецца асноўнай падрыхтоўчай базай для пакарэння міжнародных вяршынь, але не менш важнай застаецца лакальная падрыхтоўка на месцах у навучальных установах разам са сваімі настаўнікамі. Улічваючы тое, што заданні Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды на парадак складаней, чым на рэспубліканскай, школьныя педагогі ў працэсе падрыхтоўкі са сваімі падапечнымі працуюць у інтэнсіўным і насычаным рэжыме. Акрамя таго, не першы год нашы юныя хімікі рыхтуюцца на базе сярэдняй школы № 22 Мінска, якая з’яўляецца вядомым рэсурсным цэнтрам па хіміі.

Мендзялееўская алімпіяда складаецца з трох тураў: першы тэарэтычны тур (8 абавязковых задач), другі тэарэтычны тур (5 задач з 15 па выбары удзельнікаў) і эксперыментальны тур. Задачы першага тура па складанасці адпавядаюць нашай рэспубліканскай алімпіядзе, на другім туры прапануюцца задачы больш высокага ўзроўню. Задачы другога тура падзелены на пяць раздзелаў: неарганічная хімія, арганічная хімія, аналітычная хімія, фізічная хімія і навукі аб жывым (па 3 задачы ў кожным раздзеле). Удзельнікі алімпіяды павінны выканаць 5 задач, па адной з кожнага раздзела, прадэманстраваўшы ўніверсальнасць сваёй падрыхтоўкі.

Падчас эксперыментальнага тура правяраецца наяўнасць у школьнікаў навыкаў работы ў хімічнай лабараторыі: уменні выконваць хімічны аналіз рэчываў і праводзіць сінтэз па прапанаванай методыцы.
— У гэтым годзе ўдзельнікі нашай каманды набралі розныя балы на тэарэтычных турах. Балы вагаліся ў межах ад 90 да 130. А вось заданні эксперыментальнага тура выканалі прыкладна аднолькава добра. На эксперыменце прапаноўвалася заданне, якое складалася з трох частак. У першай і другой частках неабходна было зрабіць цітраванне — яно было больш-менш традыцыйным. Трэцяе заданне было звязана з даследаваннем хімічных рэакцый, якія праходзяць у рэжыме вагання. Разглядалася рэакцыя Белавусава-Жабацінскага. Неабходна было зафіксаваць час, за які колер рэакцыйнай сумесі мяняецца. З гэтымі заданнямі нашы школьнікі справіліся добра. Увогуле эксперыментальны тур быў не рэсурсаёмістым.
За апошні год-два змяніўся склад метадычнай камісіі Мендзялееўскай алімпіяды. Сталі з’яўляцца задачы з новымі тэмамі. Былі цікавыя задачы па кінетыцы, на радыеактыўны распад. Прапаноўвалася арыгінальная задача пра Яселя Арафата, дзе адным з пытанняў было: калі эксгумацыя цела Арафата стала б не мэтазгоднай? Існуе меркаванне, што яго атруцілі палоніем. Неабходна было паказаць, наколькі такое меркаванне можа быць набліжана да рэальнасці. У другой арыгінальнай задачы неабходна было разлічыць узрост метэарыта, — расказаў Яўген Паўлечка.

Выступленне сваёй каманды кіраўнік ацаніў высока. Увогуле, юныя хімікі з Беларусі апошнія гады паказваюць стабільна высокія вынікі як на Мендзялееўскай алімпіядзе, так і на міжнароднай. Дарэчы, пачаліся падрыхтоўчыя зборы да міжнароднай алімпіяды па хіміі, якая ў гэтым годзе пройдзе ў В’етнаме.
Калі гаварыць пра абсалютнага пераможцу 48-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды, то ім стала дзяўчына з Румыніі. Румынія яшчэ ніколі не дэманстравала такія высокія вынікі. Больш за тое, яшчэ ніколі не перамагала на такіх інтэлектуальных спаборніцтвах дзяўчына. І гэты выпадак эксперты ўспрымаюць як нонсенс. Зразумела, у камандным заліку Румынія таксама стала першай. Затым ідуць каманды Расіі, Беларусі.

 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.