Пераможцу конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» вызначаць у канцы верасня

- 10:57Учитель года

Імя пераможцы рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” стане вядома 28 верасня, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

”У фінал рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” выйшлі 56 удзель­нікаў. Сярод іх як маладыя педагогі, так і дастаткова вопытныя. Цяпер каманды ў рэгіёнах праводзяць вельмі насычаную работу па падрыхтоўцы канкурсантаў да фінальнага этапу, які пачнецца праз два тыдні і скончыцца 28 верасня мерапрыемствамі, прысвечанымі Дню настаўніка”, — паведаміў рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алег Дзячэнка.

Алег Віктаравіч звярнуў увагу на насычаную праграму фінальных мерапрыемстваў, якая ўключае ўрок у незнаёмым класе, майстар-клас, выступленне перад педагагічнай грамадскасцю, вырашэнне педагагічных сітуацый і інш. Удзельнікі конкурсу будуць спаборнічаць у розных намінацыях.

Разам з тым яны ўжо прайшлі некалькі трэнінгаў, накіраваных на знаёмства адно з адным, правялі майстар-класы. Папярэдні раз конкурс “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” праходзіў у 2020 годзе.

Паралельна з конкурсам прафесійнага майстэрства ўпершыню ў краіне право­дзіцца фестываль “Педагагічны дэбют”, для ўдзельнікаў якога прадугледжаны чатыры намінацыі: “Малады настаўнік”, “Малады выхавальнік”, “Малады кіраўнік установы агульнай сярэдняй адукацыі” і “Малады загадчык дзіцячай дашкольнай установы”. Алег Дзячэнка заўважыў, што такі фестываль дазволіць педагогам прадэманстраваць свае прафесійныя ўменні, веды, навыкі, абмяняцца вопытам з калегамі.

“Гэта добрая пляцоўка для рэтрансляцыі эфектыўнага педагагічнага вопыту”, — падкрэсліў Алег Віктаравіч.

Мерапрыемствы конкурсу “Настаўнік года” пройдуць на базе БДПУ, МДЛУ, Індустрыяльна-педагагічнага каледжа (філіяла РІПА), Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, іншых устаноў адукацыі Мінска. Суперфінал конкурсу адбудзецца на сцэне Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Мерапрыемствы фестывалю “Педагагічны дэбют” пройдуць на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска.

Па матэрыялах БелТА падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ