Перастаць чытаць кнігі — значыць перастаць думаць

- 9:40Людзі адукацыі

Уладальніца галоўнага прыза — “Хрустальнай чарніліцы” ў золаце — Нігора Халмухамедава прыехала ў Мінск з Узбекістана. Яна працуе настаўніцай узбекскай і рускай моў у прыватнай школе “Сехрые” ў Ташкенце. 

— Нігора, чаму вы вырашылі прыняць удзел у конкурсе? Як рыхтаваліся да яго?

— У конкурсе “Хрустальная чарніліца” я ўдзельнічаю ўпершыню. Але прадстаўнікі нашай краіны ўжо перамагалі ў ім. Словы падзякі хачу выказаць дырэктару маёй школы Генары Зіятдзінавай. Яе падтрымку адчуваю на працягу больш як 25 гадоў работы ва ўстанове. З яе дапамогай я ўпершыню пераступіла парог класа і пачала вучыць дзяцей. А сёння, дзякуючы яе падтрымцы, я атрымала высокую ўзнагароду міжнароднага конкурсу. У перакладзе з узбекскай мовы назва нашай школы “Сехрые” значыць “чараўніцтва”. Тут сапраўды чароўная атмасфера. Нашы педагогі атрымліваюць сучасныя веды, павышаюць прафесійнае майстэрства, удзельнічаюць у канферэнцыях і падарожнічаюць па свеце, вывучаючы вопыт калег. У кастрычніку мінулага года нам абвясцілі тэму конкурсу “Хрустальная чарніліца”, і я пачала падрыхтоўку. Свой урок я назвала “Перастаць чытаць кнігі — значыць перастаць думаць”. Заняткі будавала на цытатах з твораў Ф.М.Дастаеўскага і думках выдатнага ўзбекскага паэта Алішэра Наваі (у нашай краіне адзначылі 580 гадоў з дня яго нараджэння). Выкарыстала матэрыялы міжнародных даследаванняў, прысвечаных гэтым вялікім мысліцелям.

— Наколькі бацькі ў вашай краіне зацікаўлены ў тым, каб іх дзеці вывучалі рускую мову? 

— Дзяржаўная мова ў нашай краіне ўзбекская, але руская з’яўляецца мовай зносін. Ёсць школы з рускай мовай навучання, а таксама ўзбекскія школы, дзе тры разы на тыдзень праходзяць урокі рускай мовы і літаратуры. Наша краіна актыўна супрацоўнічае з Расіяй і з краінамі-суседзямі. Сёння ва ўсіх краінах Сярэдняй Азіі вывучаюць рускую мову і класічную рускую літаратуру. Сама я вывучала яе ў дзіцячым садзе і школе. Скончыла Ташкенцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Нізамі, дзе займалася замежнай філалогіяй, асвойвала асаблівасці вывучэння ўзбекскай мовы ў рускіх класах, магу працаваць перакладчыкам.

— Хто вашы любімыя рускія пісьменнікі? Хто вам прывіў любоў да чытання?

— Мае любімыя рускія пісьменнікі — Пушкін, Гогаль, Чэхаў і, вядома, Дастаеўскі. Любоў да чытання класічнай літаратуры сфарміравалі бацькі. У дзяцінстве яны падбіралі мне кнігі для чытання, а пасля размаўлялі са мной пра змест твораў. Чытанне стала маёй любімай звычкай. Сёння я клапачуся пра тое, каб мае вучні чыталі, пашыралі свой кругагляд. Каб зацікавіць іх, часта прыводжу прыклады з рэальнага жыцця, якія апісаны ў класікаў. Або зачытваю ўрывак з твора: бяру самы кульмінацыйны момант — і дзецям цікава даведацца, што ж будзе далей.

— Якія метады і прыёмы вы выкарыстоўваеце на сваіх уроках?

— Прымяняю тэхналогію крытычнага мыслення, сінгапурскую методыку. Дарэчы, з вашымі вучнямі я паспрабавала элементы сінгапурскай методыкі, з якой дзецям асабліва падабаюцца сігналы цішыні. Літаральна за мінуту я навучыла вашых вучняў таму, што такое сігнал вай-фай (падымаецца ўверх пішучая рука) і воплескі настаўніка, якія трэба паўтарыць. 

— Падзяліцеся ўражаннямі ад беларускіх школьнікаў. Ці адчувалі падтрымку сваіх вучняў, якія засталіся на радзіме?

— Я працавала ў 11 класе. Вашы вучні вельмі добрыя і спагадлівыя, выказваюць слушныя думкі, з імі было лёгка працаваць, урок прайшоў як адно імгненне. Калі мы закончылі работу, то сказалі адно аднаму: “Выдатна!” Дзеці моцна парадавалі мяне ў канцы ўрока — хорам, ад усёй душы, сказалі мне: “Дзякуй!” Для мяне гэта было самай вялікай узнагародай. Вучні, якія засталіся на радзіме, мяне вельмі любяць і паважаюць. Тыдзень я знаходжуся ў Мінску, і кожны дзень яны пішуць мне, што вельмі сумуюць, з самага пачатку конкурсу жадалі мне поспеху.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.