У сонечныя красавіцкія дні Рэспубліканскі дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі расквітнеў фарбамі VIII Рэспубліканскага конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Беларускі вянок”, у якім прынялі ўдзел сотні навучэнцаў і педагогаў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў, каб сваім творчым узлётам, майстэрствам і натхненнем здзівіць і парадаваць усіх нас.
Ужо колькі гадоў Рэспубліканскі дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі становіцца творчай пляцоўкай для ўдзельнікаў “Беларускага вянка”, і кожны раз лепшага параўнання, чым узбударажаны вулей, для дома і не знойдзеш. Усё тут літаральна гудзе, спявае, танцуе, туды-сюды мітусяцца канкурсанты, чуецца смех, гутарка, і, здаецца, ніводны куточак установы не застаецца ў цішыні і спакоі. І нядзіўна. Адзін за адным праходзяць тут шматлікія конкурсы, выставы, прэзентацыі, майстар-класы, дэфіле, дзе ўдзельнікі вянка могуць у поўным маштабе паказаць усе свае здольнасці.
У прывітальным слове да ўдзельнікаў конкурсу “Беларускі вянок” першы намеснік міністра адукацыі А.І.Жук падкрэсліў, што апошнім часам у нашым грамадстве істотна ўзрос інтарэс да беларускай гісторыі і культуры. Гэта яшчэ раз адлюстроўвае тыя глыбінныя працэсы адраджэння нацыянальнай самасвядомасці, якія адбываюцца ў нашай дзяржаве, асабліва ў маладых яе грамадзян.
Яскравым сведчаннем гэтага з’яўляецца і правядзенне “Беларускага вянка” — грандыёзнага мерапрыемства, якое ахапіла сістэму прафесійнай адукацыі і існуе ўжо больш за 15 гадоў.
— Можна з упэўненасцю сказаць, што праца, якая праводзіцца ва ўстановах адукацыі па развіцці мастацкай творчасці, дазваляе выхаваць у моладзі адказнасць за захаванне і далейшае развіццё нашай культурнай спадчыны, — адзначыў Аляксандр Іванавіч.— Ад трываласці ведаў гісторыі і культуры свайго народа будзе залежаць творчы лёс і станаўленне навучэнцаў прафесійнай адукацыі як сапраўдных майстроў сваёй справы.
І менавіта “Беларускі вянок” адкрывае нашай моладзі ўсе магчымасці, каб прадэманстраваць народныя традыцыі і звычаі свайго рэгіёна, майстэрства ў розных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, неабыякавасць і творчы запал. Таму ўдзел у гэтым конкурсе — гонар для навучэнцаў і педагагічных работнікаў прафесійнай адукацыі, ра-дасць прызнання поспехаў і невычэрпная крыніца для адкрыцця новых талентаў. Тым больш, што гэты год аб’яўлены Годам гасціннасці.
— У нашай краіне ёсць практычна ўсё неабходнае, каб зацікавіць турыстаў: прыгожая прырода, цікавыя аб’екты гісторыі, культуры і архітэктуры, унікальныя традыцыі і рамёствы, таленавітыя людзі, якія дэманструюць сваё майстэрства ў незабыўных вырабах. Сярод іх і нашы навучэнцы, якія, безумоўна, унясуць годны ўклад у скарбонку каштоўнасцей нашай спадчыны, — заявіў А.І.Жук.
Першыя два этапы спаборніцтва традыцыйна праводзяцца спачатку ў самой установе, а потым на ўзроўні вобласці. Вынікі папярэдніх этапаў паказалі, што ў прафесійных навучальных установах надаецца асаблівая ўвага адраджэнню і захаванню нашай культурнай спадчыны і прыцягненню да гэтага навучэнцаў.
— Сёлета ў “Беларускім вянку” на ўсіх яго этапах удзельнічала каля 230 прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, — паведаміла Ала Сцяпанаўна Герасімук, намеснік дырэктара Рэспубліканскага дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі. — Удзельнікамі мерапрыемства сталі больш за 35 тысяч навучэнцаў і педагагічных работнікаў. Цяпер ва ўстановах прафесійнай адукацыі працуюць 1820 аб’яднанняў па інтарэсах, дзе навучэнцы засвойваюць розныя віды мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, удзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці. У заключным этапе рэспубліканскага конкурсу прымаюць удзел 140 навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі — пераможцы папярэдніх этапаў.
На разгляд журы на першым і другім этапах конкурсу было прадстаўлена звыш 25 тысяч мастацкіх работ, і з кожным годам якасць і колькасць іх расце. На рэспубліканскую выставу, якая праводзіцца ў рамках “Беларускага вянка”, прадстаўлена 2000 лепшых творчых работ з 228 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На выставе прадстаўлены экспанаты самай высокай якасці, якія дэманструюць традыцыйнае для кожнага рэгіёна майстэрства, рамяство і творчасць у розных відах народных рамёстваў. І кожны з іх з’яўляецца сапраўдным узорам мастацтва, творчасці і натхнення нашай моладзі.
У кожным рэгіёне нашай краіны сёння паспяхова працуюць установы прафесійнай адукацыі, якія згодна са сваім профілем рыхтуюць майстроў народных мастацкіх промыслаў і з’яўляюцца сапраўднымі цэнтрамі адраджэння і захавання народных культурных здабыткаў нашага народа. Сярод такіх устаноў Бабруйскі, Кобрынскі, Гомельскі, Мірскі, Мінскі прафесійна-тэхнічныя мастацкія каледжы, Віцебскі тэхналагічны каледж, Салігорскі педагагічны каледж і шэраг іншых. Шмат увагі удзяляецца развіццю талентаў навучэнцаў, іх творчасці ў прафесіі ў тых установах, дзе рыхтуюць кадры для сфер лёгкай прамысловасці, бытавога абслугоўвання насельніцтва, грамадскага харчавання.
За ўвесь час правядзення “Беларускага вянка” амаль паўтысячы навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўдастоены прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў за прафесійнае майстэрства ў дэкаратыўна-прыкладной і народнай творчасці.
Мінская вобласць лідзіруе ў прадстаўленні каманды ўжо не першы “Беларускі вянок”. На гэты раз каманда вобласці, якая сёлета склалася ў асноўным з першакурснікаў, паказала вельмі яскравае і гарманічнае прадстаўленне сістэмы прафесійнай адукацыі Міншчыны. Начальнік аддзела Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра Вольга Анатольеўна Цімохіна расказала, што ў прадстаўленні каманды быў знойдзены новы арыгінальны ход, калі навучэнцы паказалі тэатральны вернісаж, дзе ў выглядзе жывых карцін была прадэманстравана галерэя прафесій і гісторыя Нясвіжскага краю. У стварэнні гэтых карцін прынялі ўдзел навучэнцы і выкладчыкі Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, яго вакальная група “Шанс”, народны інструментальны ансамбль “Нясвіжскія лыжачнікі”, харэаграфічны калектыў “Талака”, тэатральная студыя Нясвіжскага маладзёжнага цэнтра. У час прадстаўлення дэманстравалася калекцыя адзення Барысаўскага дзяржаўнага каледжа. Кіраўніком праекта па стварэнні калекцыі з’яўляецца Зінаіда Яфімава, майстар вытворчага навучання. Лейтматывам прадстаўлення сталі словы “Адчуванне сучаснасці з павагай да спадчыны”.
Настасся Шалкоўская, навучэнка 4 курса Мінскага ПТК гандлю, будучы таваразнавец, на конкурсе прадстаўляла разам са сваімі сябрамі каманду Мінска.
— Я ўпершыню ўдзельнічаю ў такім грандыёзным спаборніцтве, і эмоцыі мяне перапаўняюць, — расказвае дзяўчына. — Я знайшла тут шмат новых сяброў і гэтаму вельмі рада.
Насця расказала, што займаецца мастацкай самадзейнасцю з першага курса. У каледжы створаны ўсе ўмовы, каб развіваць акцёрскае і вакальнае майстэрства. Выдатныя педагогі Іван Мікалаевіч Ляўкоўскі, Галіна Міхайлаўна Мацяс, Людміла Васільеўна Астаповіч, Людміла Раманаўна Грыневіч стварылі выдатную праграму прадстаўлення каманды, якая вельмі спадабалася ўсім удзельнікам “Беларускага вянка”.
“Праз творчасць да майстэрства” — так называўся яшчэ адзін конкурс вянка. Гэтае спаборніцтва накіравана на павышэнне актыўнасці навучэнцаў у пошуку і выкарыстанні інавацыйных тэхналогій, у стварэнні новых вырабаў і
мадэлей для больш прывабнага іміджу рабочых прафесій.
З гэтай мэтай навучэнцы стварылі відэаролікі, дзе з дапамогай шматлікіх камп’ютарных сродкаў і прыёмаў прадстаўлялася тая ці іншая прафесія.
У гэтым годзе ў складзе “Беларускага вянка” з’явіўся яшчэ адзін конкурс — “Ад прадзедаў спакон вякоў…”. Гэты конкурс вызначае лепшую даследчую работу па захаванні і развіцці народных традыцый нашай краіны ў галіне дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Гэтыя работы прадстаўлены ўдзельнікамі “Беларускага вянка” ў выглядзе праекта, які адлюстроўвае змест па вывучэнні вытокаў, гісторыі і асноўных этапаў станаўлення і развіцця рамёстваў Беларусі, тэхналогіі і прыёмы іх выканання і тыя матэрыялы, з якіх яны вырабляюцца. У рамках гэтага конкурсу навучэнцы маглі выконваць творчую працу альбо прадстаўляць беларускія народныя промыслы свайго краю і найлепшых майстроў, як гэта зрабіла каманда Гродзенскай вобласці.
Аб сваіх уражаннях расказала Кацярына Чаплікас, навучэнка Гродзенскага прафесійнага тэхналагічнага каледжа, дзе яна вучыцца па прафесіі таваразнаўца. Дзяўчына заканчвае першы курс другой ступені сярэдняй спецыяльнай адукацыі, але паказала сябе як вельмі актыўная і ініцыятыўная навучэнка з выдатнымі здольнасцямі ў танцах і вакале. Кацярына актыўна ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці каледжа. На выбар дзяўчыны паўплывала Вольга Міхайлаўна Баран, педагог-арганізатар каледжа. У “Беларускім вянку” Кацярына ўдзельнічае ў двух конкурсах: прадстаўленні каманды і праекце “Ад прадзедаў спакон вякоў…”.
— У гэтым конкурсе мы прадстаўляем Мар’яна Антонавіча Скрамблевіча, — расказвае Кацярына. — Гэта вядомы майстар, які вырабляе музычныя інструменты з дрэва. Каб пазнаёміцца бліжэй з гэтым знакамітым чалавекам, мы спецыяльна паехалі ў мястэчка Адэльск, што на Гродзеншчыне, каб увачавідкі ўбачыць яго дзіўныя інструменты, дакрануцца да гэтых сапраўдных твораў мастацтва. Усё тое, што мы ўбачылі, што адчулі, імкнёмся перадаць іншым навучэнцам на “Беларускім вянку”. Клён і ясень, алешына і чаромха, акацыя, дуб, хвоя, рабіна… З якіх толькі парод дрэў ні спрабаваў выразаць свае дудачкі, рожкі, жалейкі, акарыны, ляскоткі, клякоткі, свістулькі народны майстар з Адэльска Мар’ян Скрамблевіч — музыка ў душы і па прафесіі. Музычныя інструменты Мар’яна Антонавіча прэтэндуюць папоўніць Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
Разам з Кацярынай у конкурсе “Ад прадзедаў спакон вякоў…” удзельнічаў Віктар Урублеўскі з Гродзенскага будаўнічага прафесійнага ліцэя. Хлопец ужо заканчвае ўстанову і хутка пойдзе працаваць у будаўнічую арганізацыю па прафесіі тынкоўшчыка-маляра.
— Разам з гэтай прафесіяй у ліцэі я навучыўся спяваць і танцаваць, — паведаміў хлопец. — З першага курса займаюся мастацкай самадзейнасцю, часта выступаю з сябрамі на сцэне, удзельнічаю ў агітбрыгадзе. Развіць творчыя здольнасці мне дапамагла мой педагог Таццяна Уладзіміраўна Умецкая.
Конкурс “І майстэрства, і натхненне” ўключаў сёлета выкананне аўтарскіх творчых работ на тэму “Лялька” па кірунках кераміка, лозапляценне, работа з дрэвам, з тканінай, з саломкай. Крытэрыямі конкурсу з’яўляюцца выкарыстанне новых тэхнік, тэхналогій і матэрыялаў, нетрадыцыйнае прымяненне вядомых матэрыялаў, умелае спалучэнне элементаў традыцыйнай і сучаснай творчасці.
Алена Уладзіміраўна Кілачыцкая, выкладчык Лоеўскага педагагічнага каледжа, выкладае выяўленчае мастацтва ўжо шмат гадоў. А вось нядаўна ў наваколлі Лоева знайшлі вялікія напластаванні гліны, якая стала прыдатным матэрыялам для выканання розных вырабаў. Калі спачатку навучэнцы Алены Уладзіміраўны выкарыстоўвалі на занятках па выяўленчым мастацтве толькі пластылін альбо цеста, то сёння яны могуць ляпіць скульптуры з гліны. Гэты прыродны матэрыял лепш за ўсё перадае нацыянальныя традыцыі керамікі Беларусі і непасрэдна каларыт Лоеўшчыны.
Выхаванкі майстра дзве будучыя настаўніцы пачатковых класаў Настасся Палявая і Ірына Дарашэнка прадстаўляюць сваё майстэрства ў кераміцы на конкурсе “Беларускі вянок”. Свае здольнасці дзяўчыны развівалі ў гуртку мастацкай творчасці і паступова дараслі да персанальных выстаў, дзе іх вырабы сваёй прыгажосцю, вытанчанасцю захапілі ўсіх наведвальнікаў. Дзяніс Харашкевіч прыехаў на конкурс з Гомельскага ПТК народных мастацкіх промыслаў, дзе ён вучыцца на 4 курсе і будзе ў хуткім часе майстрам разьбы па дрэве. Хлопец выдатна валодае тэхнікай, што дазваляе ўмела выразаць з дрэва самыя розныя вырабы.
— Такому ўменню мяне навучылі мае педагогі Міхаіл Аляксандравіч Шаціла і Руслан Анатольевіч Горбач, — расказвае Дзяніс. — Дзякуючы іх майстэрству, іх шчырасці і спагадзе, я навучыўся ў іх не толькі мастацтву, але і жыццю. Гэты вопыт мне, безумоўна, спатрэбіцца ў далейшым жыццёвым шляху.
Таццяна Пятроўна Валевач, дырэктар Дома навучэнцаў і работнікаў прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці, расказала, што ў рэгіёне надаецца вялікая ўвага развіццю мастацкай і тэхнічнай творчасці падлеткаў, якія вучацца ў прафесійных установах вобласці.
— Сёння важна заахвоціць нашу моладзь цікавым і карысным заняткам, каб выхоўваць у іх актыўную пазіцыю і развіваць іх здольнасці, — разважае Таццяна Пятроўна. — Таму ставімся да “Беларускага вянка” не толькі як да грандыёзнага свята, але і як да своеасаблівай велізарнай майстэрні, дзе нашы выхаванцы могуць паказаць усё, на што здольныя.
Т.П.Валевач паведаміла, што ва ўсіх навучальных установах вобласці функцыянуюць аб’яднанні па інтарэсах, працуюць гурткі, секцыі і створаны ўсе ўмовы для творчага развіцця асобы. Вось і ў Івана Шаўчэнкі, навучэнца Белаазёрскага прафесійна-тэхнічнага каледжа электратэхнікі, творчыя здольнасці развіліся ў навучальнай установе.
— Я ўдзельнічаю ў конкурсе “І майстэрства, і натхненне” ў намінацыі “Лозапляценне”, — расказвае хлопец. — Пачынаў гэтую справу амаль з нуля і нават не ўяўляў, што я, будучы тэхнік-электрык, змагу так спрытна перабіраць пальцамі гэтыя пруцікі з лазы і ствараць розныя вырабы. Гэтаму майстэрству навучыў мяне выдатны майстар Мікалай Антонавіч Валошчык, які вядзе ў каледжы гурток лозапляцення.
Лілія Леанідаўна Анісімава, выкладчык Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, паведаміла, што ва ўстанове традыцыйна надаецца шмат увагі развіццю творчых здольнасцей выхаванцаў, многія з якіх маюць асаблівасці ў развіцці. У каледжы не толькі маштабна разгорнута гуртковая работа, але і арганізаваны шматлікія факультатыўныя заняткі.
— Вы не ўяўляеце, якое пачуццё напаўняе сэрца, калі ты бачыш у падлеткаў усплёск творчай энергіі, узлёт фантазіі, і яны, як бутоны кветак, паступова распускаюць пялёсткі свайго таленту, — расказвае Лілія Леанідаўна. — І яшчэ больш прыемна, што да такога цуду ты маеш дачыненне.
Выхаванка каледжа трэцякурсніца Настасся Холіна, якая вучыцца на аператара ЭВМ-рэкламнага агента, ужо можа лічыць сябе мастаком па стварэнні лялек. Вось і на конкурсе яна стварыла летуценны вобраз беларусачкі з лазы, наплеценай на драўляную аснову. Задумлівы, натхнёны твар лялечнай дзяўчынкі нібы ўглядаецца ўдалечыню, а валасы з нітак развіваюцца на ветры.
Таццяна Уладзіміраўна Самусева працуе майстрам вытворчага навучання ў Бабруйскім прафесійна-тэхнічным мастацкім каледжы імя А.Я.Ларына ўжо амаль 15 гадоў і з’яўляецца пастаянным удзельнікам “Беларускага вянка” разам са сваімі выхаванцамі. На гэты раз у разьбе па дрэве паказаў свае навыкі Дзяніс Ермакоў, у інкрустацыі саломкай — Таццяна Жоглік. А ў вырабе з гліны Ліза Селязенева і Юлія Кавальчук уразілі сваім незвычайным майстэрствам. Навучэнцы пад кіраўніцтвам майстра Таццяны Уладзіміраўны стараюцца камбінаваць гліну з дрэвам, са скурай і іншымі матэрыяламі, у выніку чаго з’яўляюцца вельмі арыгінальныя вырабы. Уменне навучэнцаў каледжа нестандартна мысліць, творча падыходзіць да кожнай справы прыйшліся даспадобы работадаўцам. Вядомыя прадпрыемствы народных промыслаў Радашковіч, Мазыра, Барысава з задавальненнем працаўладкоўваюць выпускнікоў Бабруйскага каледжа. Некаторыя з іх паступаюць у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, каб і далей удасканальваць сваё майстэрства.
У конкурсе “Планета мод” навучэнцы прадстаўлялі калекцыі мужчынскага і жаночага адзення ў намінацыях “Парад прафесій” і “Нацыянальныя матывы ў маладзёжнай модзе”. Пры стварэнні калекцый іх аўтары ўлічвалі асноўную задуму, эстэтычны густ, стыль, імправізацыю, трансфармацыю, навізну ідэі, матэрыялаў, тканін.
Як расказала метадыст Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Галіна Фёдараўна Салавян, тэатр моды “Стыль” у каледжы існуе ўжо амаль чвэрць стагоддзя і сёння мае статус народнага самадзейнага калектыву. Кіраўнік яго — Таццяна Пятроўна Іванова — даўно працуе на гэтай пасадзе.
Творчая работа будучых швачак, вышывальшчыц, якіх рыхтуюць у каледжы, адлюстравана ў музеі тэатра, дзе ў мадэлях адзення прадстаўлены розныя гістарычныя эпохі. Усяго налічваецца больш за 100 калекцый. Галоўная асоба ў тэатры моды ПТК — гэта, безумоўна, мадэльер-канструктар Людміла Аляксандраўна Ціханава. Яна ўнікальны чалавек, які мае залатыя рукі, здольныя пашыць любы выраб. Акрамя таго, яна з’яўляецца генератарам ідэй.
На “Вянку” мадэлі конкурснай праграмы прадстаўляюць Таццяна Сіўцова і Алёна Мацюшэнка. Калекцыю “Парада прафесій” складаюць трансформеры па прафесіі абслуговай працы, і юныя мадэлі прадстаўляюць спецыяльнае адзенне для чатырох прафесій.
— Усе вырабы створаны з ільняной тканіны, якая афарбавана ў розныя яркія колеры, — расказваюць Таццяна і Алёна. — Спачатку мы выходзім у адзенні прадаўца. Гэты касцюм складаецца з пінжака і штаноў, а на галаву мы надзяваем казырок. Потым казырок знімаем і надзяваем на касцюм накідку цырульніка. Затым знімаем гэтую накідку, пінжак, пад якімі надзеты жылет і фартух афіцыянта. Яшчэ адзін рух: надзець каўпак — і афіцыянт ператвараецца ў кухара.
Выдатна прадстаўлены тэатрам моды ПТК і нацыянальныя традыцыі ў маладзёжнай модзе. Праддзвінскія нацыянальныя матывы навучэнцы і іх педагогі ўдала перанеслі ў свае вырабы. Сучасны стыль адзення спалучаецца з непаўторнымі ўпрыгажэннямі — карункамі, галаўнымі ўборамі, лентамі, што надае вырабам маладзёжны настрой.
Мяркуючы па выдатных выніках, па душэўнай творчай атмасферы, сёлетні “Беларускі вянок” стаў сапраўдным незабыўным святам для ўсіх тых, у каго гараць вочы, каму ўласцівы творчы ўзлёт і натхненне, каму няма часу для суму, хто заўсёды напоўнены ініцыятывай і творчасцю, хто крок за крокам удасканальвае сваё майстэрства і хто здольны ператварыць будучую прафесію ў мастацтва.
Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.