Упэўнены, мэтанакіраваны, адказны. А яшчэ харызматычны, з яўнымі лідарскімі якасцямі. Такі спектр адчуванняў узнік літаральна праз паўгадзіны размовы з Канстанцінам Уладзіміравічам Кавалевічам. Канстанцін Уладзіміравіч — настаўнік фізікі і інфарматыкі сярэдняй школы № 3 Бярозы Брэсцкай вобласці і пераможца абласнога конкурсу маладых педагогаў.
Хоць у педагогіку ён прыйшоў не мэтанакіравана, але працуе настаўнікам ужо пяты год, прычым даволі паспяхова. Інакш, напэўна, не здолеў бы перамагчы ў конкурсе. Мяркую, што за час пакуль яшчэ невялікай педагагічнай дзейнасці Канстанцін Уладзіміравіч пераасэнсаваў сябе, пераўвасобіўся ў настаўніка.
— Шчыра кажучы, у педагогіку не імкнуўся, але, калі настаў час вызначаць свой далейшы прафесійны шлях, выбар быў спынены на настаўніцтве, але не ў чыстым выглядзе, а з магчымасцю займацца навукай. Я стаў студэнтам Брэсцкага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, паступіўшы на спецыяльнасць “Фізік. Выкладчык фізікі і інфарматыкі”. Такая спецыяльнасць давала магчымасць не толькі працаваць у школе, а і выкладаць у сярэдніх спецыяльных навучальных установах, нават на прадпрыемствах.
Але пасля заканчэння ўніверсітэта я вярнуўся ў родныя мясціны. У мяне было мэтавае накіраванне, што давала стапрацэнтную гарантыю працаўладкавання. А для мяне гэта было вельмі важна. На 5 курсе падчас вытворчай практыкі на электралямпавым заводзе Брэста мне прапанавалі там застацца, але на той момант заработная плата педагога значна перавышала заробкі супрацоўніка завода, што таксама дапамагло канчаткова ўпэўніцца ў сваім выбары, — расказаў Канстанцін Уладзіміравіч.
І вось наваспечаны настаўнік пераступіў праз парог сваёй школы, дзе яго сустрэлі прыязна і пачалі дапамагаць асвоіцца. Першы год свайго настаўніцтва Канстанцін Уладзіміравіч успамінае як няпросты час. Работа паглынула яго. Ён старанна рыхтаваўся да кожнага свайго ўрока, займаўся самаадукацыяй, бо ўніверсітэцкая тэорыя, як вядома, часта разыходзіцца са школьнай практыкай. Але малады педагог не засмучаўся, а ўпарта вывучаў нарматыўныя дакументы, правілы выстаўлення адзнак. І, зразумела, самааддана працаваў з вучнямі, якія бываюць вельмі розныя.
На маё пытанне, што дапамагло выстаяць і стаць добрым настаўнікам, Канстанцін Уладзіміравіч адказаў проста: “Прафесіяналізм і цярплівасць калег”.
— Сістэма настаўніцтва старэйшых калег у нашай школе на высокім узроўні. У нас дзейнічае Школа маладога стажора, дзе за кожным настаўнікам-пачаткоўцам замацоўваецца старэйшы калега. Я трапіў да настаўніка інфарматыкі Ігара Рыгоравіча Піліпчука. Ён мне вельмі дапамог і як педагог, і як чалавек (цяпер Ігар Рыгоравіч дырэктар сярэдняй школы вёскі Здзітава Бярозаўскага раёна). Першыя два гады я выкладаў інфарматыку, а потым пачаў весці фізіку, але педагагічныя прыёмы, якім я навучыўся ў Ігара Рыгоравіча, універсальныя. Прынамсі, мне вельмі імпануе строгасць і справядлівасць на ўроку. Добрую адзнаку трэба зарабіць. Хто працуе, той атрымае яе без праблем.
Яшчэ вялікі дзякуй хочацца сказаць Святлане Сяргееўне Нікалаевай, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце, якая таксама прыклала шмат намаганняў, каб з мяне атрымаўся настаўнік. І ўвогуле за час маёй педагагічнай дзейнасці мне ніхто не адмовіў у дапамозе, што таксама паўплывала на маё рашэнне застацца працаваць у школе. Прыемна працаваць у калектыве, дзе пануе ўзаемадапамога і ўзаемапавага, — адзначыў Канстанцін Уладзіміравіч.
Гэта сапраўды так. У маладога настаўніка штодня ўзнікаюць пытанні. І калі на іх не атрымліваеш адказы, то не рухаешся, не развіваешся. Парад Ігара Рыгоравіча наконт працоўнай дысцыпліны ў класе Канстанцін Уладзіміравіч прытрымліваецца па сённяшні дзень. Дзеці розныя. Гэты факт неаспрэчны ва ўсе часы, таму шукаць падыход да кожнага ў класе — задача любога педагога. За час сваёй работы малады настаўнік паспеў папрацаваць ва ўсіх класах старэйшай школы, таму знаёмы з асаблівасцямі кожнага ўзросту. І, безумоўна, за гэты час ён паспеў спазнаць цэлы букет эмоцый — радасць, перажыванні і нават раздражнёнасць. Але на кожны ўрок Канстанцін Уладзіміравіч прыходзіць сабраным і нацэленым на вынік. Нягледзячы на эмоцыі, навучыць трэба кожнага вучня, таму арганізацыя ўрока з’яўляецца асноўным складнікам педагагічнай дзейнасці.
— Першыя арганізацыйныя асновы ўрока былі закладзены яшчэ падчас студэнцкай практыкі. Калі гаварыць пра інфарматыку, то гэты прадмет вельмі мабільны, як па змесце, так і па методыцы выкладан-
ня. Тут увесь час нешта мадэрнізуецца. А вось што тычыцца фізікі, то пры арганізацыі зместавага напаўнення прытрымліваюся той фізікі, якая была некалі. Цяперашні вучэбны матэрыял у падручніках успрымаецца дзецьмі вельмі цяжка. Калі шчыра, то яго ўвогуле чытаць немагчыма. У мяне падручнік выкарыстоўвецца як дапаможнік для хатняга чытання: хто хоча, той чытае.
А на ўроку асноўным відам дзейнасці з’яўляецца гутарка. Ёсць тэма, на якую і вядзецца гаворка. Выкарыстоўваю і пэўныя інтэрнэт-рэсурсы. Накіроўваю сваіх вучняў на самастойны пошук дадатковага матэрыялу, на пошук і рашэнне цікавых задач. Яны рыхтуюць даклады. Стараюся не абмяжоўвацца сістэмай: тэорыя — задачы. Вельмі важна навучыць той фізіцы, якая спатрэбіцца ў побыце, таму мы шукаем адказы на такія, здавалася б, простыя пытанні: “Чаму батарэя пад акном?”, “Чаму чайнік кіпіць?” і г.д.
Мая задача―— навучыць думаць кожнага ў класе. У сувязі з гэтым на ўроку ў асноўным праводзіцца індывідуальная і парная работа. Звяртаюся і да франтальнай, групавой работы, але не вельмі часта. Сённяшнія дзеці прывыклі атрымліваць усё ў гатовым выглядзе. Вось ім нешта паказалі, яны паглядзелі і забыліся. А калі да кожнай думкі яны прыходзяць самастойна, то яна надоўга застанецца ў іх галовах.
Цяпер вучняў паглынаюць розныя гаджэты і сацыяльныя сеткі. Многія педагогі таксама пераходзяць на гэтую хвалю, наладжваючы зносіны з вучнямі праз сацыяльныя сеткі. Але я за жывы кантакт. Усе мае вучні ведаюць, што я заўсёды адкрыты да размовы і гатовы адказаць на любое пытанне на перапынках і пасля ўрокаў. У мяне няма ніякіх груп у інтэрнэце ці ў сацыяльных сетках, бо лічу такую форму ўзаемадзеяння неэфектыўнай. Нават калі дзіця нешта прачытае па фізіцы ў інтэрнэце, то літаральна праз некалькі хвілін яно праключыцца на штосьці іншае і забудзе пра фізіку. Тыя, хто па-сапраднаму цікавіцца фізікай, чытаюць навуковыя артыкулы, вывучаюць навінкі. Ёсць у мяне некалькі такіх школьнікаў. Але такія не ўсе, ды ўсе і не могуць у аднолькавай ступені быць зацікаўленымі фізікай.
Цяперашнія школьнікі развучыліся гаварыць. І гэта ўплыў сацыяльных сетак. Таму пэўную частку ўрока аддаю на развіццё ў дзяцей гэтага навыку. Мне не трэба, каб яны завучвалі азначэнні. Вучу іх расказваць пра фізічныя законы сваімі словамі, бо кожнаму давядзецца працаваць са словам.
Добрым матыватарам для дзяцей з’яўляюцца доследы. Калі нешта падпаліць, пасвяціць, змяшаць, змяніць колер, то, які б складаны клас ні быў, ён мяняецца проста на вачах. У гэтым годзе мы атрымалі новы кабінет фізікі. Канечне, не ўсё ў ім ідэальна, але ўсё новае, больш прыгожае, нагляднае і лічбавае (інтэрактыўная дошка, праектар, тэлевізар, камп’ютар, наборы для лабараторных доследаў), што, безумоўна, значна пашырае нашы дэманстрацыйныя магчымасці. Але і пластыкавая бутэлька з вадой таксама не страчвае сваёй актуальнасці, —― зазначыў педагог.
Час педагагічнай загартоўкі дарма не прайшоў. Канстанцін Уладзіміравіч стаў не проста добрым настаўнікам — цяпер ім ганарацца і калегі, і вучні. Конкурсныя прыступкі даюцца няпроста, але калі з табой каманда, якая верыць у цябе і падтрымлівае, то перамагаць прасцей. Трэба адзначыць, што конкурс вучыць многаму. Самае галоўнае — ён павышае самаацэнку маладых настаўнікаў, пашырае межы педагагічных гарызонтаў, тым самым стымулюючы іх унутраную матывацыю.
У выпадку Канстанціна Уладзіміравіча конкурс яшчэ і прымушае верыць у наканаванасць. Справа ў тым, што па выніках занальнага тура ён не з’яўляўся першым. І на абласны тур яго запрасілі за два тыдні да пачатку па даборы (па колькасці балаў) як аднаго з моцных канкурсантаў. Можна меркаваць, што ніхто нават і думкі не дапускаў, што самым лепшым акажацца малады педагог з бярозаўскай школы № 3. А Канстанцін Уладзіміравіч, атрымаўшы запрашэнне на ўдзел у абласным этапе, вырашыў не проста паўдзельнічаць, а перамагчы. Лёс падарыў яму такі шанс, і ён выкарыстаў яго напоўніцу.
— Я быў настроены на перамогу, але без дапамогі каманды яе не было б. На конкурсе я паказваў урок фізікі, які поўнасцю складаўся з доследаў. Нешта дзеці рабілі самі, нешта мы рабілі разам, а нешта паказваў я. Урок праходзіў у 7 класе па тэме “Сіла Архімеда”. Тэма простая, але за кошт доследаў вельмі відовішчная. Пры падрыхтоўцы да ўрока я прымяняў методыку М.І.Запрудскага, стараўся максімальна выкарыстоўваць усе яго парады, што таксама паўплывала на вынік.
Усе мае конкурсныя ўрокі былі насычаны доследамі, што ў рэшце рэшт і пакарыла журы. Акрамя ўрокаў, было і выступленне на сцэне, напісанне эсэ на тэму “Мама, я — настаўнік.” З усім справіліся, за што яшчэ раз дзякуй усёй камандзе.
Каб быць добрым настаўнікам, трэба ўвесь час самаўдасканальвацца. Чым больш працуеш, тым больш у гэтым пераконваешся. Я ўвогуле прытрымліваюся простай ісціны: чым рабіць дрэнна, лепш увогуле не рабіць. Працаваць трэба сумленна, — адзначыў Канстанцін Уладзіміравіч.
У сям’і маладога педагога ёсць яшчэ адзін настаўнік: яго сястра выкладае матэматыку. Магчыма, з іх пачнецца новая педагагічная дынастыя, у якой шчыра і сумленна ставяцца да сваёй работы.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.