Кірыл марыць быць настаўнікам матэматыкі. Вераніка плануе выкладаць хімію і біялогію. Дзмітрый, Павел і Дзяніс хочуць стаць фізрукамі. Усе маладыя людзі — сёлетнія выпускнікі Трылесінскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна. Ва ўстанове выбудавалі эфектыўную сістэму работы па арыентацыі моладзі на педагагічныя прафесіі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— У гэтым годзе са школы выпусціліся 15 хлопцаў і дзяўчат. З іх пяць вырашылі звязаць жыццё з педагогікай. Прычым у нас амаль заўсёды ёсць выпускнікі, якія выбіраюць настаўніцкі шлях. Гэта вынік выразнай прафарыентацыі, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Тамара Шкрэдава.
Па яе словах, калектыў школы вялікую ўвагу ўдзяляе прафесійнаму самавызначэнню вучняў. Ва ўстанове распрацавалі пэўныя алгарытмы работы ў гэтым кірунку.
— Далучэнне навучэнцаў да свету прафесій пачынаем яшчэ ў пачатковых класах. Формы дзейнасці выкарыстоўваем традыцыйныя: перыядычна праводзім тэматычныя інфармацыйныя мерапрыемствы. З вучнямі сярэдняга і старшага звяна прафарыентацыя набывае больш практычны, інтэрактыўны характар, кожная трэцяя субота месяца — нязменна прафдзень. Асаблівы ўпор робім на папулярызацыю настаўніцкай працы. Пастаянна арганізоўваем творчыя конкурсы, прадастаўляем падлеткам магчымасць паспрабаваць сябе ў выкладанні. Прыкладам для дзяцей стараюцца быць усе настаўнікі, бо мы ўпэўнены: менавіта асоба педагога — галоўны натхняльны фактар для вучняў. Усе разам стараемся паказаць дзецям, што прафесія педагога прэстыжная і запатрабаваная ў грамадстве, — адзначыла Тамара Леанідаўна.
Распрацаваныя ў школе прафарыентацыйныя падыходы дапамагаюць навучэнцам рабіць свядомы прафесійны выбар. Ва ўстанове ўжо чатыры гады функцыянуюць профільныя педагагічныя класы.
— У рамках адпаведнага факультатыўнага курса падрабязна знаёмім вучняў з асновамі настаўніцкай прафесіі. Спачатку вывучаем тэорыю, а потым навучэнцы праходзяць розныя віды педагагічнай практыкі. Яны наведваюць урокі ўжо вопытных настаўнікаў, займаюцца даследаваннямі і пішуць эсэ, праводзяць рэальныя заняткі. Гэта садзейнічае фарміраванню ў падлеткаў першапачатковых прафесійных уменняў, дазваляе ім ацаніць свае педагагічныя здольнасці, пераканацца ў важнасці прафесіі, — паведаміла настаўніца матэматыкі куратар педагагічных класаў Наталля Пачэкіна.
Значным момантам прафарыентацыйнай работы ў Трылесінскай школе з’яўляецца супрацоўніцтва з профільнымі каледжамі і ўніверсітэтамі. Прадукцыйнае ўзаемадзеянне наладжана з МДУ імя А.А.Куля-
шова.
— Вучні наведваюць экскурсіі па факультэтах, удзельнічаюць ва ўсіх універсітэцкіх конкурсах і алімпіядах. Такім чынам падлеткі загадзя вызначаюцца са спецыяльнасцю і паспяхова становяцца студэнтамі, — падкрэсліла Наталля Васільеўна.
Дарэчы, у Трылесінскай школе імкнуцца арыентаваць выпускнікоў на мэтавую падрыхтоўку. Настаўнікі перакананы: рыхтаваць сабе змену трэба з ліку сваіх жа вучняў, бо на малой радзіме маладыя спецыялісты лепш замацоўваюцца.
— Зараз пяцёра педагогаў нашага калектыву з’яўляюцца выпускнікамі школы, — заўважыла Тамара Шкрэдава. — Сёлета мэтавыя дагаворы на навучанне заключылі трое выпускнікоў. Спадзяёмся, што пасля атрымання настаўніцкіх дыпломаў і яны вернуцца працаваць у родную вёску.
Даведка
У 2024 годзе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі Дрыбінскага раёна скончылі 58 навучэнцаў 11-х класаў. З агульнай колькасці выпускнікоў 15 хлопцаў і дзяўчат паступілі на педагагічныя спецыяльнасці. З іх дзевяць заключылі дагаворы на мэтавую падрыхтоўку.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фот аўтара