Пернікавы Новы год

- 11:31Адукацыйная прастора

Калісьці Новы год здаваўся самым цудоўным святам, таму што ў гэты дзень было магчыма чараўніцтва. З цягам часу, калі мы становімся дарослымі, то губляем здольнасць верыць у цуды, але кожны раз вяртаем сабе прыемныя перадсвяточныя адчуванні, гледзячы на дзяцей, для якіх самі становімся крыху чараўнікамі. А калі прыкласці старанні і жаданні ў адным кірунку — атрымліваецца цуд вялікай сілы і магутнасці, ад якога на душы становіцца радасна і звіняць навагоднія званочкі.

З пачаткам снежня ў сярэдняй школе № 62 Гомеля пачынаюць адбывацца чароўныя пераўтварэнні. Па даўняй традыцыі вучні ўпрыгожвалі свой кабінет, стваралі для сябе навагоднюю кампазіцыю. Але ў гэтым годзе мы вырашылі змяніць традыцыю. Сустрэча Новага года — сямейнае свята. Ні для каго не сакрэт, што школа для вучняў і педагогаў — другі дом, таму ў групы настаўнікаў узнікла ідэя стварыць навагоднюю казку для ўсіх.

А натхніла на гэта традыцыя сустракаць Новы год у сям’і Льва Мікалаевіча Талстога. Жонка пісьменніка Соф’я Андрэеўна разам з дзецьмі рабіла ёлачныя ўпрыгажэнні. Акрамя звычайных хлапушак, свечак і гірлянд, на ёлцы развешваліся прыгожа апранутыя лялькі, якія былі зроблены з кардону. Дзеці і дарослыя, кожны па меры сваіх фантазіі і здольнасцей, упрыгожвалі ляльку: рабілі ёй валасы, сукенкі.

Пра гэтую традыцыю настаўнікі расказалі вучням. Дзецям яна вельмі спадабалася. Некаторыя сказалі, што фігуркі з кардону падобныя на пернікі. Так узнік праект пад назвай “Пернікавы Новы год”.

Пачалася праца ў чароўнай майстэрні. Дзякуючы бацькам вучняў 1 “А”, 2 “А”, 3 “А”, 4 “Б” класаў, былі сабраны неабходныя матэрыялы. Настаўнікам і вучням удалося ажывіць упаковачныя скрынкі і ператварыць іх у казачны лес, у якім пернікавы чалавечак чакае прыходу Дзеда Мароза. У нашай рэкрэацыі з’явілася казачная кампазіцыя “Пернікавы Новы год”, якая стала любімым месцам дзяцей, іх бацькоў, а таксама педагогаў і работнікаў школы. Многія куткі пернікавага лесу ператварыліся ў зону для фотасесій.

Наталля РЫБАК,
Марына АСАДЧАЯ,
Алена ГАЙЧУКОВА,
Ганна РАНЦЭВІЧ,
настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 62 Гомеля.