Персанальная выстаўка “Зімовае натхненне”

Выхаванне ў творчасці — адзін з галоўных прыярытэтаў у дзейнасці цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна. Мы часта ладзім персанальныя выстаўкі нашых выхаванцаў, што дае магчымасць таленавітым дзецям прадэманстраваць свае дасягненні аднагодкам, бацькам, педагогам праз сітуацыю поспеху.

Так, у студзені адкрылася персанальная выстаўка“Зімовае натхненне” Лізаветы Дзегцяровай. Лізавеце ўсяго 12 гадоў. З 2013 года яна займаецца ў студыі выяўленчага мастацтва “Арт-калор”, кіраўнік якой — педагог дадатковай адукацыі Святлана АляксандраўнаШыпілава. Лізавета — пераможца абласнога конкурсу“АрхНавацыя”, дыпламант рэспубліканскай выстаўкі-конкурсу дзіцячай творчасці “Калядная зорка”, выстаўкі-конкурсу “Намалюй свае правы”.

Назва выстаўкі выбрана невыпадкова. Экспазіцыя ўключае 24 работы, аб’яднаныя адной тэмай, — зімовыя краявіды. З вялікай любоўю Лізавета малюе зімовую прыроду. Любімы мастацкі матэрыял — акварэль, гуаш. Дзяўчынка па-майстэрску валодае пэндзлем. Пейзажы, створаныя ёю, яркія і эмацыянальна насычаныя. Жывая рэальнасць, яркія фарбы, прамежкавыя тоны, насычаны каларыт, багатая колеравая гама, гульня святлаценю — вось што адрознівае пейзажы аўтара. Кожная работа прымушае захапляцца.

Ірына ХОБЕЦ,
загадчык аддзела дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва.