Перш за ўсё гаварылі пра эканоміку

- 11:18Інфармацыйная гадзіна

Галоўнай тэматыкай перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і федэральнага канцлера Аўстрыі Себасцьяна Курца, які наведаў Беларусь на мінулым тыдні, стала эканамічнае супрацоўніцтва, паведаміў кіраўнік беларускай дзяржавы.

“Мне вельмі імпануе, што, нягледзячы на сваю маладосць, аўстрыйскі канцлер паглыблены ў гандлёва-эканамічныя адносіны Беларусі і Аўстрыі і добра валодае пытаннямі эканомікі. Гэта былі не проста палітычныя абмеркаванні або разважанні мае з канцлерам Аўстрыі, мы перш за ўсё гаварылі пра эканоміку”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Аўстрыя з’яў­ляецца адным з вядучых інвестыцыйных партнёраў Беларусі і адыгрывае важную ролю ў мадэрнізацыі шэрага галін эканомікі краіны, у тым ліку дрэваапрацоўкі, тэлекамунікацый, банкаўскага сектара. Толькі за мінулы год Аўстрыя інвесціравала ў Беларусь каля $300 млн.

“Мы разлічваем на далейшае пашырэнне ўзаемадзеяння з Аўстрыяй па ўсіх акрэсленых і іншых перспектыўных і інавацыйных напрамках”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

“Вельмі спадзяюся на прадаўжэнне нашых кантактаў і паступальнае развіццё беларуска-аўстрыйскіх адносін”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц, каменціруючы праведзеныя перагаворы з кіраўніком беларускай дзяржавы, адзначыў важную ролю Беларусі ў пытанні мірнага ўрэгулявання ў рэгіёне.

“Мы абмеркавалі пытанні палітычнага супрацоўніцтва ў гэтым рэгіёне. Хачу падзякаваць вам за тую ролю, якую вы адыгрываеце ў рэгіёне ва ўстанаўленні міру. Мы, у прыватнасці, абмяркоўвалі ўкраінскі канфлікт. І тыя мінскія пагадненні, якія тут былі дасягнуты, ваша работа па функцыянаванні кантактнай групы ўносяць вялікі ўклад у стабільнасць у рэгіёне”, — падкрэсліў федэральны канцлер.

Себасцьян Курц адзначыў, што Аўстрыя ў доўгатэрміновай перспектыве робіць стаўку на аб’яднальны падыход “і, і”, а не “або, або”. “Мы хацелі б, каб дзяржавы вашага рэгіёна збліжаліся з Еўрапейскім саюзам і пры гэтым не разрывалі свае гістарычна існуючыя цесныя сувязі з Расіяй. Мы мяркуем, што толькі так можна дабіцца пазітыўных змяненняў”, — сказаў ён.

Федэральны канцлер выказаў словы ўдзяч­насці за добрыя эканамічныя адносіны, якія склаліся паміж Беларуссю і Аўстрыяй, адзначыў актыўнае інвестыцыйнае ўзаемадзеянне. Ён таксама падкрэсліў, што паміж краінамі ёсць добрая аснова для супрацоўніцтва — палітычныя, чалавечыя, гістарычныя адносіны.

Тавараабарот Беларусі з Аўстрыяй у 2018 го­дзе склаў $171,4 млн. Асноўныя артыкулы беларускага экспарту — вырабы з некаштоўных металаў, прадукцыя лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці, нафтапрадукты. У структуры паставак у Беларусь пераважаюць інвестыцыйныя тавары (у асноўным машыны і абсталяванне), лякарствы, вакцыны. Экспарт паслуг у Аўст­рыю (78 працэнтаў прыпадае на транспартную сферу) у 2018 годзе склаў $116,1 млн.

Аўстрыя стабільна ўваходзіць у лік найбуйнейшых інвестараў у эканоміку Беларусі. У 2018 годзе прыцягнута $296,7 млн інвестыцый. Вя­дзецца прапрацоўка новых інвестпраектаў з удзелам кампаній “Кронаспан”, “А1 Тэлекам Аўстрыя Груп” і “Ленцынг” на агульную суму звыш $500 млн.