Першае працоўнае месца вызначана

- 9:09Першае працоўнае месца, Суразмоўца, Суразмоўца

Сёлетнюю выпускніцу Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя” Настассю Хобатаву чакаюць у сярэдняй школе № 10 Светлагорска. Эмоцыі станоўчыя, бо яе накіравалі менавіта туды, куды і прасіла, — у родны горад.

— Мне ў каледжы падабалася вучыцца, а на педагагічнай практыцы я змагла адчуць сябе сапраўднай настаўніцай. Я рада, што мяне чакаюць у Светлагорску, дзе пачну сваю педагагічную дзей­насць, — расказвае малады спецыяліст. 

Сустрэчы са сваімі вучнямі з нецярпеннем чакаюць больш за 100 выпускнікоў Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага — яны таксама ўжо ведаюць, у якіх раёнах будуць працаваць. Юнакі і дзяўчаты атрымалі адрасныя кірункі ва ўстановы адукацыі Гомельскай вобласці па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя” і “Музычная адукацыя”.

Дырэктар каледжа Ірына Казімірава гаво­рыць, што папярэдне члены камісіі па размеркаванні вывучылі аспекты жыццёвых акалічнасцей кожнага з выпускнікоў і запатрабаванне ў педагагічных кадрах на месцах:

— На размеркаванні прадстаўнікі раёнаў вобласці абмяркоўвалі з будучымі выкладчыкамі неабходнасць выдзялення жылля і транспартную лагістыку. 14 з 15 выпускнікоў платнай формы навучання звярнуліся да членаў камісіі для атрымання накіравання на работу. Гэта дае магчымасць будучым педагогам атрымаць увесь пералік сацыяльных гарантый — як маладым спецыялістам. 

Пры правядзенні размеркавання загадчык сектара прававой і кад­равай работы Светлагорскага раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі Алена Ціхамірава і галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Рэчыцкага райвыканкама Людміла Лушпа адзначылі, што ў рэгіёнах захоўваецца вялікае запатрабаванне ў кадрах з педагагічных каледжаў.

Праблема замацаваль­насці маладых спецыялістаў таксама важная. У сувязі з гэтым актуальна заключэнне дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы. Паводле яго, выпускнікі адпрацоўваюць вызначаны тэрмін па размеркаванні, атрымліваюць сацыяльныя палёгкі і гарантыі. Мэта — прыцягненне ў сельскую мясцовасць выпускнікоў навучальных устаноў.

На размеркаванні ў педкаледжы Л.С.Выгоцкага маладыя людзі ўбачылі зацікаўленасць у іх як кваліфікаваных спецыялістах. Засталося толькі паспяхова здаць дзяржаўныя экзамены і атрымаць дыплом аб заканчэнні любімай установы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.