Першарадны напрамак супрацоўніцтва ў галіне адукацыі — падрыхтоўка персаналу

Беларусь прапануе Кубе стварыць на яе тэрыторыі цэнтр прафесійнай падрыхтоўкі. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы міністра адукацыі Ігара Карпенкі з міністрам вышэйшай адукацыі Кубы Хасэ Рамонам Сабарыда на палях XIX Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Сочы.

Куба імпартуе беларускую тэхніку, патрэбны спецыялісты, якія будуць яе абслугоўваць. Улічваючы вялікую адлегласць паміж краінамі, накіроўваць з Кубы спецыялістаў на навучанне ў Беларусь немэтазгодна. У сувязі з гэтым Ігар Карпенка прапанаваў кубінскаму калегу стварыць пры падтрымцы Беларусі на тэрыторыі яго краіны цэнтр прафесійнай падрыхтоўкі па спецыяльнасцях, якія цікавяць. “У нас распрацаваны сучасныя вучэбна-метадычныя комплексы. Мы маем добры вопыт падрыхтоўкі майстроў вытворчага навучання і гатовы актыўна з вамі папрацаваць, каб арганізаваць навучанне на Кубе”, — сказаў міністр. Размова можа ісці таксама аб перападрыхтоўцы спецыялістаў.

Хасэ Рамон Сабарыда станоўча паставіўся да гэтай прапановы. На яго думку, у ліку першарадных напрамкаў, якія павінны развіваць Беларусь і Куба ў сферы адукацыі, — падрыхтоўка персаналу.

Кубінскі бок запрасіў Беларусь на міжнародны кангрэс, які збярэ ў Гаване ў пачатку 2018 года міністраў адукацыі і рэктараў ВНУ з усяго свету. Ігар Карпенка падкрэсліў, што гэты візіт павінен быць максімальна насычаным канкрэтнымі мерапрыемствамі. Міністр прапанаваў падпісаць праграму развіцця супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, а таксама заключыць дадатковыя дагаворы паміж рэктарамі беларускіх і кубінскіх ВНУ па пытаннях, якія цікавяць абодва бакі. Пры гэтым у ліку прыярытэтных кіраўнік беларускага ведамства назваў напрамкі, якія адпавядаюць асноўным пазіцыям двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

У час сустрэчы міністры таксама абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў маладзёжнай палітыцы, паміж дзіцяча-юнацкімі грамадскімі аб’яднаннямі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *