“Першая гімназія… першая заўсёды”

- 11:49Якасць адукацыі

Гэтыя словы са школьнага гімна на памяць ведае кожны вучань і настаўнік гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна. Яны сталі залатым правілам, у якога няма і не можа быць выключэнняў. Гэтае лідарства выпрабавана шматгадовай гісторыяй установы. Пацвярджаецца яно і сучаснасцю гімназіі.

Гімназія з сімвалічнай лічбай 1…

Гісторыя гімназіі пачынаецца ў 1990 годзе. Гэта першая гімназія, створаная ў Гродзенскай вобласці. І другая ў рэспубліцы. Многія гімназіі, заснаваныя пазней, адкрываліся “па вобразе і падабенстве” гэтай установы сярэдняй адукацыі.
“Дырэктары і адміністрацыя толькі створаных гімназій прыходзілі да нас, вывучалі тое, як наша гімназія вядзе дакументацыю, як працуе з вучэбнымі планамі, як стварае план работы. Знаёміліся з нашымі традыцыямі”, — расказаў Барыс Аляксандравіч Сяброўскі, дырэктар гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна.
Вучыцца іншым школам у гімназіі было чаму. Ёсць што пераймаць і зараз. Сёння гімназія № 1 з’яўляецца лідарам сярод іншых устаноў сярэдняй адукацыі горада. Так, у 2012 годзе яна была прызнана брэндам сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці. З 2009-га, і ўжо як 6 гадоў запар, гімназія займае 1-е месца ў гарадскім аглядзе-конкурсе дзейнасці ўстаноў адукацыі. У гэтым спаборніцтве, як вядома, ацэньваюцца паспяховасць вучняў у алімпіядах, ЦТ, навукова-практычных канферэнцыях і інш.
“Многія гімназісты даходзяць да чацвёртага (заключнага) этапу алімпіяды. Быў год, калі мы па розных прадметах атрымалі 10 пераможцаў гэтага этапу”, — адзначыў Барыс Аляксандравіч.
Па выніках ЦТ па біялогіі сёлетніх выпускнікоў гімназія стала лепшай у краіне, па хіміі — заняла 2-е месца. Па ўсіх астатніх прадметах гэтая ўстанова адукацыі ўвайшла ў трыццатку лепшых. Пры гэтым тры выпускнікі гімназіі атрымалі найвышэйшыя балы па рускай мове.
Паспяхова гімназісты выступаюць і на навукова-практычных канферэнцыях. Узровень іх работ з кожным годам павышаецца. “Гэта не рэфераты, а насамрэч работы-даследаванні з пэўнымі вынікамі і практычным прымяненнем, — папярэдзіў Б.А.Сяброўскі. — Толькі за мінулы год 5 работ нашых гімназістаў сталі пераможцамі на вобласці. Адна работа па беларускай мове была прызнана лепшай на рэспубліканскай канферэнцыі”, — дадаў Барыс Аляксандравіч.
Бясспрэчна, такім якасным работам спрыяе гімназічная навукова-практычная канферэнцыя “Новыя філаматы”. У гэтым навучальным годзе яна пройдзе 19-ы раз.

…дзе не баяцца эксперыментаў і дзеляцца сваім вопытам

З самага пачатку свайго існавання гімназія была эксперыментальнай і інавацыйнай пляцоўкай, дзе апрабоўваліся перадавыя ідэі педагогікі. Ужо з 1993 года ў гімназіі пачала прымяняцца тэхналогія развіццёвага навучання Эльконіна-Давыдава. У больш блізкія да нас 2005—2007 гады гімназія стала адной з 16 школ Беларусі, дзе, згодна з праектам Міністэрства адукацыі, на старшай ступені ўводзілася мультыпрофільнае навучанне. Безумоўна, гэтаму спрыяў уласны шматгадовы вопыт профільнага навучання, арганізаванага з 8 класа.
Зараз навучанне ў старшых класах гімназіі вядзецца ў мультыпрофільных групах па розных кірунках. Гэта “фізіка — матэматыка”, “хімія — біялогія”, “замежная мова — матэматыка” і “замежная мова —гісторыя/грамадазнаўства”, “матэматыка — замежная мова” і “матэматыка —хімія”.

Гісторыя гімназіі ў асобах: яе дырэктары

“У гімназіі вельмі добрая дырэктарская пераемнасць, напэўна, як нідзе. Магчыма, такога больш і няма, каб настолькі паслядоўна дырэктары працягвалі адно аднаго” (Б.А.Сяброўскі).
Першым дырэктарам гімназіі была Рэгіна Іванаўна Можджэр. Менавіта яна дабівалася ў Міністэрстве адукацыі права на адкрыццё ўстановы новага тыпу. Яна падбірала каманду настаўнікаў, была ініцыятарам стварэння ўласных спецыяльных вучэбных праграм, якія зацвярджаліся ў Міністэрстве адукацыі.
Другім дырэктарам стала Валянціна Сцяпанаўна Макарава. Яна захавала тое, што было напрацавана, і стала рухаць гімназію далей, па інавацыйным шляху. Менавіта пры Валянціне Сцяпанаўне ў гімназіі з’явілася развіццёвае, а пасля і мультыпрофільнае навучанне.
У 2009 годзе на пасаду дырэктара быў прызначаны Барыс Аляксандравіч Сяброўскі. Свае намаганні ён прыклаў на тое, каб захаваць усё, што было напрацавана двума папярэднімі дырэктарамі, уключаючы педагагічны калектыў, традыцыі і інавацыйныя праекты гімназіі.

“Гімназісты выбіралі два прадметы, якія хацелі вывучаць на павышаным узроўні. У залежнасці ад запыту ў наступныя гады гэтыя напрамкі могуць мяняцца”, — адзначыў Барыс Аляксандравіч.
Пачынаючы з 8 класа ў гімназіі працуюць перадпрофільныя групы. Школьнікі выбіраюць тыя факультатывы, якія іх найбольш цікавяць. У гэтым ім дапамагаюць псіхолагі, рэкамендацыі якіх грунтуюцца на выніках прапанаваных вучням тэстаў. Парады даюць і настаўнікі-прадметнікі, якія добра ведаюць схільнасці сваіх вучняў.
На гэтым інавацыйныя праекты, у якіх прымае ўдзел гімназія, не заканчваюцца. Зараз тут ідзе актыўная работа над індывідуальнай вучэбнай дзейнасцю вучняў 1—6 класаў. У студзені 2010 года гімназія стала абласным рэсурсным цэнтрам па гэтым пытанні.
“Мы праводзім вучэбныя семінары раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, на якіх дзелімся сваім вопытам. Напрыклад, на абласным семінары, які адбудзецца 21 кастрычніка на базе нашай гімназіі, дзве нашы настаўніцы рускай мовы і літаратуры будуць даваць адкрыты ўрок і адкрытыя факультатыўныя заняткі”, — расказаў Барыс Аляксандравіч Сяброўскі.
Пазнаёміцца з вопытам настаўнікаў гімназіі можна не толькі падчас семінараў. Штогод у гімназіі выдаецца зборнік матэрыялаў канферэнцыі, дзе публікуюцца работы педагогаў.
“Мы не толькі трансліруем свой вопыт. Настаўнікі гімназіі ўзбагачаюцца і напрацоўкамі сваіх калег. Я як дырэктар гімназіі ніколі не шкадую грошай на карысныя для іх курсы”, — адзначыў Барыс Аляксандравіч.

…дзе здзіўляюць сваёй нестандартнасцю

Гімназія заўсёды клапоціцца аб усебаковым развіцці сваіх вучняў. Таму ў раскладзе ўрокаў гэтай установы ёсць заняткі, якія рэдка знойдзеш у якой іншай. Узгадаць хаця б факультатыў “Шахматны ўсенавуч”, які існуе 25 гадоў. Роўна столькі, колькі і сама гімназія. Адзін раз у тыдзень яго наведваюць вучні 2-х, 3-х і 4-х класаў. Шахматамі займаюцца і старэйшыя школьнікі.
“Шахматы — гэта галава, якая “ставіцца” ў пачатковай школе. Яны цудоўна развіваюць лагічнае мысленне”, — адзначыў Барыс Аляксандравіч Сяброўскі.
Мяркуючы па выніках шахматных спаборніцтваў, галава ў гімназістаў “пастаўлена” добра. Не першы год яны становяцца лепшымі ў гарадской спартакіядзе па шахматах. Калі спаборніцтва стала праводзіцца і на абласным узроўні, лепшымі сталі і тут. У дзясятку лепшых трапілі і на рэспубліцы.
Акрамя гульні ў шахматы, гімназісты вучацца іграць на музычных інструментах. Прычым не толькі на класічных фартэпіяна, гітары і скрыпцы, але і на цымбалах, баяне, акардэоне, саксафоне ці флейце. Каму не даспадобы музычныя інструменты, той можа выбараць заняткі танцамі або маляванне.
Ад іншых школ гімназію адрознівае яшчэ адна асаблівасць. З нядаўняга часу тут, акрамя англійскай, нямецкай і французскай моў, стала вывучацца кітайская.
“Гімназія падпісала дагавор аб супрацоўніцтве з Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам, пры якім працуе Інстытут Канфуцыя. У рамках гэтай дамоўленасці ў гімназію прыехала грамадзянка Кітая, якая выкладае кітайскую мову. Яна зацікаўлена ў тым, каб належна працаваць. Добрая характарыстыка, якую яна можа атрымаць у гімназіі, дасць ёй магчымасць якасна працаўладкавацца ў Кітаі або рускамоўнай краіне”, — адзначыў Барыс Аляксандравіч.

…і сябруюць з іншымі

Дамоўленасці ў гімназіі існуюць не толькі з універсітэтамі краіны. У апошнія гады гімназія падпісала шмат дагавораў аб супрацоўніцтве са школамі Расіі, Літвы і Польшчы. “Сяброўскія стасункі дапамагаюць развівацца як нашай гімназіі, так і нашым калегам з суседніх дзяржаў”, — патлумачыў такі падыход Барыс Аляксандравіч. У 2008 годзе, напрыклад, гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага наладзіла зносіны з сярэдняй школай “Атгіміма” Друскінінкая. Першым сумесным стаў праект “Нас аб’ядноўвае Нёман”. У межах гэтага праекта вучні пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў вывучалі якасць рачной вады ў Гродне і якасць вады ў Друскінінкаі, раслінны свет гэтай важнай для абедзвюх краін ракі. З часам праект “Нас аб’ядноўвае Нёман” перарос у вывучэнне традыцый двух народаў, а затым пушчаў і замкаў нашых краін.З гімназіяй імя Героя Савецкага Саюза Султана Баймагамбетава Кіраўска Ленінградскай вобласці Расіі стасункі былі не такімі “мірнымі”. Гэтыя школы аб’ядноўвала ваенная тэматыка.
“Дзеці сумесна вывучалі зняцце блакады Ленінграда. Гімназістаў з Кіраўска вельмі цікавілі і гісторыі сваіх землякоў, якія вызвалялі Беларусь”, — расказаў Барыс Аляксандравіч.

У чым сакрэт?

У чым сакрэт паспяховасці гімназіі? У Б.А.Сяброўскага на гэты конт ёсць сваё бачанне.
“Імкненне быць першым, быць лідарам ёсць у кожным педагогу гімназіі. Для многіх важна, каб іх вучні абавязкова праявілі сябе, каб яны зрабілі свой унёсак у паспяховасць гімназіі”, — упэўнены Барыс Аляксандравіч.

Там, дзе помняць вялікага этнографа…

У 2005 годзе гімназіі № 1 Гродна было прысвоена імя вядомага этнографа акадэміка Я.Ф.Карскага. Вядомага ў першую чаргу сваёй фундаментальнай працай “Беларусы”, якая прызнана сапраўднай энцыклапедыяй беларусазнаўства.
Трэба сказаць, што вучняў і настаўнікаў гімназіі заўсёды цікавіла асоба земляка, які нарадзіўся ў в.Лаша Гродзенскага павета Гродзенскай губерні (зараз гэта Гродзенскі раён Гродзенскай вобласці). Гімназісты хадзілі ў экспедыцыю па тых месцах, дзе ў свой час жыў і працаваў вялікі акадэмік. Натуральна, што знаходзілі рэчы, якія належалі вучонаму. Гэтыя экспанаты і паклалі пачатак музею Карскага ў гімназіі. Зараз у ім можна ўбачыць пяро і чарніліцу этнографа, яго партфель і друкавальную машынку. З зараджэннем музея і ўзнікла ідэя надаць гімназіі імя акадэміка.
Зараз гімназістаў шмат што звязвае з імем Я.Ф.Карскага. Гэта і тыдзень Карскага з рознымі святочнымі мерапрыемствамі выключна на беларускай мове (сярод іх пастаноўка гімназічнага тэатра “Антэй”, прысвечаная жыццю Я.Ф.Карскага), і пасвячэнне на Тыдні Карскага пяцікласнікаў у гімназісты. Школьнікі, якія летам паспяхова здалі экзамены, даюць клятву аддана вучыцца і спасцігаць вяршыні навукі.
Добрай традыцыяй стала і ўручэнне стыпендый імя Я.Ф.Карскага медалістам і пераможцам трэцяга і чацвёртага этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

“Мяне як дырэктара радуе, што ў нас няма цякучкі кадраў. Большасць настаўнікаў гімназіі працуюць з часоў яе заснавання. Тым не менш рады тут і моладзі. Калі адзін настаўнік ідзе на пенсію, на яго месца абавязкова прыходзіць малады настаўнік, які ўжо прырос да гімназіі, які будзе працягваць справу свайго папярэдніка”, — дадаў Барыс Аляксандравіч.
“Працаваць з нашымі вучнямі вельмі цікава, бо ты можаш атрымаць вынік. Я помню свае першыя заняткі ў гімназіі ў якасці настаўніка фізікі. Дагэтуль я працаваў у сярэдняй школе горада. Тое, што ў звычайнай школе было разлічана на ўвесь урок, гімназісты ў профільным класе рашылі за 15 хвілін”, — расказаў Барыс Аляксандравіч.

Святлана ШЫЯН.
Фота прадастаўлена гімназіяй № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна.