Першая прыступка да алімпійскіх медалёў

У Нацыянальным аэрапорце “Мінск” урачыста сустрэлі юных спартсменаў, якія прадстаўлялі Беларусь на І Сусветнай зімняй гімназіядзе. Горача віталі юнакоў і дзяўчат сябры, балельшчыкі, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі. Дадому ўдзельнікі гімназіяды вярталіся з медалямі: на спаборніцтвах яны заваявалі тры “серабры” і “бронзу”. Начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Валянцінавіч Тамільчык шчыра падзякаваў спартсменам за тое, што яны годна прадставілі нашу краіну на гімназіядзе і падарылі сваім землякам моманты радасці.

“Школьныя алімпійскія гульні” — так неафіцыйна называюць Сусветную гімназіяду. Яна праводзіцца пад эгідай Міжнароднай федэрацыі школьнага спорту (ISF). Дагэтуль спаборніцтвы праводзіліся толькі па летніх відах спорту, сёлета ўпершыню прайшла гімназіяда зімняя. Спартыўнае мерапрыемства гасцінна прымаў французскі Грэнобль. Дарэчы, 50 гадоў назад тут праходзілі Х зімнія Алімпійскія гульні, што таксама падкрэслівае сувязь і пераемнасць паміж гімназіядай і Алімпіядай.

Каля 600 удзельнікаў з 20 краін свету спаборнічалі ў васьмі відах спорту: гарналыжны спорт, лыжныя гонкі, скачкі на лыжах з трампліна, біятлон, хакей, фрыстайл, снаўборд, кёрлінг. Адзінаццаць беларускіх спартсменаў змагаліся за медалі ў гарналыжным спорце, кёрлінгу і біятлоне.

Першы дзень спаборніцтваў прынёс першыя медалі беларускай камандзе. На старт выйшлі біятланісты — удзельнікі спрынтарскай гонкі. Юнакі змагаліся на дыстанцыі 7,5 кіламетра, дзяўчаты — 6 км. Навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Павел Бялько паказаў другі вынік і заваяваў сярэбраны медаль. Другой да фінішу прыйшла і Дар’я Кудаева. Яе “серабру” радуюцца ў Наваполацкім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву, дзе вучыцца дзяўчына.

У другі дзень спаборніцтваў беларускія біятланісты прадоўжылі штурмаваць снежныя трасы і зноў дасягнулі поспеху. У эстафетнай гонцы нашы спартсмены былі другімі. “Серабро” заваявала каманда, у склад якой увайшлі сярэбраныя прызёры ў асабістым заліку Дар’я Кудаева і Павел Бялько, а таксама Антон Шыдлоўскі, навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, і Карына Ануфрыенка, прадстаўніца Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву.

— Мы паабяцалі прыехаць з медалямі, і гэта накладвала на нас вялікую адказнасць, — расказвае Дар’я Кудаева. — У першы дзень удалося добра справіцца са стральбой, і ход быў добры. У выніку — “серабро”. Першы медаль дазволіў крыху супакоіцца, хаця напружанне перад эстафетай было значнае: я бегла першай, хацелася не падвесці каманду, задаць добры тэмп. Рада, што ўдалося і гэта.

Лёгкім шлях да медалёў не бывае, але біятланісты справіліся з хваляваннем і паказалі годныя вынікі.

— Удзельнікі былі добра падрыхтаваны. Гэта група лідараў, яны нядрэнна спаборнічалі ў мінулым сезоне, праявілі сябе і ў гэтым, — расказвае трэнер каманды біятланістаў Ігар Багуслававіч Літвінскі. — Спрынтарская гонка была даволі складанай з-за туману і ветру, але Павел і Дар’я справіліся з перашкодамі. Малайцы! У лік прызёраў здольны быў трапіць і Антон Шыдлоўскі. Яго крыху падвяла стральба, але ход у хлопца вельмі добры, што ён пацвердзіў потым у эстафеце. У эстафеце адразу завязалася барацьба з французамі. У іх вельмі моцная каманда, да апошняга спаборнічалі з імі на роўных. Атрымалася годнае выступленне. Сезон не завершаны. Упэўнены, удзельнікі гімназіяды яшчэ парадуюць нас сваімі вынікамі.

Тым часам беларуская каманда па кёрлінгу святкавала заваяванне бронзавага медаля гімназіяды. На трэцюю прыступку п’едэстала гонару ўзняліся Макар Баркан, навучэнец Ліцэя БДУ, і Святлана Плешак, якая вучыцца ў гімназіі № 32 Мінска.

— Мы зрабілі стаўку менавіта на гэтых навучэнцаў, і яны апраўдалі нашы надзеі, — дае ацэнку выступленню беларускай каманды дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў кіраўнік дэлегацыі Віталь Мікалаевіч Стрыгельскі. — Гэта першая прыступка да алімпійскіх медалёў, заваявання якіх мы шчыра жадаем удзельнікам гімназіяды. Перакананы, што яны на гэта здольныя.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *