Першая работа, першыя прафесійныя пробы

Чым займаюцца мінскія школьнікі ўлетку? Сёлета Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінска сумесна з упраўленнем занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама арганізаваў другасную працоўную занятасць падлеткаў 14—16 гадоў. Навучэнцы школ Кастрычніцкага і іншых раёнаў Мінска вырабляюць сувеніры з саломкі і тканіны, апрацоўваюць зялёныя ўчасткі, а таксама набіраюць і афармляюць тэксты на камп’ютары.

“Зараз, з 2 па 19 ліпеня, працуе другая змена, першая скончылася ў чэрвені, — расказала намеснік дырэктара цэнтра па вучэбна-метадычнай рабоце Алена Грыцэнка. — Дзеці, якія займаюцца вырабам сувеніраў з саломкі, як правіла, з’яўляюцца навучэнцамі нашага цэнтра і наведваюць аб’яднанні па інтарэсах, што працуюць на працягу вучэбнага года”. Алена Грыцэнка падкрэсліла: дзякуючы такім заняткам, у выніку атрымліваюцца вырабы, якія можна выкарыстоўваць у якасці падарункаў, а самае галоўнае, што падлеткі ўжо маюць здольнасці для пэўных прафесій.

“Летняя другасная занятасць — гэта прафесійныя пробы для нашых навучэнцаў, — адзначыла загадчык аддзялення дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва Ала Захарэвіч. — На працягу года ў аб’яднаннях па інтарэсах дзеці малююць, вырабляюць сувеніры са скуры, бісеру, а зараз летам усе навучыліся працаваць над саламянымі вырабамі”. У выніку атрымліваюцца дэкаратыўныя пано, тэкстыльныя лялькі з саламянымі элементамі, падарункавая ўпакоўка, саламяныя караблікі. “Яны ідуць у сувенірны фонд: потым падчас свят робяцца падарункі дзецям, ветэранам”, — паведаміла Ала Захарэвіч. Навучэнцы цэнтра вырабілі ўжо больш за 300 сувеніраў.

Работа падлеткаў арганізавана па-даросламу. Кожны перад уладкаваннем праходзіць медкамісію, рыхтуе пакет дакументаў, пасля атрымлівае працоўную кніжку. Працуюць дзеці з панядзелка да пятніцы, час работы — 4 гадзіны 36 мінут для навучэнцаў 14—15 гадоў і 6 гадзін для навучэнцаў 16 гадоў. “Галоўнае ў нас — гэта працоўная дысцыпліна, — заўважыла Ала Захарэвіч. — Дзеці прыхо­дзяць за 15 мінут да пачатку працоўнага дня, абед — роўна 24 мінуты. Канечне, спачатку падлеткам складана ўключыцца ў працоўны рытм, але паступова яны прывыкаюць”.

Другая брыгада — азеляніцеляў і падсобных рабочых — займаецца добраўпарадкаваннем тэрыторыі: дзеці паліваюць кветкі, падстрыгаюць кусты, прыбіраюць.

Ёсць у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” і пасада аператара ЭВМ. Яе займае 17-гадовая навучэнка Юрыдычнага каледжа БДУ Паліна, якая адказвае ў асноўным за набор і афармленне тэкстаў, дакументаў у тэкставым рэдактары Microsoft Word.

Падлеткі сур’ёзна і старанна працуюць у цэнтры, за што атрымліваюць сапраўдную зарплату, якая прыходзіць ім на электронную картку. На пытанне “Чаму вы выбралі работу замест летняга адпачынку?” дзеці адказваюць, што ім хочацца новых знаёмстваў, зносін з равеснікамі, цікавай занятасці, а таксама называюць сярод прычын жаданне зарабіць свае першыя грошы.

Ягор ГЕРМЯНЧУК,
студэнт факультэта журналістыкі БДУ.
Фота аўтара і з архіва цэнтра.